Выбрать главу

Роспачлівы крык заганяе мяне пад коўдру. На душы так брыдка, што, здаецца, лепей бы праваліцца скрозь зямлю.

— А ну яе,— збянтэжана кажа ляснічы.— Парві, Аўсейчык, пратакол… Глядзі, Дар’я. Толькі таму, што з Косцем тваім разам ваявалі. А то ўляпілі б штрафу. I не сячы больш самавольна. Трэба табе, прыйдзі — выпішу лесу.

— Ото ж, дзякую. Век тваю дабрату це забуду. Ды куды ж ты?.. Не-не, так я вас не выпушчу. I не думайце, бо пакрыўдзіце. Гэта ж, во, гады ў рады ў хаце бываеш. Каб Косця быў жывы, хіба не пасядзеў бы. А мяне, во, паслухаць не хочаш.

— Ну, што з табой зробіш…— весялее ляснічы.— Толькі ты не падумай, што за чарку мы пратакол парвалі.

— Што ты, Лявонавіч,— маці выбягае ў сенцы.

Аб’ездчык незадаволена бурчыць:

— Бачыш, Лявонавіч, як атрымліваецца. Я гэтую Дашку ні за што не выаусціў бы. Самая што ні ёсць урвіцелька.

— Ладна табе, Мікола. Баба… Што з яе возьмеш…

Маці весела бразгае патэльнямі і гаворыць бясконца. Быццам нічога не здарылася. Быццам не было страху, сораму, слёз.

— Сядайце, госцейкі дарагія. Сюды, Лявонавіч, тут зручней.

У сенцах чуецца тупат. Дзверы адчыняюцца, і я чую голас Сцяпана Мэкухі.

— Добрай раніцы ў хату.

Сцяпан, кажуць, за тры вярсты чуе, дзе гарэлкай пахне. I я не вельмі здзіўляюся. Бо не было яшчэ ў Зарэччы такога выпадку, каб Макуха прапусціў дзе-небудзь выпіўку.

А маці, па-мойму, злуецца. Трэба ж будзе яшчэ аднаго паўлітра ставіць. I сапраўды яна заходзіць у пакой, штурхае мяне пад бок.

— Уставай. Да Хведарыхі збегай. Гэтая прорва прывалаклася. Ото ж скажы, як носам чуе,— маці зноў ідзе да гасцей, і я чую ўжо зусім палагаднелы яе голас: — Куды ж ты, Сцяпанька, пасядзі з намі. Можа яшчэ і не снедаў.

— А яно, слухай сюды, і праўда нічога ў роде не было,— весела адгукаецца Сцяпан Макуха.

Я наперад ведаю, што будзе казаць памочнік брыгадзіра. Пахваліць маці за ўменне гаспадарыць, потым скажа, што трэба на сенажаць выйсці і, нарэшце, дазволіць не ісці. А маці ў вочы будзе хваліць памочніка брыгадзіра, а пасля зганьбіць апошнімі словамі.

Чаго яны прыкідваюцца? Я ніяк не магу ўцяміць. Каб я быў дарослы, дык рэзаў бы праўду ў вочы. I раптам мне прыходзіць на дзіва простая думка. А што, калі і я прыкідваюся: хіба нас не вучылі ў школе быць сумленнымі і праўдзівымі? «Тады ідзі і скажы ім, чаго варты Сцяпан Макуха. Ага, баішся, няёмка. Ну дык і не разважай…»

Я бяру грошы і іду да Хведарыхі. Тая паліць у печы і сварыцца на дзяўчат, якія нешта не так зрабілі. Убачыўшы мяне, Хведарыха пачынае ўсміхацца і ўжо не крычыць, а неяк залішне ласкава просіць дачок:

— Хрузачка, збегай па ваду, дачушка. А ты, Клаўдзюша, бульбу патаўчы. А пасля снедаць будзем: блінцоў вам напякла ў масле і кохвію зварыла.

Хведарыха хлусіць. Такой скупой жанчыны няма на сто вёрст у ваколіцы. Кажуць, што ў яе на кніжцы ляжыць дзесяць тысяч, а дачок яна корміць бульбай у мундзірах.

— Ляснік злавіў? — пытаецца яна ў мяне.

— Злавіў,— адгукваюся я.

— Каб іх нячысцік лавіў!.. Для таго і ловяць, каб гарэлку жлукціць. Хавай жа гарэлку ў кішэні, а то яшчэ да мяне заявяцца.

Маці сустракае мяне ў кухні, выхоплівае бутэлькі і бяжыць у залу. Па ўсім відаць, што маці таксама выпіла. Яна расчырванелася. Вочы блішчаць, як у маладой.

— Во і яшчэ саматужыцы,— кажа яна.— Дзякую табе, Лявонавіч, што не забыўся на дружбу з Косцем маім.

У матчыным голасе я лаўлю штосьці незнаёмае, шчырае, праўдзівае.

— Забыўся ты, Лявонавіч, на нас. А помніш, як, бывала, прыходзіў. Пасядзіш, бывала, пагаворыш, і аж святлей жыць робіцца.

— Ты, слухай сюды,— лезе ў размову Макуха,— прамахнулася сама і цяпер не наракай. Хоць, слухай сюды, і цяпер не позна. Удавец. Пенсія, слухай сюды, мінісцерская.

— Ото ж завёў,— маці заходзіцца ад смеху.

— Дык што ён і праўда назусім у калгас прыехаў? — пытаецца ляснік.

— Па-мойму, слухай сюды, тут нейкія хітрыкі. Ну, скажы мне, чаго чалавеку, які столькі пенсіі палучае, з гораду ехаць?

— Ты, Макуха, людзей на свой аршын мераеш, вось таму і дрэнна пра іх думаеш. А я Загурскага як свае пяць пальцаў ведаў. Чыстага сумлення чалавек. Думаю, такім і застаўся. I не дзеля выгады сюды прыехаў. А жыць вам памагаць. Вось ты, Макуха, бегаеш па хатах. А чаму? Бо да гарэлкі ласы. Як у калгасе справы ідуць, цябе зусім не цікавіць. Больш бы такіх Ззгурскіх сюды ехала, дык і ты, можа, чалавекам стаў бы. А то кантролю над табой няма.

Я ніколі не думаў, што пахмуры, нелюдзімы Аўсейчык можа так проста і ясна выказаць Сцяпану тыя думкі, што былі і ў мяне пра яго. Дзіўна, але чамусьці благое само лезе ў вочы. Яно ляжыць на паверхні. Затое добрае як бы схавана ў чалавеку. Трэба прыгледзецца, каб яго заўважыць. Я даўно ведаю Аўсейчыка і ніколі не думаў, што ён вось так адкрыта можа выказаць свае думкі Макуху. Мабыць, і ў нас у вёсцы шмат такіх людзей, справядлівых, сумленных. Толькі я вельмі мала іх ведаю.