— Вы хіба вершы пішаце? Я таксама пісаў. А потым убачыў, што паэта з мяне не выйдзе…
Тым часам Халімон падганяе каня да валкоў, закладае валакушу — доўгае бервянцо, становіцца на яго, і бервянцо валачэ капу сена да нас.
— Ну, чаго вы стаіцё? — гукае дзядзька Даніла.— Мацуйце жэрдку.
Кірыла разам з вотчымам ставяць жэрдку ў ямку, абціскаюць зямлёй. I вось ужо жэрдка стаіць па поплаве, як свечка. Я падсцілаю на зямлю фашынне-хвораст, каб сена не прэла знізу. Даніла хапае на вілы бярэма сена і выкладвае роўны круг.
— Вось так і жывём, Максімавіч,— звяртаецца Даніла да Загурскага.— Ты, ды я, ды мы з табой. Усю брыгаду на сваім карку возім. Адзін памочнік, другі — у краме сядзіць. На ім бы зямлю араць, а ён бабам паркаль мерае, пернічкі важыць. Трэці звяном кіруе. У звяне пяць жанок. Дык ён у іх за старэйшага. Чацвёрты — учотчыкам. Мы з табою стог складзём, а ён прыйдзе пад вечар, запіша на паперку, што стог і праўда складзены.
Платон Загурскі арудуе віламі хвацка. Чапляе на іх паўкапы сена і кідае з размаху аж да самай жэрдкі. Стог вырастае ўвачавідкі. Мы з Кірылам прытоптваем сена, раўняем краі. Я прыслухоўваюся да размовы Данілы і Загурскага. Платон больш маўчыць. Мне нават здаецца, што калгасныя справы яго мала турбуюць. А чаму яны яго павінны турбавань? Пенсія ў Загурскага добрая. Работа для яго — забава. Затое Даніла гаворыць з горыччу:
— Помніш жа, Максімавіч, як да вайны было? Любата, як працавалі! Мужчыны, жанкі, дзеці, старыя — усе на работу беглі. Затое жылі як? I сабе хапала, і дзяржаве. А цяпер? Быццам апошнія дні дажываем. Няма парадку і ўсё. I калі ён будзе?..
— Будзе, дзядзька Даніла,— адгукаецца Загурскі.
— Надакучыла чакаць. Чэснаму чалавеку ніякага разгарнення няма. Затое гультаям выгода.
На поплаў прыходзяць яшчэ чацвёра мужчын, дзяўчаты, а з імі Стась. У гэтыя дні Стась неяк вельмі ўжо туліцца да дзяўчат.
— Эй ты, лайдак,— заву я Стася,— хадзі да нас. Хопіць табе за Верчыну спадніцу трымацца.
Стась грозіць мне кулаком, а сам смяецца. Сёння мне асабліва хочацца быць са Стасем, бо я чамусьці саромеюся Кірылы.
— Што ж гэта, мужчыны, за работа такая? — дакорліва кажа Даніла.— Ці ж то панскае сена? Не складзем у стагі, пагніе ўсё. Як жа глядзець пасля будзе?
Мужчыны адчуваюць сябе ніякавата. Яны пераступаюць з нагі на нагу, пакашліваюць, але ні слова ў сваю абарону.
Дзядзька Даніла талкова распараджаецца людзьмі. Ён усё ведае: і каму лепей быць на стагу, і каму падаваць сена з зямлі, і каму з воза. Людзі слухаюць яго ўважліва. Так, як кладзе стагі дзядзька Даніла, ніхто не ўмее.
Наш стог вырас ужо ў рост чалавека. Другі яшчэ не пачыналі. Даніла па-маладому падміргвае мужчынам.
— Што ж, мужчынкі, давядзецца нас даганяць.
— Дзе ўжо нам? Цяпер не дагнаць.
— Ну што ж, давайце мяняцца. Як ты глядзіш, Максімавіч, калі мы новы пачнем, а яны наш будуць канчаць?
Платон Загурскі смяецца, выскаляючы белыя зубы.
— Я, вядома, вытрымаю. А вось хлопцы як?
Мы запэўняем, што вытрымаем. Спрэчка падбадзёрвае нас. Добра было б абагнаць тых, хто спазніўся. Але мужчыны не дужа ахвотна згаджаюцца на такую мену. I я разумею чаму: тады перакураў ужо не будзе.
I вось пачынаецца работа. Дзяўчаты і маладзейшыя хлопцы-падлеткі падвозяць вазы з далёкіх участкаў поплаву. Халімон Лепятуха падцягвае сена валакушай. А мы ўскідваем сена на стог. Цяпер на стагу Даніла. I мы здзіўляемся, як ён спраўляецца ладкаваць сена, якое на козлы падае Загурскі з Кірылам, а адтуль мы са Стасем.
Душна, трохі пыльна, але працуецца весела. Мы даўно ўжо абагналі мужчын. Цяпер і яны ніяк не хочуць адстаць. Пачынаецца гонка.
Прыходзіць яшчэ колькі мужчын. Справа пачынае ісці спарней. I неяк весела. Стомы чамусьці не адчуваецца. Мабыць таму, што працуеш не адзін. Нездарма ж некалі людзі на ўсякую цяжкую работу збіралі талаку.
Цяпер я залез на самы верх стога, да дзядзькі Данілы. Я падхопліваю пададзенае мне сена і перакідваю яго далей. Даніла прытоптвае яго. Стог выцягваецца ўверх, усё больш закругляецца.
Зверху відаць прастора поплаву, палавелая збажына і нашы вёскі. Ля Стасева сельбішча стаіць напалову ўсохшы ясакар з бусліным гняздом-кучомкай. Мне добра відаць галовы буслянят з доўгімі дзюбамі. Самі буслы дыбаюць па беразе Расянкі і звонка кляцаюць дзюбамь Потым адзін з іх падымаецца, ляціць на ясакар, трымаючы ў дзюбе жабу.
На русакоўскай дарозе паяўляецца брычка. Я адразу пазнаю яе. Едзе старшыня калгаса Чукрай. За вочы яго празвалі «Абсурд». Але пры людзях да яго звяртаюцца ветліва, хоць усмешка і тады не знікае з людскіх твараў.