Сёння Чукрай едзе адзін, без Цопы. Гэта крыху здзіўляе. Бо старшыня ніколі не прыязджае ў вёску без брыгадзіра ці яго памочніка.
Крыху здзіўляе і тое, што на гэтым месяцы ён прыязджае ў нашу брыгаду другі раз. Усе спадзяваліся, што старшыня не пакажа да нас носу яшчэ месяцы два.
Брычка зварочвае на поплаў, кіруе проста да стагоў. Старшыня выкульваецца з брычкі і нерашуча спыняецца. Людзі як бы не заўважаюць яго. Яны заняты сваёй справай. Ім цяпер не да старшыні. Праца захапіла іх, узяла ў палон. Чукрай збянтэжана топчацца ля суседняга стога, і нечакана ягоны твар расплываенца ўсмешкай. Каго ўбачыў Чукрай? Ён распасцёр рукі і пайшоў да нашага стога. Я гляджу ўніз і бачу, што Загурскі кінуў працаваць і таксама развёў рукі.
Яны сустракаюцца ля стагоў, абнімаюцца і доўга ляпаюць адзін аднаго па плячы, смяюцца і маўчаць.
— А я да цябе ехаў, ды вось на поплаў завярнуў. Не спадзяваўся тут убачыць. Думаў, ты ў цяньку дзе ляжыш,— узрадавана гаворыць Чукрай.
— Не тваёй, браце, натуры,— жартуе Загурскі.— Ну і раз’еўся ты, Амяльян.
— Дзе там, пахудзеў…— махае рукой старшыня.
Абодва рагочуць. Калгаснікі спынілі работу, з цікавасцю паглядаюць на Загурскага і Чукрая.
— Ты вось што, Амяльян, бяры вілы ў рукі, ды на стог. А то вунь Даніла з Янкам удвух запарыліся. Прытупнеш нагой — стог, як пад прасам, асядзе.
— Ай-яй-яй!..— ківае галавой Чукрай.— А кіраваць жа хто будзе? Абсурд.
Але ён бярэ вілы, лезе на козлы, упоперак якіх ляжаць дошкі, адтуль, узяўшыся за вілачнік, адзін канец якога трымае Даніла, караскаецца на стог.
Узабраўшыся на верх, Чукрай нейкі час глядзіць на поплаў. Там, у далечыні, ля Расянкі, завіхаюцца ля стагоў русакоўцы. Яны выйшлі пазней за нас і зрабілі не так многа, але, як відаць, і яны стараюцца не адстаць.
— А я думаў, што Цопа з Макухай ні на што не здатныя,— як бы разважае Чукрай.— Аж яны вунь як разгарнуліся… Глядзі, сёння і стагаваць кончым.
Даніла чмыхае носам. Атрымліваецца гэта ў яго так выразна і шматзначна, што Чукрай здзіўлена глядзіць, не разумеючы, відаць, чым ён незадаволены.
— Вашага Цопу мятлой гнаць трэба. Каб не Загурскі, дык тут можа і пяці чалавек не было б.
Старшыня больш не ўсчынае гаворкі. Ён моўчкі пачынае падаваць сена. Працаваць ён умее. Хоць даводзіцца яму не лёгка. А знізу ўсё падаюць і падаюць новыя ахапкі. Толькі паспявай прымаць іх. Стог расце, закругляецца. Нам усё цясней на яго круглавіне.
Абедаць так ніхто і не пайшоў, хоць усіх дацінае голад. Але ў працы неяк забываеш пра яго. Толькі даводзіцца ўсё часцей падшморгваць штаны. Яны не хочуць трымацца на апусцелым жываце.
Сонца паволі коціцца на небакрай. Ад стога праз увесь поплаў кладзецца шэры цень. 3 рэчкі патыхае вільгаццю. Як толькі за ляском схаваецца сонца, з прырэчных кустоў на голы поплаў выпаўзе туман.
Мы стараемся хутчэй кончыць стагі. Колькі той работы, каб усе вось так кожны дзень выходзілі б…
— Шабаш,— кажа Даніла, укладаючы апошнюю ахапку сена.— Каціся ўніз.
Мяне падхопліваюць пад рукі, потым ловяць старшыню. Даніла прытоптвае ля калка сена, надзявае на калок шапку з жытняга снапа і таксама з’язджае ўніз.
Чукрай знімае сарочку, вытрасае пацяруху.
— Ото ж, напрацаваўся ў смак!..
— Часцей трэба,— усміхаецца Загурскі.— Даўно я цябе не бачыў. Гадоў пятнаццаць. Як ты да нас трапіў, ніяк не магу зразумець?..
Чукрай хмурнее. Невыразныя шэрыя цені кладуцца на яго твар. Не разбярэш ад чаго.
— Вось так і трапіў… Выклікалі, загадалі збірацца на добраахвотных пачатках.
Калгаснікі акружаюць старшыню. У кожнага ёсць нешта сказаць. У самы разгар размовы паяўляецца Сцяпан Макуха. Ён вясёлы, як ніколі. Мабыць, недзе добра выпіў. Заўважыўшы старшыню, Макуха гуллівым чорцікам падлятае да Чукрая.
— Добры вечар, Мяльян Мяльянавіч. Ну, як мы сёння папрацавалі? Гэта ж, во, слухай сюды, сам толькі нядаўна адлучыўся.
Мужчыны рагочуць. Макуха разумее, што схлусіў няўдала, але яму цяжка паверыць, што старшыня даўно працуе з намі. Такога яшчэ ніколі не было. Таму Макуха збянтэжана азіраецца.
— Ідзіце праспіцеся, таварыш Макуха.
Чукрай гаворыць спакойна, нават лагодна. I гэта збівае Макуху з тропу. Ён не ведае, што яму рабіць цяпер. Спачатку ён кідаецца да стога. Выхапіўшы ў кагосьці граблі, пачынае абграбаць вакол стога пацяруху. Пасля бяжыць да дзяўчат, пачынае крычаць і размахваць рукамі.
— Чуе мышка, што не мінуе кошчыных лап…— весела гаворыць Даніла і, ускінуўшы на плячо вілы-трызубцы, дадае:— Пайшлі, мужчыны.
На марах пад’язджаюць дзяўчаты. Смех, гоман. Стась непрыкметна прысуседжваецца да Веры. За ім узлазіць на другі воз Кірыла. Я бачу, як ён прысаджваецца да Шуры. Мне робіцца ніякавата. Я чакаю, што Шура пакліча мяне. Тады і я паеду. Але Шура мяне быццам і не заўважае. Яна смяецца. Мабыць, Кірыла расказаў нешта смешнае.