Выбрать главу

Мы ідзём дамоў утраіх. Загурскі, Чукрай і я. Чамусьці мне вельмі хочацца пачуць, пра што будуць гаварыць Загурскі і старшыня.

Я ўжо неяк раней заўважыў, што пра чалавека нельга меркаваць з адной сустрэчы. Вось і Чукрай мінулы раз мне вельмі не спадабаўся. А сёння я слухаю яго і дзіўлюся, нібы давялося ўбачыць другога чалавека.

Наогул людзей распазнаваць нялёгка. У нутро ім не заглянеш. А сам чалавек чамусьці любіць выстаўляць на паказ тое, чаго ў яго натуры няма. Лагодны хоча выдаваць сярдзітым, подлы — прыветлівым і шчырым, бязвольны — настойлівым.

Я ўважліва прыслухоўваўся да размовы двух незразумелых для мяне людзей.

— Які з цябе старшыня, Амяльян? — не то насмешліва, не то спачувальна кажа Загурскі.

Мне здаецца, што Чукрай зараз пакрыўдзіцца. Але, на мае здзіўленне, ён адказвае зусім не так, як я думаў.

— А то я сам не знаю… Абсурд.

— Табе, брат, у канторы дзе-небудзь сядзець. Характар у цябе слабы. А тут цвёрдую руку мець трэба.

— Думаеш, не казаў? Ды і самі яны ўсё ведалі, а вось бачыш… Можа таму і паехаў, што характар слабы. Выклікалі мяне. Так і так, кажуць, кадры на сяле патрэбны. Я думаў, эканамісты. Згадзіўся, што патрэбны. А яны мяне адразу старшынёй. Заікнуўся быў, што не спраўлюся. Дык дзе там!..

— А толк які?

— Ніякага,— выгукнуў Чукрай.— Адно званне, што старшыня.

— Так жа ты зусім калгас заваліш.

— У мяне перад сабой апраўданне ёсць. Усіх адсюль выпіралі за хабарніцтва, зладзейства. А мяне, як сумленнага, выставяць за тое, што не справіўся. Хоць калгаснікі не будуць гаварыць, што прыехаў да іх на брычцы, а назад на ўласнай машыне паехаў.

— Н-да-а… Нічога сабе апраўданне. Эх, Амяльян, Амяльян! Не перамяніўся ты ні на каліва. Лічбамі ты добра камандуеш. А людзьмі, браце, не твой занятак… Пайшоў бы ты лепей у райком, ды прызнаўся: не спраўлюся, таварышы, завалю калгас.

Чукрай нейкі час ішоў моўчкі. Сонца ўжо зусім хілілася за лес, і цень зрабіўся шэры, невыразны. Такім невыразным здаваўся мне і сам Чукрай. Мабыць, і ён прыкідваецца. Не хоча раскрываць перад былым сваім аддапалчанінам душу. Яму падабаецца хадзіць у начальстве, ездзіць на брычцы, пакуль не пракоцяць яго ў апошні раз на вараных. Тады ён будзе шукаць новую пасаду, больш спакойную. Але адказ Чукрая ўразіў мяне сваёй прастатой, раскрыў перада мной невядомы дасюль куток чужога жыцця, з яго складанымі перапляценнямі.

— Дзівак ты, Платон. Паслалі б мяне дырэктарам завода, дык я не задумаўся б. Адразу ў райком, карты на стол — не магу кіраваць, і баста. I ніхто не стаў бы пярэчыць. А тут — калгас!.. Хто ж мне паверыць? Падумаюць, прыкідваюся, хачу збегчы. Абсурд палучаецца.

— Але ж ты сапраўды не можаш.

— Не магу. Ты вот разумееш, а другія не зразумеюць. Падумаюць. сімулірую.

— Дакажы, чорт вазьмі…

— Эге, дакажаш?.. Справай дакажаш…

— Ну, знаеш, Амяльян, не чакаў…

— Думаеш, я спадзяваўся ў такім становішчы апынуцца. Што ў нас палучаецца? А вось што. Адзін і праўда не можа кіраваць такой гаспадаркай, як цяперашні калгас. I ён чэсна пра гэта кажа. Але яму не вераць, бо той, хто можа кіраваць, не вельмі хоча быць на вёсцы. I ён таксама ўсякія довады прыводзіць. Вось тут і разбярыся…

— I ніводзін з вас такіх людзям не патрэбны,— Загурскі загаварыў злосна.— На ліха вы такія калгасу? Знойдуцца, урэшце, людзі, якія і хочуць і могуць кіраваць.

— Ну, вось і бярыся, Платон. А я ў цябе за планавіка застануся. Усё табе распланую як след. Думаеш, калгас нельга на ногі паставівіць? Абсурд. Я ўсё разлічыў. За два гады ў мільянеры можна выйсці. А вось арганізаваць не ўмею.

— Ты што, здурэў? Як жа вось так без усяго-ўсякага з’яўлюся і скажу: давайце мне калгас…

— А-а-а,— узрадаваўся Чукрай.— Бачыш. Няёмка. А што тут дрэннага? Камуніст, маёр-гвардзеец. Дзіўнага нічога няма, калі сам з’явішся. А вось жа чагосьці няёмка. Думаеш, а што, як пачнуць сумнявацца, не давераць?

— Нічога я не думаю.

— Затое я ведаю. Калі яшчэ ў райсельгасаддзеле працаваў і калгасы былі маленькія. Пайшоў у райком. Прашуся: пастаўце мяне за старшыню. Не паставілі. Спалохаліся, а можа здзівіліся. Не тыпова такое. Сам просіцца. Значыць, хітрасць нейкая. Во, брат, адкуль усё ідзе. Падбор кадраў, а не добраахвотнае выстаўленне кандыдатур для абмеркавання.

— Што ж, па-твойму, і міністраў па добраахвотнаму набору прызначаць?

— Навошта. Разумна падыходзіць трэба,— Чукрай падумаў крыху, дадаў няўпэўнена:— А што — і міністраў… Нядрэнна было б параіцца хоць бы з актывам. «Думаем, таварышы, міністрам сельскай гаспадаркі прызначыць Іванова. Як вы на гзта гледзіцё?» А мы Іванова, як аблупленага, ведаем. Балбатун ён. Мякка сцеле, ды спаць жорстка. А вось дырэктар саўгаса Сідараў — рабацяга. Яго — міністрам… Думаеш, горш было б? Шкоду партыі прынеслі б? Не, карысць!