Выбрать главу

Вось табе і шпачок!

МАРЫ

1

Рэчка Расянка, берагі якой скрозь зараслі алешнікам і вербалозам, непадалёк ад Кардону, як бы наткнуўшыся на стары здзірванелы курган, крута паварочвае на захад. Адсюль, аж да самае Віцьбы, раскінуліся Русакоўскія паплавы, увосень і вясной залітыя вадой, пярэстыя ад квецені ўлетку.

Зімой і пасля таго, як спадзе веснавая вада, мы, я і Стась, ходзім са школы напрасткі, праз поплаў. Але сёння нам хочацца ісці кружной дарогай.

Школа закончана. Атэстаты ўручаны. Можа болей ніколі не давядзецца хадзіць у абход кургана.

Курган гэты мае сваю легенду. Кажуць, што яго насыпалі па загаду Івана Грознага. Адсюль рускі цар кіраваў боем. Пасля бою ў кургане пахавалі воінаў. Кожнага ў латах, са зброяй. А наверсе цар паставіў капліцу з залатым крыжам.

Гэта, пэўна, няпраўда. А тое, што было на нашай памяці, факт. У сорак другім годзе, у блакаду, на гэтым кургане трынаццаць партызан дзень і ноч стрымлівалі немцаў. Ніводзін з партызан не ўратаваўся ад смерці. Затое брыгада і ўсё Зарэчча паспела схавацца ў Данькаўскіх лясах.

На іх магіле — невысокі курганок. Зроблены ён з каменя, бо тады, адразу пасля вайны, цэглы не хапала і на печы.

— А праўда,— пытаецца Стась,— што хутка паставяць сапраўдны помнік?

Я не адказваю, бо гэтыя размовы бываюць кожны год. Але сапраўднага помніка так і няма.

Прозвішчы загінуўшых партызан выпалены на дошцы, якая прымацавана дротам да каменнага курганка. Летась увосень, калі лазілі на курган, мы ледзьве разабралі сцёртыя непагодай літары. А што пакінула сёлетняя зіма?

— Давай, Стась, злазім на курган,— кажу я.

Стасю не дужа хочацца караскацца па крутых схілах. Ён муляецца, аднекваецца, але ўсё ж ідзе.

Каменны курганок прытуліўся на паўночным схіле. Неабчэсаныя камяні, змацаваныя вапнай, моцна трымаюцца адзін за адзін. А вось дошка трэснула, відаць, ад марозу. I літары вылінялі. Затое тры бярозкі набіраюць моцы. Яны шумяць самотна і глуха: тут, на гары, вецер. I нам трохі самотна, і сорамна, што мы жывём…

Моўчкі падымаемся яшчэ вышэй, туды, дзе стаіць расшчэпленая мінай вярба. Доўгае тонкае голле звісае ледзь не да зямлі. Стась адразу кладзецца на ўгрэтую зямлю.

— Давай пазагараем,— кажа ён і, не чакаючы мяне, скідае кашулю.

Стасю жывецца лёгка. Толькі што ён стаяў, схіліўшы галаву, і вось ужо на ўсё забыўся. А я стараюся ўявіць, што ў апошні раз бачылі з гэтага кургана партызаны.

Унізе паблісквае на сонцы Расянка, разліваецца за Чыжоўкай возерам, а далей, за плацінай, цячэ нямоглым ручаём да Віцьбы. На поўдні нашы вёскі — Зарэчча, Русакі, Халябы, Краты, Астроўна, а далей сінія Данькаўскія лясы. На поўначы — Кацярынінскі шлях, раскіданыя на пяці ўзгорках хаты вёскі Кардон. Ліпавыя прысады, калгасны сад. 3 Кардона, вось гэтай дарогай, што віецца сярод жытоў, той вераснёўскай раніцай ехалі паліць нашы вёскі карнікі.

Нічога гэтага я не помню, бо мне было тады ўсяго тры месяцы. Пра вайну я чытаў ды слухаў расказы старэйшых. Расказы асаблівых пачуццяў не выклікалі, мабыць таму, што ў іх больш апавядалася пра пакуты. Затое кнігі абуджалі прагу да гераізму. I вось сёння штосьці перайначыдася, штосьці трэснула ў душы, як тая дошка з прозвішчамі партызан.

Ці не можна было зрабіць неяк інакш? Людзі жывуць, радуюцца. А курганок стаіць забыты. Чаму? Хто яны былі? Кажуць, не тутэйшыя.

— Чаго ты стаіш? — перапыняе мае думкі Стась.

— Здорава, брат, прыпякае. Пазагараем і — у рэчку…

Я кладуся на траву тварам уверх.

— Бачыў, як Маргарытка сёння слязу падпускала? — пытаецца Стась.

— Бачыў. Ну і што?..

— Гэта яна таму, што больш двоек нам не паставіць, гаравала.

— Ідзі ты, Стась…

— Яшчэ заступаецца. Не магла яна табе чацвёрку паставіць. Скнара. Атэстат сапсавала. Кругом пяцёркі, а дэйтшэ шпрахе — драйка.

— Нічога, яшчэ пабачым…

— А думаеш, не. Слухай, давай махнём у Адэсу.— Стась прыўзнімаецца, дастае з кішэні сцізорык, пачынае стругаць лазовы прут. Жаўтлявая стружка падае на траву. Ля адной трэскі збіраюцца лабатыя мурашкі. Ім, відаць, надта патрэбен будаўнічы матэрыял. Яны хапаюць трэсачку, напружваюцца, аж лезуць на лоб і так лупатыя вочы.

— Эх вы, механізатары! —усміхаецца Стась і пачынае памагаць мурашкам.

Мне здаецца, што ён ужо забыўся на сваю прапанову. Але я памыляюся.

— Ну, дык чаго ты маўчыш?

— А чаму ў Адэсу?

— Хоць свет пабачым. Там жа мора. Можа ў мараходнае паступім…

— А калі не паступім?

— Прыстроімся матросамі. Здорава было б трапіць на кітабойную флатылію.

Звычайна я згаджаюся са Стасем. Але сёння мне чамусьці хочацца гаварыць насуперак яму.