Выбрать главу

— Плануеш ты здорава,— усміхнуўся Загурскі.— А кіраваць не так проста.

Загурскі закурыў. Ішоў, смокчучы папяросу. Побач тэпаў кароткімі нагамі Чукрай і чамусьці хмурыўся. Задумаўся і я. Можа ўпершыню я зазірнуў у самае нутро жыцця і, хоць нічога пакуль не зразумеў, адчуў, аднак, што я нічога не ведаю і што ўсё тое, што здавалася простым, выглядае вельмі складана.

СУСТРЭЧЫ

1

Два рады цяністых ліп збягаюць з горкі і, як бы наткнуўшыся на высокую жалезную агарожу, зварочваюць адзін направа, другі — налева. Па той бок вуліцы за агарожай — стадыён. Ля брамы ходзяць міліцыянеры ў белых пальчатках. Адразу відаць, што гэта вясковыя хлопцы, якія зусім нядаўна надзелі міліцэйскія мундзіры. Форменныя фуражкі збіты на бакір, каб лепей вытыркаўся з-пад іх чуб. Кіцелі ў абліпачку, а на грудзях надзімаюцца пухіры, надаючы хлопцам бравы і трохі смешнаваты выгляд. Боты наглянцаваны да бляску, халяўкі прыспушчаны гармонікам. Хлопцы стаяць, адставіўшы нагу, каб усе бачылі, якія ў іх боты, і раз-пораз ляніва падносяць руку ў белай пальчатцьі да твару — кураць папяросы. Няхай усе бачаць, што рука ў пальчатцы. Вось так і я некалі хацеў, каб усё Зарэчча бачыла, што на мне новы гарнітур і новыя чаравікі. Я разоў пяць прайшоўся па вуліцы, выстаўляючы свае набыткі напаказ. I быў вельмі рады, калі нарэшце заўважылі мой новы гарнітур.

Мне хочацца падысці да міліцыянераў і сказаць ім што-небудзь прыемнае. Але яны неяк падазрона назіраюць за мной. Мабыць лічаць, што я хачу ашукаць іх, прабрацца на стадыён без білета.

Міліцыянерам сумна. Яны смачна, у ахвоту пазяхаюць, прыслухоўваюцца да людскога гоману, што далятае са стадыёна. Стадыён раве тысячамі глотак.

— Гу-гу-у-у-у!.. А-а-а-ах!..

— Праходзь, праходзь,— міліцыянер махае мне рукой у белай пальчатцы.— Ну, чаго стаіш?

— Хіба не можна? — пытаюся я.

— Можна — не можна… Праходзь,— весялей кажа міліцыянер.— Знаем мы вас…

Яму, відаць, вельмі падабаецца начальніцкі тон. Міліцыянер аж ззяе і яшчэ больш надзімае грудзі.

— Ну, каму я кажу…

— А-а-а-а!..— гудзе стадыён. Чародка галубоў зрываецца з даху і імкліва кружыць над стадыёнам.

— Забілі! — крычыць другі міліцыянер, нізенькі, з рыжым чубам.— Яй-богу, забілі!

— Прамазалі,— адказвае той, што хацеў прагнаць мяне, і адразу ж забывае пра мяне.— Паглядзіш, прамазалі.

— Яй-богу, забілі! — пярэчыць нізенькі.

— Хіба нам…

— Яй-богу, ім!..

Міліцэйскую спрэчку перапыняе вусаты дзядзька ў зашмальцаванай спяцоўцы. Ён паяўляецца нечакана, як з-пад зямлі.

— Як там нашы? — занепакоена пытаецца ён і пацірае рука аб руку.

— Два — нуль.

— У нас?

— У іх…

Дзядзька ківае галавой:

— Вылецяць жа, як піць даць. Ой-ёй-ёй, што робіцца?! Запалачка знойдзецца?..

— Дык жа іграць няма каму,— абыякава кажа міліцыянер, падаючы запалкі.

Дзядзька частуе міліцыянераў «беламорам». Тыя ніяк не могуць ухапіць папяросу пальцамі ў пальчатках. Дзядзька разрывае пачак, каб спрытней можна было браць папяросы.

— Куды толькі начальства глядзіць?..— абураецца дзядзька.— Адна каманда і тая… Ганьба, сорамна на людзях паказацца.

— Дык жа біць па варотах няма каму.

— А я што кажу,— згаджаецца вусаты.— Слухайце, хлопцы, прапусціце. Білет, разумееш, не мог дастаць. Крыўдна…

Стадыён узрываецца ад крыку і пляскату.

— Ура! Забілі!..— крычыць вусаты.

— Ну, валяй,— кажа яму міліцыянер.— Толькі хутчэй. Нам, знаеш, за такое…

Дзядзька бяжыць, як заяц. Міліцыянеры ўсміхаюцца. Яны, відаць, вельмі задаволены, што зрабілі штосьці добрае.

— Давай бяжы і ты,— лагаднее міліцыянер.— Бяжы, пакуль мы добрыя…

— А мне і не цікава,— я ўсміхаюся, а міліцыянеры адразу хмурэюць.

— Тады няма чаго тут тырчаць. Ну, ну, праходзь!

Я іду па апусцелым горадзе. На душы горыч. Чаму шкадуюць футбалістаў? А вось нас няма каму пашкадаваць. Мы не маем балельшчыкаў. Зрэшты, хто мы такія? I не вучні ўжо і не студэнты яшчэ — абітурыенты. Слова гэта гучыць неяк здзекліва, не па-людску. Абітурыенты!..

Думкі, як. тая мяцеліца ў завулку-тупіку, круцяцца ў замкнёным коле. Усё вакол аднаго.

Тое, што жменька футбалістаў можа трапіць у клас ніжэй, узрушыла ўвесь горад. Можа гэта і сапраўды жахліва, што ў наступным годзе ў нас не будзе каманды ў вышэйшым класе? Можа трэба хвалявацца і спачуваць? Але чаму спачуваюць адным футбалістам? У іх быў час добра падрыхтавацца да свайго экзамену. Іх ніхто не падганяў. Ім стваралі ўсе ўмовы. I калі яны дрэнна гуляюць, дык чаго ўжо там перажываць. Футбалісты, урэшце, будуць гуляць, як і гулялі.