Мы вылятаем з гульні не па аднаму, а сотнямі. I сезон экзаменаў у нас меншы — дваццаць хвілін і — будзь здаровы, развітвайчя са сваімі намерамі. А можа з нас выйшлі б вучоныя, пісьменнікі, інжынеры, урачы. Хіба за дваццаць хвілін можна выявіць, на што ты здатны? Дык не. Тры асноўныя пытанні, тры-чатыры дадатковыя і — вылятай. Ніхто табе не паспачувае. Ты — абітурыент. Гэтым усё сказана.
Ад думак няма спакою. Мне хочацца дакапацца да самых глыбінь жыцця, адшукаць у ім тую адзіную справядлівасць, што раўняла б людзей, рабіла іх аднолькава шчаслівымі на свеце. Як бы трымаючыся за тоненькую нітачку, я нецярпліва разблытваю складаны вузел супярэчнасцей. От, я ўсё ж прыдумаў бы, як зрабіць, каб не вельмі захапляліся аднымі і зусім забываліся на другіх. Я, канечне, прыдумаў бы…
Неяк незаўважна я прыходжу на гарадское возера. Тут я начаваў ужо дзве ночы пасля таго, як зрэзаўся па нямецкай мове, і цвёрда вырашыў, што дамоў не паеду. Начаваў вунь там, у парку, на лаўцы, што стаіць у самым гушчары. Мабыць, натомленыя за дзень ногі самі прывялі мяне да месца начлегу. Але яшчэ вельмі рана, і на маёй лаўцы сядзіць закаханая пара і цалуецца, як і ўчора. Таму я не спяшаюся ў гушчар. Іду паволі, бы на шпацыры.
На пясчаным беразе многа народу. Загарэлыя, бестурботныя, людзі ляжаць на пяску, падстаўляючы сонцу спіны. Сінія лодкі сноўдаюць па возеры: то сходзяцца ў гурт — тады чуваць піскатня дзяўчат і звонкі рогат хлопцаў; то распаўзаюцца ў бакі — тады ўсё заціхае і на бераг далятае ценькае трымканне балалайкі.
Я іду берагам усё далей і далей, туды, дзе менш народу, менш вясёлага гоману, дзе можна пасядзець, паразважаць над тым, што рабіць далей.
У маёй кішэні дзве траячкі, металічны рубель, якім мне яшчэ ў першы дзень экзаменаў здалі рэшту ў магазіне, і капеек шэсцьдзесят медзякамі. Рубель і медзякі я магу патраціць на харч. А траячкі давядзецца берагчы. Я, вядома, ганю прэч здрадлівую думку. Дамоў мне не хочацца ехаць. I ўсё ж зусім застацца без грошай боязна. За гэтыя тры дні я добра зведаў, што жыццё не вясёлая прагулка ад Зарэчча да возера. На кожным заводзе мне гаварылі адно і тое ж: «Прапішыся, малады чалавек, тады прыходзь».
На ўскраіне горада, дзе драўляныя домікі фарсіста выстаўляюць на вуліцу пафарбаваныя ліштвы вокан і зашклёныя веранды, у мяне запрасілі дзвесце рублёў за прапіску. Я, напэўна, выглядаў дурань-дурнем, бо зладзеяватая, чырванашчокая жанчына, вельмі падобная на нашу Хведарыху, пачала тлумачыць мне ўсю няхітрую механіку, як абысці суровы закон.
— А мой жа ты коцік, а мой жа ты харошы, сама ведаю — дарагавата. Але ж другія бяруць і больш. Анягож, бяруць, ды яшчэ і за адну прапіску. А я цябе і прапішу, і жыць у мяне будзеш. За печкай каморка ёсць. Выберам адтуль непатрэбшчыну, і жыві на здароўечка. Будзеш мне ў месяц дзесятку плаціць. Дзешавей ніхто не прапіша. 3 сямейных вунь па пяцьсот бяруць. Прынясеш мне справачку, што абяцаюць цябе на работу ўзяць, адным словам, што месца знайшоў, а я цябе, як радню сваю, прапішу. I станеш ты гарадскі. Самі во, коцік ты мой, нядаўна з вёскі пераехалі, таму і спачуваю.
А мне ўжо не хацелася ні яе спачування, ні ласкі, ні прапіскі. Мне хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да ўніверсітэта. I таму, мабыць, я трэція суткі нікуды не магу прыстаць. А грошы плывуць з кішэні незаўважна, хоць я і не раскашую. Ды і маці выдзеліла мне не вельмі багата, так што не вельмі разгонішся.
Там, дзе возера закругляецца, круты схіл берагу пераходзіць у пакатую раўніну, зарослую асакой і аерам. Па-над самай вадой віецца сцежка. Да яе падступаюць стромкія танкастволыя бярозы, выносістыя клёнікі і рагазлівыя ліпы — прыазёрны парк, некалі неразважна густа быў пасаджаны. Дрэвы кідаюць на возера густы цень. Таму вада з краю здаецца чорнай. Я выбіраю сушэйшае месца і саджуся, сагнуўшы ў каленях ногі. Сядзець так не вельмі зручна. Думаць не хочацца. Няхай адпачне галава. Ды, зрэшты, што прыдумаеш, седзячы на гэтым беразе?
Людзі пакрысе збіраюцца дадому. Па сцежцы праходзяць дзве дзяўчыны ў аднолькавых сукенках, коса пазіраюць на мяне і чамусьці яхідна смяюцца. Потым прабягаюць хлапчукі, спаважна праходзяць дарослыя. Усе заклапочаныя, або вясёлыя, але не панурыя, як я.
Бераг пусцее. Апошні пакідае яго хлапчук. Ён зматвае вуды, пацешна хмыкае носам, падлічваючы ўлоў, потым па-старэчаму, уразвалку ідзе паўз возера. Хлапчук чымсьці нагадвае Данілавага Лёшку. Мне вельмі захацелася закрануць яго.