Выбрать главу

Чамусьці ўсплыла ў памяці тая раніца, калі я з маці ездзіў у лес па бярэзіну. Я заплюшчыў вочы і адразу ўбачыў, як падае ніц стройная прыгажуня-бяроза. Чаму я тады не адмовіўся, чаму не запярэчыў маці. Няхай бы пакрычала, нават паплакала. Затое бяроза і дасюль бы стаяла ў лесе. Выходзіць, што я звычайны слабак.

Успамін узварушыў жаласць. Даўкі камяк застраў у горле, і не было як пракаўтнуць яго. Нечакана паявілася думка, што я нечым нагадваю хлопчыка, які толькі што сядзеў са мной. Хіба я калі хацеў рабіць дрэнна? А нейкія сілы цягнулі мяне, бы ў прорву.

Вось і бярозу паехаў красці, паехаў, не хочучы таго. Чаму так выходзіць, што часам самыя блізкія людзі штурхаюць цябе на злачынства? Што іх прымушае? Як зрабіць так, каб нішто не пахіснула тваёй сумленнасці?

Крыху счакаўшы, думкі паплылі новым рэчышчам. А як утрымацца, стоячы супраць ветру? Быць бы непахісным! Як скіраваў, так і пайшоў, не збіваючыся з тропу. Рэж праўду ў вочы. Жыві па-людску, як Даніла Налягач. Таго і чорт не саб’е на дрэннае. Недарма кажуць, што Даніла выпэцкае палец у мёд і не абліжа, а саскрабе ў міску, бо калгасны, не свой.

У той вечар мне захацелася быць такім харошымм праўдзівым, шчырым. Чаго я тады не перадумаў, як толькі не прымяраў сябе да розных абставін.

Я нават не пачуў, як падышоў хлопчык. Ён узнік перада мной, як здань. Працягнуў руку з пакункам:

— На, павячэрай. Не вельмі каб якія прысмакі, але сытна будзе.

— Навошта ты? Не трэба было,— папярхнуўся я ад ягонай чуласці. Хацеў быў не ўзяць пакунак, але зразумеў, што гэта пакрыўдзіць хлопца.— Дзякуй. Не ведаю, як зваць цябе.

— Віцька я. Еж на здароўе,— неяк вельмі самавіга сказаў ён і прысеў побач.

— А мяне Янкам, прозвішча Сітоў. Запомніш, можа?

— Дзіва! У мяне памяць — будзь здароў! Ды ты еж, еж!

У газеціне быў загорнуты кавалак хлеба, гурок і скрылёк сала. Мабыць ад гурка пахла такім знаёмым і родным пахам, што я забыўся на ўсё: на ноч, на сырасць і холад.

— Маці хацела не пусціць,— азваўся Віцька.— Кажа, хай бы ты ў кватэру ішоў. А толькі, ну яе!

— Вы ўдвох з маці? Бацькі хіба няма?

— Няма. Я, разумееш, незаконны. Таму і на матчына прозвішча запісаны.

Я змоўчаў. Было няёмка распытваць, як ды што. Уяўлялася нешта непрыстойнае, пра што не гавораць уголас. Але Віцька разгаварыўся сам.

— Маці кажа, што я выпадкова паявіўся. А мне ўсё роўна, абы паявіўся.

— Гэта яна табе так кажа? — здзівіўся я.

— Не, гэта яна Наташцы казала.

Я адразу ўспомніў пра Віцькаву ласку і папікнуў сябе за няўважлівасць. Трэба ж было адразу запытацца, ці спадабалася ёй рыба.

— А ласка твая павячэрала ўжо?

— Павячэрала,— адказаў Віцька, думаючы пра нешта сваё. Ён памаўчаў крыху, потым запытаўся:

-— А твая маці п’е гарэлку?

— Не. А чаму ты запытаўся?

— Мая любіць. Ёй бы толькі піць ды гуляць.

— Хіба яна не працуе?

— Хто яе трымаць будзе. Пайшла была дворнічыхай, дык не да спадобы. Пачала скардзіцца, што цяжка. Ну, я і кажу ёй: кідай ці што, а то надакучыла твой лямант слухаць.

— Як жа яна жыве?..

Віцька памаўчаў. Пасля неахвотна адказаў:

— Купіць — перапрадасць,— і зноў, памаўчаўшы, прапанаваў:— Слухай, пайшлі да мяне. Дзе ты начаваць будзеш… Холадна ўжо. Я дык зусім азяб.

Я сумеўся. Мне чамусьці вельмі хацелася ўбачыць Віцькаву маці, каб сказаць ёй, што за Віцькам трэба добра глядзець. I ў той жа час я пабойваўся, нават сам не ведаю чаго.

— Пайшлі,— ужо рашуча сказаў Віцька.— Не бойся, яна сёння цвярозая. Так, можа, ледзь-ледзь узяла.

— Пайшлі,— адважыўся я.

Страшнае і таямнічае сапраўды выклікала цікавасць.

Двухпавярховы цагляны дом на восем вокнаў па фасаду ляпіўся да ўзгорка. 3 завулка ён здаваўся даволі высокім, бо пярэдняя сцяна была прыўзнята на чатырох цагляных слупах. Жалезная лесвіца вяла на ганак. Адтудь, праз абабітыя лямцам дзверы, мы ўвайшлі ў калідор. Там было цёмна, хоць выкалі вочы.

Віцька ўзяў мяне за руку, папярэдзіў: «Асцярожна, тут дзве прыступкі». Мы павярнулі направа і адразу ўпёрліся ў сцяну. Віцькава рука пачала шукаць клямку. Глуха бразнула засаўка, дзверы адчыніліся ўнутр, і адразу ў нос шыбануў тытунёвы дым і пах гарэлкі.

— Наташка прывалаклася,— шапнуў мне Віцька.

Я ўжо каяўся, што пайшоў. Але адступаць не было як.

Мы спыніліся ў прыхожай, якая служыла і за кухню. Ад жылога пакоя яе аддзяляла квяцістая і даволі брудная шырма, што вісела на дроце. Па той бок шырмы ціха бубнелі жанчыны.

— Хто там? Ці ты, Віцька?

— А то хто… Я,— адказаў Віцька і шапнуў мне: — Ты тут пастой крыху.

Ён пайшоў у пакой. Да мяне далятаў прыглушаны шэпт. Потым на кухню выйшла жанчына — Віцькава маці, здагадаўся я. Цяжка было сказаць: прыгожая яна ці непрыгожая, маладая ці ўжо старая. Твар у Віцькавай маці быў акруглы, пухлаваты і вельмі маладжавы. А стан распаўнелы, друзлы. Цеснаваты халат яшчэ больш падкрэсліваў нейкую нездаровую паўнату.