— Дык гэта ты і ёсць? —спыталася Віцькава маці, пазіраючы на мяне круглымі на выкаце вачыма.
Я не ведаў, што адказаць. Крыху збянтэжаны, маўчаў. Віцька прыйшоў мне на дапамогу.
— Яго завуць Янкам,— сказаў ён і стаў са мной побач.
— Янка дык Янка. Мне ўсё роўна. Праходзь і садзіся, калі прыйшоў.
У пакоі за сталом сядзела вастраносая жанчына, з твару вельмі падобная на клін. Яна курыла, выпускаючы з роту густыя клубы дыму. Асавелыя маленькія вочы бессэнсоўна глядзелі на мяне з п’янай усмешкай. Жанчына і сапраўды была падобна на ласку.
— Есці будзеш? — запыталася Віцькава маці.
Наташка бязладна замахала рукамі.
— Чакай, Людка, чакай трохі. Няхай паўлітра прынясе. Тожа мне — госць без выпіўкі…— яна старалася непрыкметна падміргнуць, але я ўсё бачыў і таму адчуваў сябе вельмі ўжо няёмка.
— Ладна табе,— адмахнулася Віцькава маці,— абыдзецца. Можа вып’еш?.. Не хочаш — не трэба. А мы вып’ем.
Яны налілі гарэлку ў шклянкі, чокнуліся і выпілі, скрывіўшы ад гарэлачнага духу твары. Віцька, прыладзіўшыся на ложку, прагна еў хлеб з каўбасой і ўвесь час боўтаў нагамі.
— Дык ты з вёскі? — спыталася Віцькава маці.
— 3 вёскі,— адказаў я.
— Не люблю мужыкоў,— азвалася Наташка.— Скнары яны. Неяк у мяне баранавіцкі мужык начаваў. Двух кабаноў прывозіў прадаваць. Дык, халера, адно паўлітра з чорнай галоўкай купіў. А назаўтра ўсе скваркі, што ад вячэры засталіся, з сабой забраў. Во, скнара!
— А знаеш, мама,— убіўся ў размову Віцька,— Янка мяне ў госці запрашаў. Прыязджай, кажа, да мяне.
— Дурненькі ты мой, ашукаў ён цябе…
— Чаму? Няхай прыязджае,— запярэчыў я. Не хацелася быць падобным на таго баранавіцкага мужыка.
Жанчыны зноў налілі гарэлкі, доўга пералівалі з адной шклянкі ў другую, каб было пароўну. Потым павялі гаворку пра нейкія свае справы.
Маленькі насценны гадзіннік з піўной бутэлькай, падвешанай замест гіры, чыкаў аднастайна і глуха. Са сцяны, выскаляючы белыя зубы, насмешліва паглядала на нас маладая дзяўчына ў чырвоным купальным касцюме — ілюстрацыя з часопіса мод. Віцькава маці і Наташка, абняўшыся, спявалі пра «красавіцу ў высокім цераму». Здавалася, сум і маркота насыцілі да рэшты паветра невялікага пакоя з адным акном на двор.
Мне страшэнна захацелася дадому, у роднае Зарэчча. Цяпер у нас, мусіць, усе спяць. Ціха.
Віцька злез з ложка, пазяхаючы, сказаў:
— Я сабе з Янкам на кухні пасцялю.
— Сцялі,— азвалася маці.
Віцька падышоў да мяне, зашаптаў, каб не пачулі:
— Ты толькі не ўздумай з Наташкай ісці. Яна, шэльма, прыстане, каб адвёў дамоў,— і пайшоў на кухню.
Наташка абарвала песню, памутнелымі вачыма доўга глядзела на мяне.
— Вып’ем, студэнт. Усё адно паміраць…
— А ты не выскаляйся,— сыкнула Віцькава маці.— Ён мой госць.
— Твой, мой — наш. Вып’ем,— яна падсунула крэсла бліжэй да мяне, падпёрла падбародак кулакамі.— Асуджаеш, студэнт? Не хлусі, бачу. Ну і чорт з табой. Усе вы роўныя. Вырасцеш — лепшым за другіх не будзеш. Эх, піць буду і гуляць буду, а смерць прыйдзёт — паміраць буду.
Яна выпіла яшчэ, адна. Прыблізіўшы свой твар да майго, дыхаючы перагарам, пачала гаварыць хутка, захліпваючыся:
— Баба роўная, кажуць. Роўная! А як ваш брат на яе глядзіць? Не, ты скажы. Баба, як забаўка: пагуляў і кінуў. Справядліва, скажаш?
— Наташка, памаўчы лепей,— ляніва папрасіла Віцькава маці.
— Не, няхай ён скажа.
— Не ведаю я такіх, як вы кажаце,— нясмела пачаў я.
— А я ведаю,— перапыніла мяне Наташка.— Во ў яе запытайся. Пагуляў, пазабаўляўся і кінуў з дзіцём. А на ліха ёй дзіця? Сама прападзе і яго загубіць. Справядліва, скажаш?
Віцькава маці паглядзела на Наташку п’янымі вачыма, пустымі і невідушчымі.
— Паскуда ты і больш нічога,— сказала яна і раптам заплакала п’янымі, шчодрымі слязьмі.
Мне стала шкада яе. Пэўна ўпершыню за ўсё сваё жыццё я зразумеў, што каханне можа прыносіць не толькі радасць. Яно можа стаць і вялікім горам, калі хто-небудзь адзін ашукае другога.
Наташка непрыкметна штурхнула мяне пад бок. Яна старалася гаварыць шэптам, але ёй гэта не ўдавалася.
— А ну яе, пайшлі са мной… Правядзеш… Адна не дабяруся. Ды і пасцель у мяне мя-ка-анькая!
Віцькава маці, мабыць, пачула Наташку, бо раптам ускочыла з крэсла, стукнула кулаком па стале:
— Нікуды я яго не пушчу. А ты выматвайся.
Наташка ані не спалохалася. Яна скінула плацце, чаравікі і павалілася на ложак: