Выбрать главу

— Табе і рукі не варта падаваць,— кажа чарнявая,— бо вунь Зоська зусім учора змаркоцілася, цябе чакаючы.

Коля яшчэ больш бянтэжыцца. На маё здзіўленне, бянтэжыцца і чарнявая. Я пачынаю здагадвацца, што калі і маркоціўся хто, дык сама гэтая чарнявая.

— Няхай сумуе, а мне што…— панурыўшыся, гаворыць Коля.— Каб мог, дык прыйшоў бы. У нас вунь матрос захварэў, дык я ўдзень за яго працаваў, а ў ноч за дзеда вахту нёс.

— Кінь ты, Валька,— кажа другая дзяўчына, крыху падобная на Шуру. — Ты яе, Коля, не слухай. Яна сама сумавала.

— Ах ты, ябеда, Ленка!

Віцька корпаецца ў лодцы, не звяртаючы на нас ніякай увагі. Дзяўчаты дастаюць з плашчоў, што ляжаць непадалёк, яблыкі і першага частуюць Віцьку. Ён бярэ яблык і хавае ў кішэню. А сам зноў нештэ робіць у лодцы ці, можа, робіць выгляд, што робіць…

Размова неяк не ладзіцца. Я адчуваю сябе тут лішнім. Чую, як Лена ціха пытае ў Колі, хто я такі. Коля адказвае проста: Віцькаў знаёмы. Гэтага вельмі мала для характарыстыкі чалавека. Мне б цяпер улезці ў размову, але не хапае смеласці.

Дзяўчаты і Коля перакідваюцца нейкімі толькі ім зразумелымі словамі. Каб не перашкаджаць, я залажу ў лодку. Віцька бурчыць, як заўсёды, па-старэчаму разважліва.

— Прыліп ужо. Без гэтай Валькі жыць не можа.

Віцька яўна раўнуе Колю. Каб не дзяўчаты, дык мы імчалі б па люстранай вадзе, а так — загарай тут…

Трое нечага шэпчуцца. Дзяўчаты адмахваюцца ад Коліных прапаноў, а ён усе больш настойліва ўпрошвае іх. Потым дзяўчаты садзяцца ў лодку. Яна ледзьве ўмяшчае нас, пецярых. Коля разварочвае лодку, і мы ляцім назад паўз астравок, туды, дзе відаць пляж з парасонамі грыбкоў, сінімі павільёнамі «Марожанае» і брызентавымі палаткамі «Газіраваная вада».

Віцька пасопвае, седзячы на носе, і стараецца не глядзець у наш бок. Дзяўчаты на крутых паваротах ускрыкваюць, а Коля знарок кладзе то на адзін, то на другі бок нашу перагружаную лодку і радасна смяецца.

— Ой, Колечка, хопіць ужо…— просіцца Валя.— Каровы нашы яшчэ ў шкоду ўб’юцца.

Коля глухі да яе просьбаў. Ён бясконца рады, што можа пракаціць яе, паказаць свой матроскі спрыт. Лена толькі ўсміхаецца. Потым яна пытае ў мяне:

— А вы даўно Віцьку ведаеце?

— Не, з учарашняга,— адказваю я і, раптам асмялеўшы, пачынаю расказваць пра сябе, пра тое, як не паступіў на філалагічны факультэт.

Лена здзіўляецца.

— Як жа мы з вамі не сустракаліся? Я таксама сёлета паступала. Толькі на біялагічны. Вы ў якім патоку былі?

— У другім.

— I я. Ой, як жа мы не сустракаліся?

Лена шчыра шкадуе, што мы не сустрэліся раней. Гэта збліжае нас, хоць Лена ўсё ж паступіла, а я астаўся за конкурсам.

— Трэба было на матэматычны ісці,— кажа яна.— Хлопцам добра даецца матэматыка, не тое, што нам.

— Не, Лена, я толькі на літаратурны пайду,— адказваю я.

— То можа вы пісьменнік?

Я бянтэжуся. Мне сорамна прызнацца, што пішу вершы і іх нават друкавалі ў піянерскай газеце. А што, калі Лена чытала мае вершы? Чаму так сорамна прызнацца, што ты друкаваўся, што тваё прозвішча, можа, і не такое ўжо невядомае?

На шчасце, лодка зноў прыстае да берагу. Мне не трэба адказваць, бо Коля гаворыць дзяўчатам:

— Вы мяне крыху пачакайце, я зараз.

Дзяўчаты ўтрымліваюць Колю. Але ён непахісны. А тут яшчэ Віцька бурчыць, ужо трымаючы за павадок лодку:

— Ну, чаго залемантавалі? Цэлы вашы каровы будуць. Не разумееце хіба, што чалавек пачаставаць вас хоча.

Коля ўжо ідзе па пясчаным беразе, шырока стаўляючы ногі, быццам пад ім не зямля, а палуба марскога карабля. Вось тады зрываюся з месца і я. Мне хочацца быць далікатным і гасцінным, як і Коля. Хіба ў мяне няма грошай?..

У сінім павільёне, над якім смешны белы мядзведзь трымае ў лапах эскімо, яшчэ нікога няма. Нават трыногія столікі згружаны ў адзін кут, а лёгкія рознакаляровыя зэдлікі — у другі. Але Коля не губляецца. Адразу відаць, што тут ён свой чалавек. Ён ідзе за высокі прылавак, адтуль у нізенькія дзверы. Там у цемнаватым пакойчыку дзябёлая ў белым халаце жанчына парадкуе скрыні. Навалам ляжаць доўгія брускі штучнага лёду і дымяцца. Другая жанчына, крыху маладзейшая, стаіць у дзвярах рукі ў бокі.

— А-а-а, Коля, добры дзень,— кажа яна.— Ну, што, зноў па марожанае прыйшоў? Калі ты ўжо нас з ёй пазнаёміш?

У Колі чырванеюць вушы. Гэта добра відаць насупраць святла, што падае з дзвярэй. Ён нешта мармыча, а паўнаватая жанчына разгінае стан і пачынае сварыцца на маладзейшую:

— Ну, чаго ты да яго вяжашся? От ужо языкатая. Не за твае ж грошы ён частуе.

— Ды я нічога,— апраўдваецца тая.— Ты, Колечка, не крыўдуй. Я па-харошаму запытала. Любіць не сорамна, калі па-харошаму ўсё. Якое табе марожанае даць? Свежанькае ўсё. Толькі прывезлі.