Выбрать главу

— Я і кажу, што малады ты, вопыту ў цябе няма, ды і жыцця не бачыў. Вось я табе раскажу пра адзін жыцейскі выпадак, а ты падумай, што і да чаго. Жыла некалі ў нашай вёсцы баба, Зубіхай звалі. Звычайная баба. Можа трохі неахайная, але гаспадарка яе спраўная была. Каровы, свінні, авечкі, куры — усё, адным словам, як трэба. Іх хата вялікая, прасторная, на пяць акон. За хатай нагляд патрэбен. А калі там простай бабе за чысцінёй глядзець, калі гаспадарка немалая? Ды баба і прывыкла да бруду, быццам так і трэба. Ёй нават здавалася, што ў хаце ўтульна. А тут раптам уздумаў сын жаніцца. Вяселле прызначылі. Хутка і маладую трэба ў хату прыводзіць.

Паглядзела Зубіха на вокны, а на іх копаці — бы на патэльні спадыспаду. Свету божага не відаць. «Дай,— думае Зубіха,— вокны пратру, усё святлей у хаце будзе, усё нявестку лепей разгледзець можна. Узяла анучку, працёрла шыбы да бляску. Адышлася і вохнула. Дасюль копаць толькі на шыбах была відаць, а цяпер і на падаконніку, і на рамах, і на ліштвах. Зноў узялася за анучу. Вымыла, выскрабла рамы, адышлася ў парог і за галаву ўхапілася: падлога, як зямля чорная. А раней жа гэтага не відаць было. Падаткнула спадніцу за пояс і ўзялася падлогу скрэбці. Бывала, пройдзе з анучай і здаецца, што падлога чыстая, а тут дзярэ, дзярэ дошкі, а яны ўсё брудныя, бо гразь глыбока ўелася ў іх. Вымыла ўрэшце, разагнула спіну: хвала богу, цяпер і нявестку можна сустракаць, дык так і села на лаўку. Здалося ёй, што печка неяк нахабна вылезла на сярэдзіну хаты, як жабрак у рызманах — закапцелая, чорная, з абабітай пабелкай. Давялося печку бяліць. А пасля печкі — столь мыць, сцены скрэбці, падпечак чысціць, паграбец пад падлогай да ладу прыводзіць, каб духу смярдзючага не было. Во як яно здарылася… Чым больш святла ў хаце, тым відней бруд. А каб вымыць бруд, што здаўна заведзены быў, дык і нявестцы Зубішынай давялося яшчэ нямала папрацаваць.

Поезд весела бег па рэйках. Святлела неба, і недзе там, куды бег паравоз, разгараўся ўжо новы дзень. Дзядзька Панас хітравата паглядзеў на мяне, сказаў:

— Чыгунок ужо спіць. Так што не бойся. Ды глядзі, другі раз без білета не ездзі. 3 білетам спакайней. Законна.

КАХАННЕ

1

Так, відаць, бывае з кожным: адлучышся на якіх тры дні з дому і ўжо думаеш, што там многае змянілася. А вернешся, і застаеш усё такім, як было, быццам за гэтыя дні час спыніў свой бег.

Змяркалася, калі я ўвайшоў у роднае Зарэчча. Вячэрняя зорка ўжо ярка гарэла над небакраем. К ночы ўзнімаўся вецер, і ад яго парывістых павеваў прыглушана і сярдзіта шумелі дрэвы, абтрасаючы на зямлю першыя пажоўклыя лісты.

Вуліца, як і заўсёды ў гэты час, пуставала. Людзі тупалі недзе па дварах, дарабляючы незакончаную за дзень справу. Сям-там ужо запальваліся агні, няяркія, бо няма чаго лішне глуміць газу: працадзіць малако можна і ў змроку.

Я знарок прыйшоў дамоў прыцемкам. Не хацелася трапляць людзям на вочы, слухаць іх спачуванні. I без таго на душы было пагана.

Але як я не асцерагаўся, сустрэча адбылася. Ля Восіпавага двара нехта вынырнуў з весніц, потырч паляцеў мне пад ногі. Упаўшы на карачкі, чалавек спрабаваў падняцца, але гарэлка не на жарт прыгінала яго да зямлі. Давялося памагчы.

— А я, слухай сюды, сам,— запярэчыў чалавек, і я адразу пазнаў Сцяпана Макуху.

Ён быў п’яны. Я ледзьве падняў яго, абапёр на плот. Сцяпан раскірэчыў ногі, учапіўся рукамі за штакеціны. Стаяў, звесіўшы галаву, і нешта бурчаў, відаць, кагосьці лаяў.

— Хадземце, дзядзька, правяду вас,— сказаў я Сцяпану.

— А ты хто будзеш? — Сцяпан выцягнуў шыю, каб разгледзець мяне лепей, адарваўся ад плота і зноў грымнуў аб зямлю. Ужо лежачы, зноў запытаўся: — Хто ты і якога ліха табе трэба?

— Іван я. Дар’і Сітовай. Хадзем, дзядзька,— гаварыў я, падымаючы Сцяпана.

— Іван? Сукін сын ты. Ну, вядзі… Люблю я цябе.

Сцяпан прыўзняўся на ногі, абхапіў мяне за шыю, хацеў, мабыць, пацалаваць, ды зноў не ўстаяў на нагах. Я ледзьве ўтрымаў яго.

Абняўшыся, мы папляліся па вуліцы. Сцяпан чапляўся нагамі, падаў, а падняўшыся, усчынаў гаворку.

— Начальства любіць трэба. Праўду я кажу ці не? А ў нас што? Маладзёж пайшла… Ні павагі, ні ўвагі. Праўду я кажу ці не? Злыдні вы, во хто… Пілі мы разам ці не? Пілі. Дык чаго ты мяне, слухай сюды, з хаты гоніш…

Я здагадаўся, што Восіпаў Хведар выгнаў Макуху з хаты, таму ён так і лаяўся, вылецеўшы з двара праз фортку. Не было што сказаць Сцяпану, і я маўчаў. Нейкі час і Сцяпан ішоў моўчкі. Потым з п’янай настойлівасцю зноў браўся за сваё…

— Не, ты мне скажы, чаму ён мяне гоніць? Мае ён права ці не?..

Мне хацелася пакінуць Макуху на вуліцы, але не хапала смеласці.