Было горка і крыўдна. На ліха было падбіраць гэтага п’янчугу? Няхай бы ляжаў пад плотам. Дык не — пашкадаваў і цяпер, во, цягніся з ім, валачы на карку ды яшчэ слухай п’яныя трызненні.
Сцяпаніха даіла карову. Убачыўшы нас, яна выхапіла з дрывотні дручок, але замахнулася ім не на Сцяпана, а на мяне. Я аж утуліў галаву ў плечы. На шчасце, Сцяпаніха прызнала мяне.
— Авой, Яначка, ці ж гэта ты? Ледзьве цябе не перасвянціла. Думала гіцаль той, Цопа, з ім прывалокся. Гэта ж, во, спойвае чалавека, рады не магу даць… Скажы ты, не прызнала. Багаты будзеш… А ты чаго вылупіўся? — накінулася яна на Сцяпана, але не ўдарыла, а падхапіла яго пад пахі.— Ідзі ўжо, няшчасце маё горкае. Давядзе цябе гэтая гарэлка.
Я пастараўся знікнуць непрыкметна. Цяпер прыгода са Сцяпанам выдавала крыху смешнаватай. Так ужо вядзецца ў нас, у Зарэччы, што вінавацяць не вінаватага, а таго, хто на вочы трапіць. Вось і мне ледзьве не папала па галаве. Сцяпана ёй біць шкада — свой.
У нашай хаце ярка гарэла лямпа. Сляпучы пук святла выбіваўся праз акно на панадворак, і ад яго росная трава выдавала вельмі зялёнай. Я мімаходзь зазірнуў у акно. Маці стаяла ля печы, падпёршы падбародак рукой. Здалося, што яна плача. Зрабілася брыдка. Чаму было не напісаць пісьма? Напэўна, маці турбавалася…
Знаёмыя прыступкі неяк жаласліва зарыпелі, калі я падымаўся па іх у сенцы. 3 дзвярэй дыхнула цёплым малаком і салёнымі гуркамі. На гарышчы буркнуў спрасонку голуб, быццам вітаўся. Сэрца страпянулася і балюча сціснулася. Дома!
На крэсле ля стала сядзеў Загурскі. Ён першы ўбачыў мяне і неяк мітусліва падняўся. А я дык зусім разгубіўся. 3-за печы выбегла маці, заламала рукі і, як заўсёды, залемантавала, быццам здарылася нейкая бяда:
— А божачка мой, дзе ж ты прападаў? Во ўжо на пакуты мне дастаўся. З’ехаў і — ні слова. Перадумала ўсяго…
— Я казаў табе, што нідзе ён дзенецца,— неяк сурова вымавіў Загурскі і звярнуўся да мяне: — Маці вунь як перахвалявалася. Што ж ты?..
Выйшла, канечне, нядобра. А толькі і хвалявацца няма чаго. Хіба я маленькі?
— Чаго ж ты стаіш у парозе? — зноў накінулася на мяне маці, потым палагаднелым голасам дадала: — Ці еў жа што? Згатую чаго, бо не чакала ўжо.
Загурскі засабіраўся дамоў, але маці затрымала яго, ды ён не вельмі ўпарціўся. Ён настругаў трэсак. Маці расклала агонь на загнетцы, пачала смажыць сала. Усё неяк адразу ўвайшло ў сваё звычнае рэчышча.
— Ну, дык што, Янка, паступіў? — перабіў мае думкі Загурскі.
— Не паступіў,— азваўся я, думаючы над тым, што бачыў у горадзе, з кім сустракаўся ў гэтыя дні. Шмат што здалося мне пачварным, але больш людзей добрых, шчырых, і таму так хораша цяпер сядзець у сваёй хаце, не адчуваючы за сабой віны, што зрэзаўся на экзаменах. Праўда, сустрэча са Сцяпанам Макухай троху і расчаравала. Гэта лёгка, седзячы на лодцы, уяўляць сябе героем. А вось паспрабуй перайнач гэтага Макуху… У нашым калгасе мяняліся старшыні, а брыгадзіры аставаліся, і ўсё ідзе як ішло.
— Канечне, прыкра,— Загурскі прыкурыў ад лямпы, прысеў супроць мяне, прадоўжыў: — а галоўнае — крыўдна: мог бы паступіць. Бедаваць няма чаго. Малады яшчэ. Ды і ў калгасе папрацаваць не шкодзіць. Смялейшы будзеш.
Маці падала голас ад печы:
— Не ўжо, як там ні будзе, а няхай у горад ідзе,— яна абапёрлася рукой аб загнетку. Другой варочала скрыдлікі сала, каб не падгарэла, і нейкім чужым, незнаёмым голасам расказвала нам, як баялася ўпачатку аставацца адна ў вёсцы, думала ці справіцца, а цяпер пабачыла, што жыць і адной можна, бо я не вельмі вялікая ёй падмога. Потым яна ўсміхнулася сваім думкам, паглядзела на мяне хітравата: — Дзеўкі вунь кожны дзень прыбягалі. Ні сораму, ні сумлення. Бывала, калі пройдзеш з хлопцам, дык баішся на вочы яго бацькам трапіць. Вот і падумала я: таго і глядзі абкруцяць яны хлопца. Малады, неразумны яшчэ, трапіць да якой, дык роднай хаты не ўзлюбіш. 3 цяперашняй нявесткай сам знаеш, якое ўдовіна жыццё. Ты ёй слова, яна табе сто…
Маці больш звярталася да Загурскага, быццам не пра мяне вяла гаворку. Платон зацягваўся дымам, барабаніў пальцамі па стале, слухаў моўчкі. Было не зразумець —згаджаецца ён з маці ці не.
У кутку за печкай азваўся цвыркун. Яго падтрымаў другі. На патэльні гучна стрэліла сала. Маці адхінулася, выцерла твар, пачала біць яйкі аб край патэльні. Яйкі сквірчэлі, патрэсквалі. Пад столлю сонна гулі мухі. Некалькі камароў кружылася перад лямпай, усё нацэльваліся сесці на шкло, апякаліся і цененька звінелі, быццам скардзіліся. I зноў мне зрабілася моташна ад гэтай утульнасці. Хата неяк паменшала, а столь апусцілася ніжэй, прыціскала да падлогі.
Загурскі, папярхнуўшыся дымам, доўга кашляў. Было відаць, як высокі каўнерык кіцеля моцна ўразаецца ў шыю і на ёй уздуваюцца сіняватыя ад натугі вены.