— Мы з табой, Даша, горшыя ад таго не сталі, што некалі пасвілі кароў,— адкашляўшыся, пачаў ён.— Зусім не важна, кім чалавек працуе. А які ён — во што важна. Я вунь увесь свет аб’ехаў, а зноў у Зарэчча вярнуўся. Пад старасць. I пайшоў адсюль не малады. А яму чаго ў такія гады ў свет ісці? Гора яго адсюль гоніць, ці што?
Маці прынесла патэльню, запрасіла Загурскага да стала і толькі пасля гэтага адказала:
— Табе што. У цябе пенсія. А ён што тут заробіць?
— Будзе працаваць, дык заробіць. Не ад каго іншага, як ад нас заробкі залежаць.
— Што ты гаворыш, Платон? Каб жа ад нас толькі. А то вунь яшчэ ад Хведарыхі, Лепятухі, Восіпа. Ды і брыгадзіры нешта значаць. Табе можна працаваць і за так. А нам з якой патрэбы?
— 3 такімі брыгадзірамі, як нашы,— азваўся я,— не вельмі заробіш. Вунь толькі што адвёў Макуху дамоў. Як зямля п’яны…
Загурскі неяк порстка павярнуўся да мяне і ўжо не лагодна, як размаўляў з маці, а жорстка і нават злосна загаварыў:
— Некалі мы не так разважалі. Да ўсяго цягнуліся, усё на свае плечы бралі. Я ў твае гады ў гэтым самым Зарэччы калгас ствараў. Не чакаў, пакуль гэта нехта зробіць. Сам! А вы чаго чакаеце? Каб нам у свой час такую асвету — мы чорт ведама як працавалі б. Не, брат, утрыманцам жыць — апошняя справа.
Я запярэчыў:
— Вам прасцей было…
— Прасцей, кажаш? — перабіў Загурскі.— Не, брат, складаней. Класавая барацьба — гэта табе не жартачкі… А тут Макуха нейкі.
— Хопіць вам,— сказала маці.— Чаго дарэмна спрачацца. Слава богу, і пры Макуху жывём. Хто яе ведае, як яно было б, каб другі хто на яго месцы працаваў. Гэты хоць не прыціскае дужа.
Нейкі час вячэралі моўчкі. Я стараўся асэнсаваць усё, пра што гаварылі маці і Загурскі.
Я хутчэй спрачаўся ў думках з сабой, бо ўсё тое, пра што так горача гаварыў Загурскі, хвалявала мяне не першы дзень. Жыць і далей так, як мы жывём у Зарэччы, не выпадае. Камусьці трэба ўзяцца і моцна страсянуць нас, захапіць такой справай, якая не пакінула б раўнадушных.
Я адчуў, што не ведаю, як перайначыць парадкі ў нашай брыгадзе. Нас гэтаму не вучылі. За дзесяць гадоў мы навучыліся пісаць і чытаць, рашаць задачы і ставіць доследы па хіміі, рабіць шпакоўні і садзіць расаду на школьным агародзе. А як жа дамагчыся таго, каб уся брыгада працавала добра?
У галаве ўзнікалі ўрачыстыя словы.
Вы абавязаны змагацца…
Вам даны правы…
Будзьце настойлівыя і прынцыповыя…
Не цярпіце недахопаў…
— Як жа нам быць? — крыкнуў я і спалохана азірнуўся.
Відаць, я закрычаў у думках, бо Загурскі і маці па-ранейшаму паціху размаўлялі. Я прыслухаўся, спачатку не вельмі разумеючы, пра што яны гавораць.
— Кажу так, бо ведаю Даніліху, абярэ яна цябе, от паглядзіш,— гаварыла маці.
— Хопіць і мне і ёй…
— Дык я зноў пра сваё. Як сабе хочаш, а жаніцца трэба. Дзевак у нас вунь колькі. Кожная пойдзе.
— А мне, Даша, кожная не падыходзіць.
Загурскі глядзеў у парог, міма маці. I яна старалася не глядзець на яго. Толькі цяпер я заўважыў, што маці ў новай кофце. Валасы ў яе гладка прычасаны, а на лбе закручаны ў завіточкі. Усё гэта неяк насцярожыла мяне. Далей я ўважліва слухаў размову, стараўся адшукаць у іх словах пацверджанне маім здагадкам.
— Кожная, гэта толькі так гаворыцца,— ледзь зірнуўшы на Загурскага, адказала маці.— Добрых дзевак, яно і праўда, не шмат.
— От бачыш, сама прызналася.
— I ўдаўцом жыць не выпадае.
— Ты, во, жывеш…
— Жызня, хай на яе…
На мяне яны як бы забыліся. I я моўчкі цікаваў за імі. Звычайная гаворка, якую я не раз чуў у нашай хаце. I ўсё ж мне здавалася, што размова вядзецца не так сабе. Яны як бы прыглядаліся адзін да аднаго, як бы хацелі сказаць нешта больш значнае, ды не адважваліся.
Цвыркуны перасталі крычаць за печчу. Тады выразна пачулася, як шуміць за сценамі вецер, як сіпіць, патрэсквае ў лямпе кнот.
— Хай яно скісне, думай, думай, а толку ніякага. Завялі мы з табой не пра тое зусім.
Цяпер яна глядзела Загурскаму проста ў вочы і чамусьці ўсміхалася.
— Што ж ты рабіць намеран? На мой бабскі розум, дык табе варта ехаць. Думаць няма чаго.
— А я думаю. Яшчэ як, аж галава пухне,— Загурскі памаўчаў крыху.— Знаеш, Даша, да горычы крыўдна. Помню, прыехаў да нас упаўнаважаны з горада. Сабраў нас, камсамольцаў, пачаў расказваць, што, як і для чаго мы рабіць павінны. Мне тады толькі шаснаццаць гадоў мінула. Увосень у камсамол уступіў. Слухаў я таго ўпаўнаважанага, і нібы пада мной агонь гарэў — уседзець ніяк не мог. Так ясна і проста ён пра ўсё расказваў. Спачатку арцель, пасля саўгас, камуна. Камунізм. Усяго хапае. Усе свядомыя — не за страх, а па сумленню працуюць. Вось павер, Даша, хацелася ўскочыць і праз ноч ісці арцель арганізоўваць, цягнуць людзей да святла, да шчасця, якога яны разумець не хацелі. Зарад мы той дарма не растрацілі. Калгас стварылі. I парадкі навялі ў ім. Ты, можа, не помніш, а толькі наш калгас у трыццатым годзе атрымаў першую прэмію.