— Сам напісаў? — запыталася яна.
— Сам,— адказаў, чакаючы адабрэння.
Але Шура загаварыла пра іншае. Быццам я і не чытаў ёй верша. А потым, ідучы дамоў, сказала:
— У цябе, Янка, ёсць талент. I праўда, раскідацца ім не варта…
Тады я не надаў значэння яе словам, а цяпер было няёмка. Хацелася пагаварыць з Шурай, сказаць ёй, што ў тым вершы не было і грама праўды. Хіба ж я сумаваў з Шурай? Хіба баяўся кахання або збіраўся ахвяраваць ім? Проста, аднаго разу глядзеў на заход сонца, маркоціўся, што нельга было пайсці на спатканне, і вельмі лёгка, адразу, напісаў верш.
Пагутарыць нам не ўдавалася. У хаце заўсёды была Шурына маці. Ды і Шура, як мне здалося, неахвотна заставалася са мной. Не было і тых шчырых адносін, як улетку. I я вінаваціў толькі сябе. Атрымалася так, што я абразіў дзяўчыну, абвінаваціў, быццам яна навязваецца мне са сваім каханнем.
Было шкада летніх дзён і невыказаных слоў, якіх вельмі многа тады хацелася сказаць. Не было б дажджу, можа зноў пайшлі б калі на возера. Шура ўсё зразумела б. Яна ж разумная.
Неяк у суботу пад вечар маці паслала мяне да Макухі. Трэ было папрасіць назаўтра каня, каб адвезці на рынак яблыкі.
Сцяпана не было. Цётка Марына сустрэла мяне ў сенцах, пацягнула ў хату.
— Зайдзі, во, Канстанцінавіч, пасядзі троху. Адны ўвесь дзень ў хаце. Словам няма з кім перакінуцца.— А калі мы увайшлі, крыкнула ў бок перагародкі: — Хрысціна, паглядзі, хто да нас прыйшоў…
3-за аксамітнай парт’еры неўзабаве паявілася Хрысціна. У яе быў заспаны твар, але чорныя косы акуратна заплецены. Яна пазяхнула і неяк ляніва сказала:
— Спіцца ў дождж. Ачмурэць можна,— і адразу ж запыталася: — На вечарынку заўтра пойдзеш, ці можа, ужо і знацца з намі не хочаш? У горад, я чула, ісці збіраешся.
Сцяпаніха падхапіла яе словы:
— А божачка, чаго ён тут не бачыў!.. Гэта ж ты, во, не захацела вучыцца.
— Завяла ты, мама, сваё,— абыякава сказала Хрысціна і прысела да стала.
Сцяпаніха прынесла вяндлёную шынку, салёныя гуркі, памідоры.
— Давайце, во, дзетачкі, пачастуйцеся. Побач жывём, а за сталом адзін у аднаго не бываем.
За стол садзіцна не хацелася. Трохі было сорамна,— які я госць,— трохі пабойваўся маці — будзе сварыцца, што забавіўся.
— Запрашай, Хрысцінка, госця,— казала цётка Марына, бегаючы ад печы да стала.— Я ж і кажу — самае залатое ўрэмечка ў вас цяпер. I пагуляць, і павесяліцца трэба, пакуль клопаты не зваляцца на плечы. Я дык Хрысціну не прымушаю працаваць. Хопіць, што сама за свой век нарабілася. Бывала, і жыта жнеш, і бульбу капаеш, увосень малоціш, пасля кудзелю прадзеш. Хапіла работы. Ды яно іначай і не было як жыць. Бацька мой некалі ўсё на зямлю ўзбіваўся, пасля машыны хацеў купіць, каб не трэба было ў людзей браць малатарні ды веялкі. А мы са Сцяпанам да вайны хату будавалі. А вам цяпер няма чаго шчыраваць. Камунізм, кажуць, скора будзе. У Мікалаеўшчыне вунь загад прыйшоў. Дамы цагляныя, як у горадзе, будуць будаваць. Так што цяпер пра адно клопаты, як бы паесці ды адзець што было.
— Ладна табе ўжо,— ленавата махнула рукой Хрысціна.— Відэльцы во падавай хутчэй.
Сцяпаніха борздзенька пабегла на кухню па відэльцы. Мне было непрывычна, што маці так шчыра слухае дачку. У нас дома такой завядзёнкі не было: распараджацца магла толькі маці.
Пасля, калі мы вылезлі з-за стала, Сцяпаніха хвалілася гаспадаркай і набыткам у хаце. Паказвала адрэзы на паліто і плацці. Запыталася, ці падабаецца мне гардэроб з вялізным люстэркам і драўляны нізенькі ложак. Прымусіла Хрысціну адкрыць швейную машыну, каб я на свае вочы пераканаўся, што яна не абы-якая, а падольская. Потым яна прынесла альбом, чырвоную тоўстую кнігу, пачала паказваць фатакарткі, найбольш тыя, дзе сфатаграфавана Хрысціна.
— Авой, што ж гэта я сама!.. Твой альбом — ты і паказвай,— спахапілася яна і ўступіла крэсла Хрысціне.
Тая прысела на край, тыцкала пальцам у фатакарткі, тлумачыла:
— Гэта во я, калі ў чацвёртым класе вучылася. А гэта наш Пятрусь з жонкай.
Сняпаніха пасядзела крыху, выйшла. Хрысціна ўсміхнулася, паглядзеўшы ёй услед.
— Маці цябе вунь як упадабала. Жызні не дае мне. Усё Янка, ды Янка…
Мяне быццам ашпарылі. Прапала цікавасць да альбома, Хрысціны і гэтай вялікай з фарбаванай падлогай хаты. Хрысціна зайшлася ад смеху.
— А ты не бойся. Замуж я за цябе не сабіраюся.
— Што ты, я нічога не думаў,— засаромеўся я.
— Думаў ці не — няважна. Жартую я.— Хрысціна адкінулася на спінку крэсла, заклала рукі за галаву.— Сумна ў нас. 3 самага мая кіно не бачыла. Занеслі цэнтр калгаса на край свету і забыліся пра нас. Дык тут чорт ведае да чаго дадумаешся…