Выбрать главу

Яна зноў пачала гартаць альбом, блізка прыхінаючыся да мяне. Яе валасы пахлі кветкамі маку, і гэты саладкаваты пах кружыў галаву. Перад вачыма ўвесь чае мільгалі Хрысцініны рукі, маленькія і па-дзіцячаму пульхныя.

Раптам на адной са старонак альбома я ўгледзеў Шурыну фатакартку. Мая рука сама прытрымала тую старонку. Хрысціна заўважыла гэта. Яна выцягнула фатаграфію, падала мне. На адвароце акуратным Шурыным почыркам было напісана: «Дарагой Хрысціне ад Шуры. Няхай наша дружба будзе вечная».

Прызнацца, я троху здзівіўся. Хрысціна намнога старэйшая за Шуру, і я ніколі не чуў, каб яны сябравалі.

— У леташнім годзе я ў Данілішыным звяне працавала, вось Шура і ўпадабала мяне,— растлумачыла Хрысціна і раптам запыталася: — Кажуць, што ў вас з Шурай неразліўная любоў?

— Выдумляюць,— паспешліва адказаў я і пачырванеў: было сорамна, што выракся нашай дружбы. Каб хоць крыху зменшыць няёмкае маўчанне, што было ўсталявалася ў хаце, пажартаваў: — Да любві мы не дараслі, а дружба моцная.

Хрысціна дапытліва глядзела мне ў вочы, ківала галавой.

— Ой, хлусіш. Толькі дарма ўсё. Яна цяпер з пасынкам Загурскага перапісваецца.

Нешта вострае балюча ўпілося ў сэрца, пачало смактаць яго. Я прыгадаў, што не раз бачыў на сцяне ў Данілавай хаце Кірылаву фатаграфію. Потым успомніў, што аднарукі Піліп Вострык нешта залішне часта забягае да Данілы. Не можа быць, каб Кірыла так часта пісаў лісты бацьку. Пэўна, іх палучае Шура.

I раптам усё здалося мне вельмі простым. Шура на мяне не злавалася. I верш тут не мае ніякага значэння Проста ёй сорамна было, што першая здрадзіла. Ну і няхай. Плакаць не стану…

Але я думаў пра яе. Калі ўсё пачалося? Няўжо з сенакосу? Я тады пайшоў з мужчынамі, а Кірыла паехаў на возе з дзяўчатамі. Успомнілася, як Шура смяялася, слухаючы Кірылу. Усё ясна. Вось тады і пачалося ў іх…

Мне ўжо не хацелася разглядаць фатакарткі. Хацелася хутчэй пабачыць Шуру, выказаць ёй ўсё, што накіпала на душы. Крыху пасядзеўшы, я пайшоў.

Дождж надціх. На захадзе, над Русакамі, вецер разарваў хмары, і скупыя, няласкавыя промні прабіліся на зямлю, азарылі вёску жаўтаватым святлом. А ў Зарэччы было змрочна. Мутныя лужыны здаваліся рабымі ад дробнага дажджу. I ручаі беглі паныла, быццам хацелі хутчэй выбрацца на прастор палёў.

3

Вечарынкі ў Зарэччы былі амаль кожную нядзелю. Музыканта і хату наймалі па чарзе. У тую нядзелю за гаспадара быў Восіпаў Хведар.

Пасля таго, як Хведар вярнуўся з прымаў, ён вельмі перамяніўся. Даўней Хведар быў ціхманы, сарамлівы і крыху цельпукаваты хлопец. Цяпер яго падхапіла і панесла, як трэску ў паводку. Ён напрапалую гуляў з дзяўчатамі, падкочваўся да ўдоў і замужніх жанчын. Разы тры яго бязлітасна за гэта білі. Але ён быў жывучы, як кот. 3 тыдзень адлежваўся на печы і зноў, ссунуўшы на патыліцу шапку, хадзіў па вёсцы лянівай хадой.

Жанчыны сустракалі яго лаянкай, але я не раз заўважаў у іх вачах нездаровую цікаўнасць. Многія яго шкадавалі, бо Хведара жывасілам аддалі ў прымы да гарбаносай удавы-акушэркі з каралішчавіцкай бальніцы. Але мне здавалася, што і шкадуюць Хведара па-асабліваму, быццам ахвяруюць сабой. А ён гэта адчувае і неяк брыдка глядзіць на жанчын. Можа таму я не любіў Хведара і, мусіць, не пайшоў бы на вечарынку, каб не спадзяваўся сустрэць там Шуру.

У суботу я доўга хадзіў па бярэзніку, пільнаваў Шуру, бо яна заўсёды вярталася са школы гэтай дарогай. Прамок да ніткі, а Шуру не сустрэў. У нядзелю разы два прайшоўся паўз Данілаву хату. Спадзяваўся ўбачыць Шуру ля акна. Але надзеі мае былі марныя.

Ідучы на вечарынку, я думаў над тым, што скажу Шуры і што адкажа яна. У галаве, як рой, гулі гнеўныя словы.

Вечарынкі заўсёды гулялі ў Цітковай Пелагеі. Вялізная на пяць акон Пелагеіна хата стаяла на водшыбе, за ручаём. Яшчэ здалёк я ўбачыў яркае святло, невыразныя цені на вокнах, што мітусіліся, як камары ў пагодлівы вечар, і спалохаўся. Як я паяўлюся ў чужой хаце? Думалася, што ўсе адразу заўважаць мяне, будуць глядзець, як на нейкае дзіва.

На тое ліха, нідзе нікога не было. Хоць бы адзін спадарожнік.

Калола вочы цемра, і я раз-пораз трапляў у лужы. Надакучлівы дождж ціха сіпеў у хмызняках. Навокал толькі і чулася вось гэтае самотнае сіпенне. Ды прыгінала да зямлі цемра.

За ручаём крыху пасушэла. Праз хлюпанне данесліся кволыя гукі гармоніка і прыглушаная гамонка людзей. Дзверы ў хаце былі адчынены насцеж.

У сенцах тоўпіліся дзеці. Я спыніўся ў парозе, баючыся віднаты і людскіх вачэй.

На вечарынку я прыйшоў упершыню. Калі быў яшчэ ў дзевятым класе, падмеўся быў схадзіць на вечарынку. Але маці мяне не пусціла, сказала са злосцю: «Што ты там забыўся? Добраму там не навучышся, а дрэннае само прыйдзе. Ходзяць туды тыя, хто вучыцца не захацеў. Так што яны табе не таварышы…» Я так і вырас у далечыні ад вёскі, ад людзей, пазіраючы на іх вачыма маці. А яна зарачанцаў не любіла.