Танец якраз кончыўся, і, разагрэтыя полькай, хлопцы і дзяўчаты хлынулі ў сенцы. Мяне запіхнулі ў кут на дзежкі. Я стаяў, прыслухоўваўся да размоў і не мог адшукаць у іх ні сэнсу, ні цікавасці. Так, пустыя размовы.
Я быў сабраўся пайсці, але мяне заўважыла Хрысціна. Яна стаяла на парозе і махала хустачкай перад тварам.
— Прыйшоў!..— здзівілася яна.— I як цябе маці пусціла…
Было крыху крыўдна. Няўжо я такі маленькі. Маўчаў. Пайсці цяпер не выпадала.
— Чаго ты ў хату не заходзіш? Распранайся, а то там горача.— Яна паклікала Пелагею, а калі тая прыйшла, папрасіла:— Цётачка, павесце ягонае паліто ў шафу.
Мне зрабілася няёмка. Навошта такая ўвага. Але Пелагея прымусіла распрануцца і, нібы нейкую дарагую рэч, панесла паліто на выцягнутых руках у пакой.
3 натоўпу выдраўся Хведар. Доўга ціснуў руку, гаварыў:
— Во, малайчына, што прыйшоў. Дзевак адусюль панайшло, а мальцаў небагата,— і пацягнуў мяне за сабой у закутак за печчу.
Там стаяла тумбачка. На сцяне цьмяна гарэла шасцілінейная лямпа. На табурэтках сядзелі данькаўскія і русакоўскія хлопцы. Двух я ведаў. Астатнія — незнаёмыя.
— Во, падмогу прывёў,— абняўшы мяне за плечы, сказаў Хведар.— Садзіся, Іван. Сёння ўсіх частую. Не тое, што дзеўкі. Зробяць вечарынку, а пасля з музыкантам нават не могуць разлічыцца.
Хлопцы паціснуліся, далі месца.
Я прысеў, але піць не стаў, хоць мяне і прымушалі. Калі ўжо не было як адмовіцца, дык я стараўся непрыкметна выліць гарэлку пад ногі.
Хлопцы хвалілі Хведара, дзівіліся, адкуль бярэ ён грошы. Хведар падміргваў, адказваў коратка:
— Жыць, браточкі, трэба ўмець!
Нарэшце гарманіст ускінуў на плячо лямкі, трохі няўпэўненай хадой пайшоў у хату. Хведар ускочыў, піхнуў табурэтку.
— А цяпер лінція, мальцы. Якраз на два кругі.
— Што ты, я ж не танцую,— мяне ахапіў страх. Нават гарэлка не адабрала развагу.
— Чапуха, навучым. Механіка не дужа хітрая. Пайшлі.
«Лінція», як і кадрылю, танцуюць чатыры хлопцы і чатыры дзяўчыны — круг. Самы для мяне танец, бо ніякіх складаных фігур у ім няма.
Усёй гурбой мы спыніліся сярод хаты. Хлопцы курылі, прыглядаліся да дзяўчат. На тое ён і «лінція», каб усё рабіць не спяшаючыся, спакваля. Дзяўчат запрашалі па чарзе. Нехта адзін пакідаў нас, ішоў да купкі дзяўчат, кланяўся адной з іх. Калі дзяўчына схіляла галаву — значыць, давала згоду на танец. Я стаяў, баючыся сысці з месца, бо ведаў, што калі першы раз запрашаеш на «лінція», дык не толькі таму, каб патанцаваць. Першае запрашэнне, як бы выбар дзяўчыны па каханню. Яе пасля трэба будзе і дамоў весці. Каб была Шура, дык я не задумваўся б. Але яе не было.
— Чакай, Янка, я сам табе запрашу,— сказаў Хведар, і я ўзрадваўся.
Шырока расстаўляючы крывыя, як абады, ногі, Хведар пайшоў у парог, згубіўся сярод дзяўчат. Мне вельмі хацелася пабачыць, каго ён запросіць на танец, але так і не ўбачыў. Хведар вярнуўся да нас, падміргнуў:
— Крыўдаваць не будзеш…— і тры разы пляснуў у далоні: — Дзеўкі — на круг!
Справа ад мяне стала Хрысціна, усміхнулася:
— А ты чаму сам не прыйшоў запрашаць?
Я адказаў, што было боязна, раптам адмовіла б. Танцор з мяне няважны.
Пасля на працягу ўсяго танца мы не перакінуліся з ёй ніводным словам. Мне даводзілася больш думаць над тым, што і як рабіць, каб зусім не заблытацца сярод сваіх партнёраў. Хрысціна танцавала лёгка. Можа таму ўсё сышло для мяне гладка.
Пасля танца Хрысціна пайшла ў куток, прысела там на ложку. Мяне цягнула да яе, але было сорамна падыходзіць. Я стаяў адзін, бо хлопцы гаварылі пра нейкія свае справы і зусім забыліся на мянё. Непрыкметна адступаючы, я апынуўся побач з Хрысцінай. Яна адразу пасунулася, каб я мог сесці ля яе.
— Дык ты зусім нядрэнна танцуеш. Прыкідваешся толькі.
Я нешта адказаў. Завязалася няхітрая размова, у часе якой я мімаволі абдумваў кожнае слова. Не ведаю чаму, але мне заўсёды хочацца разважаць над кожным словам і сваім, і субяседніка.
Хрысціна слухала мяне не вельмі ўважліва. Я адчуваў, што ёй сумна ад маіх цяжкаватых размоў, важкіх слоў і старэчай разважлівасці. Але не мог перамагчы сябе.
— Праўда, сумна ў нас? — запыталася Хрысціна.
Я адчуў, што яна як бы спачувае мне, быццам адгадала мае невясёлыя думкі.
— Не весела…
— Нічога, прывыкнеш. Гэта спачатку толькі,— яна памаўчала трохі і ўжо неяк зусім па-другому сказала: — Ты, Янка, не вельмі з Хведарам дружы.