Выбрать главу

Я здзівіўся. Цяпер Хрысціна гаварыла так, як мая маці. Насцярожана, з недаверам і крыху таямніча, быццам ведала нешта такое, чаго не магу ведаць я.

— Чаму? Ён — кампанейскі.

— Ай, кампанейства яго…

Побач з намі на ложку сядзеў у абдымку з Хведарышынай дачкой данькаўскі хлопец. Мне вельмі хацелася пачуць, пра што яны гавораць. Але яны ўвесь час маўчалі і, здаецца, самі больш прыслухоўваліся да нас.

— Трэба дамоў ісці,— сказала Хрысціна.— Нам жа ў адну дарогу.

Мы выйшлі на двор. Дажджу не было. На захадзе праяснялася неба, як на мароз. Яно было нейкае вельмі сіняе на фоне чорных хмар. У прасветлінах дрыжалі яркія зоркі.

3 хатняй віднаты ўсё навокал танула ў цемры. Каб не гэтая пасвятлелая стужка неба, ісці было б зусім няможна. Я стараўся прыладзіцца ў нагу да Хрысціны, пакутліва разважаў, ці прыстойна ў першы ж вечар браць яе пад руку? I раптам узлавауся: вечна я раздумваю.

Яна нічога не сказала, калі я ўзяў яе за локаць. Перамяніла толькі нагу, і мы пачалі ступаць улад, выбіраючы сушэйшыя мясціны. Маўчалі. Не паяўляліся тыя патрэбныя ў гэты час словы, якія б разбурылі скаванасць і няёмкасць. Пустыя вымаўляць не хацелася.

Ля веснічак Сцяпанавай хаты спыніліся. 3-пад Русакоў дзьмуў золкі вецер, шалахцеў голлем таполі. Даводзілася тупаць, каб трохі сагрэцца. Пайсці неяк адразу было няёмка, каб пасля Хрысціна не паемяялася, што збег. Перакідваліся нязначнымі словамі. Хрысціна больш гаварыла пра дзяўчат, што спявалі прыпеўкі. Высмейвала іх. А мне хацелася, каб размова была больш значная.

— Зойдзем на той бок двара. Там зацішней будзе,— сказала яна і пайшла вакол хаты па палісадніку.

На тым баку пад хлевам ляжала салома. Тут і сапраўды было зацішна. Нават цёпла. Мы прыселі. Хрысціна абапёрлася спіной аб сцяну, глядзела на мяне і, здаецца, загадкава ўсміхалася. У хляве сапла карова, раз-пораз нехта грукаў у сцяну, і тады пачынаў незадаволена рохкаць парсючок.

Сядзець было нязручна. Але я ніяк не мог адважыцца ўстаць і пайсці. Чакаў, пакуль Хрысціна скажа сама, што пара ўжо дамоў.

— Шкада будзе, калі ты пойдзеш у горад,— азвалася яна, і я здзівіўся, чаго ёй шкадаваць. Хрысціна дадала: — 3 табой добра. Ты не такі, як усе. Сарамлівы.

Было цяжка зразумець, хваліць яна мяне або насміхаецца, бо апошнія словы яна вымавіла неяк па-асабліваму.

— Холадна ўжо як…— прадаўжала Хрысціна.— Лета так хутка прамільгнула, што і не заўважыла.

Яна шчыльней захуталася ў куртку, падняла каўнерык, затуліла ў яго твар. Рукі схавала ў рукавах. Цяпер яна здавалася маленькай і вельмі кволай. Неяк было шкада яе. Хацелася сказаць штосьці добрае, ласкавае, такое, што сагрэла б яе. Але па-ранейшаму не знаходзіліся разумныя словы. Хрысціна падсунулася бліжэй. Цяпер яе плячо ўпіралася мне ў грудзі. Здавалася, што я чую, як ад яго ідзе цеплыня.

— Чаго ты такі маўклівы? Галя Янчык аднойчы казала мне, што ты самы разумны ў школе. Калі пачнеш гаварыць, дык заслухаешся. А ты маўчыш. Аж няёмка. Ці можа я табе надакучаю?

— Не. Чаму ж? Мне цікава цябе слухаць.

— Праўда?

— Канечне, праўда.

— Разумныя, мабыць, заўсёды больш маўчаць. У залеташнім годзе мяне разы два данькаўскі настаўнік праводзіў з вечарынкі. Дык таксама больш маўчаў. Ідзе і — ні слова за ўсю дарогу. Я тады маладзейшая была, дурная, раззлавалася на яго і аднаго разу ўцякла. Ну, ён больш і не пайшоў. А летась паехаў у Мінск вучыцца. Аспірант цяпер. А Мікола Шугалей, з Русакоў, дык той усю дарогу трэплецца. Аж моташна бывае…

— Пустое гаварыць няёмка.

— Праўда. Толькі, Яначка, і маўчаць усягды не выпадае. Хочацца іншы раз душу адвесці. А на разумнае розуму не хапае. Ды і пра што гаварыць будзеш, калі на падзеі нашае Зарэчча не багата. Усё адно і тое ж.

— Гэта праўда.

Мы яшчэ крыху пасядзелі. Потым Хрысціна запыталася:

— На цябе маці сварыцца не будзе? Мая, дык нічога. А ў цябе — строгая.

— Хіба я маленькі?

— Яно так. Але на сёння хопіць. Пасядзелі, нагаварылі. Заходзь, Янка, калі час будзе,— і ўжо развітваючыся, запыталася:— У цябе кнігі, мусіць, ёсць? Даўно ўжо нічога не чытала. Прынясеш можа?

— Добра,— згадзіўся я.

Расстаўся я з Хрысцінай лёгка. Надакучала скаванасць, няёмкасць, якія я адчуваў увесь вечар. Але чым далей адыходзіў я ад Хрысцінінай хаты, тым больш яскрава ўяўляў Хрысцінін твар, з вечнай усмешкай на ім, тым выразней чуў яе голас. Нейкі дзіўны сум агортваў мяне. Хрысціна вабіла да сябе, выклікала цікавасць, як дарагая, мімаходзь убачаная рэч. Цяпер пачалі паяўляцца прыгожыя і разумныя словы, якія я мог сказаць, але так і не сказаў.

У тую ноч я доўга не мог заснуць. Усё вырашаў, што за чалавек Хрысціна. У сне бачыў Данілаву Шуру з вянком васількоў на галаве і доўгага без акуляраў пасынка Загурскага, які піў гарэлку шклянкамі.