4
Пасля снядання ля тока паставілі малатарню, падагналі трактар. Стасеў бацька Ягор Пацябня важна хадзіў ля трактара, выціраў перапэцканыя рукі вяхоткай. Убачыўшы мяне, усміхнуўся, паклікаў пальцам:
— Хадзі сюды, Янка. Як ты жывеш? Чаго не зайдзеш калі ў нядзелю? Стась часам на выхадны прыходзіць, хоць, я табе скажу, работы ў яго многа…
— А чаго ж ён сам не зойдзе? Я дык усягды дома.
— У іх, брат, не абы-які інсцітут. Дужа не пагуляеш.— Чолка памаўчаў, потым надумаў паспачуваць мне: — Прамахнуўся ты тады. I Стася ледзьве не звёў. Добра, што я табялёк у яго адабраў. А то цяпер бы ўдвух бібікі абівалі. Харошы інсцітут, я табе скажу. Свая гаспадарка, у сталовай дзяшоўка. Інтэрнат на ўсіх, і не цесны. Не паслухаў ты тады мяне, сукін сын. Мабыць, сам каешся, дык жа цяпер за локаць не ўкусіш.
— У мяне, дзядзька Ягор, зайздрасці няма. Я ў ветэрынарны інстытут ніколі не пайду.
— Ну і дурань. Будзеш боўтацца тут, як каровін шавяк у прорубцы. А гады бягуць! Іх, брат, не дагоніш.
— Не, дзядзька Ягор, вучыцца я ўсё роўна паступлю. Туды, куды цягне. А не туды, куды лягчэй…
— Кім жа ты быць хочаш? Міністрам можа?..
— Я пісаць хачу.
— Яно і такая спецыяльнасць не пыльная… Аднаго разу ў мяне карэспандэнт начаваў, дык хваліўся, што ім добра плацяць.
— Я не пра тое думаю, колькі плацяць. Хочацца, каб ад працы радасць была.
— Эге, радасць! А па мне любая работа, калі не цяжкая ды заработачная,— радасць. Да вайны мяне, знаеш, у ціятры цягнула. У гуртках выступаў. Пра «Вочную стаўку» можа чуў што? Дык я там шпіёна іграў… Ледзь быў у ціятр не трапіў. Я там натоўп прадстаўляў. Намажуць грымам, і ходзіш па сцэне, крычыш, калі трэба, або рукамі махаеш. Дужа мне такая работа падабалася. Хоць грошы невялікія, але і работа не бі ляжачага. Паставілі мяне асвяціцелем. Гэта, знаеш, ліхтарамі на сцэну трэба было свяціць з верхатуры. Ну я і гэтую работу палюбіў. Думаў, што лепей за яе на свеце няма. А тут хоп-лоп — вайна. Мяне за шкірку, ды на фронт, заходніх беларусаў, значыць, вызваляць. Адтуль, як і водзіцца, на Карэльскі перашыек. Потым у Эстонію пайшлі. Я ўжо тады памкамузвода служыў. Хоць і не было ў мяне асветы, а службу нёс спраўна. Гэта толькі прыдуркам вайсковая жызня страшнай здаецца.
Ягор кінуў анучку ў скрыню, дастаў кісет, скруціў тоўстую, з аглоблю, цыгарку. У паветры паволі таяў сіняваты дымок. Я глядзеў на яго кволыя наміткі, што паволі раствараюцца ў чыстым марозным паветры, і мне здавалася, што вось гэтак жа знікае, раствараецца мая нянавісць да Стасевага бацькі. Што ты ад яго хочаш, калі чалавеку пэўна што не салодка жыць даводзілася?
Ягор, памаўчаўшы, прадаўжаў апавядаць. Ён, відаць, захапіўся ўспамінамі і цяпер ужо не помніў, з якога выпадку пачаў гаворку. Я не перабіваў яго.
— Ага… Дык я, значыць, пра тое, як ваяваў. У мяне тады два кубарыкі на пятліцах віселі. А якраз пагоны ўвялі. Здаёцца, гэта зімой было. Наш брат, акопнік, яшчэ тых пагонаў і ў вочы не бачыў. Толькі што ў газетах на малюнках паглядзелі, і ўсё. А тут раптам генерал прыехаў. Я якраз на НП адзін быў. Афіцэр, значыць, я адзін. Адказыраў, далажыў чын па чыну, а сам на пагон генеральскі гляджу. Генерал, мабыць, заўважыў мой позірк ды і пытае: «Ну што, лейтэнант, зайздросціш?» Генералы таксама жартаваць любілі. Адказваю яму чын па чыну: «Так што, таварыш генерал, не тое што зайздросна, а ў сувязі з маёй любоўю да вайсковай справы, не дрэнна было б вось такія пагоны хоць адзін дзень панасіць. А там хоць і памірай». Ну, генерал усміхнуўся і кажа: «Золата, лейтэнант, шмат, а прасветліны няма…» Во, брат, урэзаў. Значыць, я так разумею, што, чым вышэй на пасаду ўзбіраешся, тым жыць трудней. А калі жыць цяжка, дык якая тут радасць… Няма яе.
— А вось гэта няпраўда,— узгарэўся я.
— Дык я не пра тую, што ваабчэ. Ваабчэ яна ёсць. Іншы раз сам не знаеш, чаго радуешся. Во, я, скажам, закурыў — і то на душы лёгка зрабілася…
Да тока на машыне пад’ехаў Хведар. Ён выскачыў з кабіны, смачна вылаяўся.
— У шыю гоніць, а малацьбу не пачынаў.
— А ты не гарачыся. Няхай машына адпачне,— азваўся Ягор і зноў заняўся сваёй справай.
Хведар абабег вакол машыны, пастукаў ботам па колах.
— Гаспадары, скула ім у бок! Гума ўся на манжэтах, а яны — каб плюнуць…
Ён падышоў да мяне, падаў руку, запытаўся:
— Як у цябе з Хрысцінай? Газуеш?.. Яна, брат…
Я пачырванеў. Мне і без слоў, па адным падміргванні, зразумела, на што намякае Хведар. Сорамна. Нават у думках я не трымаю таго, пра што думае Хведар.
— Ты Хрысціну не чапай…
— Даруй, канечня. А толькі баб я навылёт бачу. Зойка навучыла на баб без усякіх там ахаў ды вохаў глядзець. Акушэрка, брат, як поп: ёй ва ўсіх грахах прызнаюцца.