Выбрать главу

5

Загурскі ходзіць пануры. Часам ён бывае ў нас. Тады твар яго святлее, робіцца мякчэйшы. Маці таксама весялей трымае галаву. Яны аб нечым гавораць, спрачаюцца, а потым, калі змаўкаюць, пазіраюць адзін на аднаго крадком і ўсміхаюцца. Я — не маленькі, я ўсё разумею, але ад гэтага боль не сціхае. Мне было б вельмі непрыемна, каб Загурскі перасяліўся да нас. Гэту хату будаваў мой бацька. Тут нябачна для нас ён жыве і цяпер… Добра, што аб перасяленні Загурскага пакуль што не ідзе гаворка. Я нават чуў, што Загурскі хоча вясной будаваць хату. Пакуль ён жыве ў Амельнічэнкаў.

— Іншага выйсця, Дашанька, няма,— чую я голас Загурскага.

— Рабі як хочаш. Толькі я свайму ворагу такога не пажадаю.

— Час жа канчаць гэту каніцель. Цопа з Макухай зусім расцягнуць брыгаду.

— А табе што, больш за. ўсіх трэба…

— Даша, што ты кажаш, падумай. Хіба ж сумленны чалавек можа такое цярпець? Камунізм — не за гарамі, а ў нас што? Абсурд, як кажа Чукрай. Час цяпер, Даша, не той, каб маўчаць. Гэта мы прывыклі некалі аднаго чалавека слухаць, дык ніяк не навучымся думаць і змагацца з непарадкамі. А камунізм — гэта найвялікшая самадзейнасць народа, калі кожнаму да ўсяго ёсць справа, калі кожны выкрывае хібы і ўсе разам выпраўляюць іх.

— Глядзі, прапішуць табе хібы!..

Настае доўгае маўчанне. Мне здаецца, што ў хаце нікога няма. Гэта мяне палохае, але я чамусьці саромеюся заходзіць у хату. Грукаю ботамі, кашляю і толькі пасля гэтага адчыняю дзверы.

— Дык я пайду… I так заседзеўся,— далятае з залы голас Загурскага.

Відаць, ён адчуваё, што я не надта люблю яго.

Хвіліну счакаўшы, маці гаворыць мне:

— Платона брыгадзірам будуць выбіраць. На ліха яму тое здалося!.. 3 нашымі людзьмі хіба кашу зварыш… Сядзеў бы ціха.

— Калі будуць выбіраць?

— Ты ж пра гэта, глядзі, нікому не кажы.

Навіна здзіўляе. Па шчырасці, лепшага брыгадзіра ў нас не знойдзеш.

У суботу з раніцы Макуха хадзіў па хатах, наказваў ісці на сход. У Сельпоўскай краме на раскрыжаванні пілі гарэлку, спрачаліся да хрыпаты. Вечарам усе рынулі ў Русакі. Як на кірмаш ішлі.

Цесненькі русаковіцкі клуб запоўнены да рэшты. Пальца не ўваб’еш! За сталом рэжуць «казла». На лаўках кураць самасад, лускаюць гарбузікі. Дым — слупам. Пыл — каромыслам. Я прабіваюся праз натоўп у сенцах. Нехта ляскае па плячы, закрывае вочы рукамі, якія прапахлі лякарствам.

— Стась,— здагадваюся я.

— Здароў, Янка. Колькі зім, колькі летаў…

Мы выходзім на двор. Спыняемся ў зацішку пад плотам. Я гляджу на Стася і ўсміхаюся, як здурнелы.

— Як ты?. Расказвай!

— Вучуся. Грызу навуку.

— Задаволены?

— Ты, можа, пасмяешся, а толькі я сапраўды задаволены. Знаеш, сельская гаспадарка — праблема нумар адзін. Работы ў нас непачаты край…

— Не, Стась, я смяяцца не буду. Я разумею цябе і рад, што ты знайшоў сваю дарогу.

— I ты не гаруй, знойдзеш.

— Я не гарую.

— Ты тут, кажуць, да Хрысціны заляцаешся. А Шура як?

— Што Шура? Ну, а ты?..

— Я, брат, таксама пазнаёміўся з адной цудоўнай дзяўчынай. Яна на два курсы старэй за мяне. Дачка палкоўніка-адстаўніка. Добрая дзяўчына.

— Глядзі, брат,— усміхаюся я,— каб пасля інстытута ты не пачаў вырашаць праблему нумар адзін на цесцевай дачы…

— Не, мы з Эмай на вёску махнём. Яна ўрачом, я — заатэхнікам. Яна ў мяне талковая.

— Тады добра, бо ты, Стась, крыху несур’ёзны.

Стась не ведае, крыўдаваць яму ці не.

Да клуба імчыць грузавік. На ім, трымаючыся за абшыўку кузава, стаяць Чукрай і Загурскі. Машына спыняецца, з кабіны выходзіць незнаёмы чалавек, відаць, прадстаўнік з раёна. Адразу ж ад хаты Кузьмы Цопы паяўляецца натоўп: сам Кузьма, Сцяпан Макуха, Халімон Лепятуха, Стасеў бацька — Ягор Пацябня, кладаўшчык Змітрок Бабчык і яшчэ дзесятак русаковіцкіх мужыкоў.

Мяне вельмі здзіўляе, што на звычайны брыгадны сход прыехаў прадстаўнік з раёна. Але Стась растлумачвае, што адбылося ў нас.

— Загурскі гэты,— шэпча Стась,— не ўпадабаў нашы парадкі. Яны, праўда, нікому не падабаюцца. Ну, вось і павёў ён атаку на Цопу. А Кузьму, брат, зваліць не так проста. У яго палова раёна знаёмых. Ды і хітры ён, як чорт. Чукрай спачатку гатовы быў скінуць Цопу, а тады назад падаўся. Мабыць у раёне сказалі, каб не чапаў Кузьму. Загурскі, канечне, пачаў пісаць. А знаеш жа, як любяць скаргі? Сёння будзе такая бітва, якой наша дзевятая брыгада даўно не бачыла.

У клубе стала яшчэ цясней. Мы са Стасем сяк-так узабраліся на вітрыну. Хоць і хісткае збудаванне, а трымацца можна.

За сталом ужо сядзелі прадстаўнік з раёна, Чукрай, Цопа і Сцяпан Макуха. У брыгадзіра на кіцелі медалі і ордэн. Нехта з пярэдніх радоў выгукнуў: