Выбрать главу

— А штой-та ты, Кузьма, культ на паказ носіш?

Успыхнуў і патух смех. Цопа доўга глядзеў у залу, працадзіў праз зубы:

— Ты мне культам не тыцкай. Гэтыя медалі мне за пралітую кроў далі. Такім, хто за печкай вайну прасядзеў, гэтага не зразўмець.

— Ты сход адкрывай,— падаў голас Чукрай.— Дыскусіі чаго разводзіць.

Цопа аб’явіў, што сход адкрыты. Выбралі прэзідыум: Чукрая, прадстаўніка з раёна Вараніцына, Цопу, звеннявую па кукурузе Наталлю Смулёву і Змітрака Бабчыка.

Зала не сціхала. Асабліва было шумна ў парозе. Чукрай доўга супакойваў людзей, а калі шум надціх, пачаў гаварыць:

— Мы, таварышы, склікалі сход, каб пагутарыць на чыстату. Да мяне і ў раён, і нават вышэй, паступалі скаргі на брыгадзіра таварыша Цопу і яго памочніка, а фактычна брыгаднага ўчотчыка таварыша Макуху.— У зале настала напружаная цішыня.— Хадзілі чуткі таксама, што Цопа, Макуха і яшчэ хтосьці прысвоілі сабе, ці, проста кажучы, укралі некалькі мяхоў пшаніцы ў часе малацьбы. Былі і другія сігналы. Пра іх вы і скажаце пасля таго, як таварыш Цопа дасць вам справаздачу аб сваёй рабоце. Слова мае брыгадзір дзевятай брыгады таварыш Цопа.

Лёгкі шолах прабег па радах. Цопа ўстаў, расшпіліў кіцель. На грудзях жаласліва звінелі медалі, пакуль ён даставаў з-за пазухі сшытак — тэзісы сваёй справаздачы.

Звычайна Цопа гаворыць па-беларуску, але на сходах ці з начальствам трымае форс — размаўляе па-гарадскому, бязбожна крыўляючы рускія словы на мясцовы лад.

— Мой адчот, значытца, будзіт кароткі, іба ўсе знаюць і маю работу і мае ўсловія жызні. Я ўвесь на віду і значытца без народа нічога не раблю, бо анцірэсы народа для мяне святы закон. А цяпер па сушчэству майго адчота, дарагія таварышы,— ён разгарнуў сшытак, пачаў чытаць, зрэдку ўзнімаючы галаву:— Па плану нашая дзевятая брыгада ўзяла на сябе павышаныя, значытца, абавязацельствы, каторыя мы або выпалнілі, або перавыпалнілі. Клеверу, ці па-нашаму канюшыны, мы пасеялі на дзесяць гектараў больш. Ржа, жыта, значытца, таксама перавыканана. Тры гектара. Зноў жа кукурузы. Выпалнена на сто і пяць дзесятых працэнты. Замінка ў нас, таварышчы, палучылася, значытца, з агароднінай. Тут вінаваты і я па лічнасці і нашае праўленне з яго быўшым старшынёй таварышам Дубасекавым. Апяць жа нам не далі сямян і расады. Так што недасеў аднаго мы перакрылі другім.

— Сеяць вы з Макухай умееце, а што сабралі? — прагучаў адзінокі ў цішыні голас.

Цопа падняў галаву. На хвіліну адарваўся ад сшытка, хацеў быў адказаць, але, мабыць, палічыў, што спрачацца пакуль не варта.

— Пераходжу цяперака на догляд, значытца, пасеваў і ўборку. Людзі нашы, асазнаўшы важнасць догляду, харашо, таварышчы, трудзіліся не ўсе, канечня, што само сабой непахвальна. Апяць жа ўлічыць нада тое, што трудаспасобных у нас мала. Сенаў’борку, праўда, мы зацягнулі. Апяць жа — цехнікі, самі знаеце, мала. Тут ужо віна праўлення — «масквічы» старшыням купляем, а касілак нямашака.

Гул адабрэння пракаціўся па зале. Я адразу скеміў, што Цопа надзвычай хітра адводзіць ад сябе крытыку. Я ўжо не так уважліва слухаў, што гаворыць брыгадзір, колькі сачыў за тым, як паступова Цопа скіроўвае людзей на выступленне супраць тых старшынь, якіх ужо знялі з работы.

— Дык вот, таварышчы, такая наша работа. Цяперака пра жалабы і кляўзы. Жалаб на кожнага брыгадзіра будзіць. Аднаму каня не дасі, другога палаеш, што на работу спазніўся — людзі абіжаютца. Абідаў гэтых многа. Можа каго і абіжаў, дык даруйце. Нашчот пшаніцы. Сказаць, што гэта сабачая брахня, дык тыя, хто пісаў, абідзятца. Другога слова не найду. Анцірэсна знаць, як жа я мог красць, калі ад малатарні не адхадзіў. Вінават, вагаў не было. Но, вы, таварышч Чукрай, тожа зналі пра вагі. I што вы мне сказалі? Нечага пяць разоў важыць тое, што за адзін раз можна.

— А дзе шэсць пустых мяхоў дзелі? 3 дурня майго хочаце сарваць? — гэта ўжо мая маці.

— Ты, Дар’я, не шумі. Што мяхі падмянілі, факт, но Івана твайго мы ў абіду не дадзім. Нада было яму мне сказаць. Я плату за мяхі са Сцяпана, Хведара і Халімона ўзяў бы. Хаця і твой сынок вінаваты. Я яго, значытца, на пагрузку паставіў, а ён Макухіну дзеўку пад паху, дый на ток. Мяхі грузіць яму цяжка. Хай цяжка, але ж самавольна. Но грошы мы з яго не будзем браць. Несправядліва было б.

Цопа сеў, выцер насоўкай нос, потым зноў падняўся.

— Забыўся на галоўнае. Дашка Сітова мыслю перабіла. Дзела, значытца, у следуюшчым, я ўжо нарабіўся брыгадзірам во, па горла, нада, каб хто другі паспытаў гэтага хлеба. Чуў я, што Загурскага мецяць. Харошая кандзідатура. Канечня і камуніст, і ваяка, паболей ардзяноў, чым у мяне. Дый нашанскі, тутэйшы, як кажуць. Хаты, праўда, у яго нямашака. Нічога, пабудуем. Нам не прывыкаць. Хай абжывецца чалавек. Па свеце паездзіў дай бог кожнаму. I тут ён доўга не ўседзіць. Я вунь чуў, што яго хацелі ў райком браць. I возьмуць. Такі чалавек доўга не ўседзіць. Але ж няхай парадак навядзець. Апяць жа дзісціпліну. Каб, значытца, на работу, як у горадзе, хадзілі, апяць жа сена каб не касілі сваім каровам, бо скаціна, што ў лічнасці кожнага імеецца, бальшая загваздка ў дзісціпліне і ва ўсім нашым абчэственным трудзе. Я вас заклікаю, значытца, галасаваць за Платона Максімавіча, нашага дарагога маёра роднай Савецкай Арміі.