— Ну, брат, і пахваліў,— зашаптаў Стась,— цяпер Загурскага ні ў жысць не выберуць.
Я толькі кіўнуў галавой. Вараніцын, мабыць, успрыняў апошнія словы так, як хацелася Цопу, бо паціснуў брыгадзіру руку і задаволена кіўнуў галавой. Цопа павесялеў, ён паглядаў на людзей невінаватымі вачыма, як святы анёлак, якога без віны аддаюць на здзек натоўпу.
— У каго будуць пытанні да таварыша Цопы? — запытаўся Чукрай.
— На другую палавіну працадзён будуць выдаваць прадукт, ці авансам абмяжуемся?..
— Сказануў!.. Не знаеш…
— 3 сенам як будзе?
— Коней чаму ў Русаковічах трымаеце?
— А-а-а, вы іх бы даўно замарылі голадам.
— У вас лепшыя?..
— Дазвольце. Чаму нам бульбянішча не даяце пераворваць?
— Яго і так рыдлёўкамі перакапалі.
— Гультаі капаюць.
— Ты ўжо нарабіўся.
У-у-у-га-га-га-а-а! Сход шуміць, гамоніць, як лес у непагоду. Спачатку яшчэ можна разабраць асобныя словы, нават фразы, пасля яны зліваюцца ў адзін суцэльны гул. Чукрай стукае алоўкам па стале. У лямпе хліпае агонь. На сярэдзіне з трэскам ломіцца лаўка, і ўвесь рад падае на зямлю. Смех, крыкі, лаянка… Чукрай б’е па стале кулаком. Настае цішыня, у якой недарэчна гучаць абрыўкі людской гамонкі.
— Так мы да раніцы прасядзім. Не сход, а адзін абсурд. Выступаць трэба па адным. Хіба яшчэ не навучыліся? Хто хоча выступіць?
Цяпер людзі маўчаць. Крычаць у грамадзе куды спадручней, бо крыкі з натоўпу не запісваюцца ў пратакол, за іх ніхто і ніколі не адказваў. А выступаць боязна. Нават не боязна, а няёмка. 3 Цопам давядзецца жыць. А як паглядзіш яму ў вочы, калі перад начальствам будзеш яго бэсціць? У гарачцы чалавеку можна нагаварыць лішняе, і ён не пакрыўдзіцца. Гэта не слова, а пух, які здзімае лёгкі ггодых ветру. А выступленне на сходзе — гэта ўжо нешта значнае. Гэта, як скарга, як данос. А хто іх любіць? Тых, хто крытыкуе, на сходзе слухаюць уважліва нават тыя, каго крытыкуюць. Да крытыкі трэба быць уважлівым. За выступленне супраць крытыкі можна мець непрыемнасці. А вось пасля сходу са смельчаком можна разлічыцца. Неўпрыкметку, вядома. Спакваля. Так насаліць, каб век помніў.
— Давайце, таварышы, выступайце, кажыце, чым незадаволены. Улічым, паправім.
Зала, як туга нацягнутая струна. Людзі хаваюць галовы за спіны пярэдніх.
— Дай мне слова,— не чакаючы дазволу, ля акна ўстае на ўвесь рост Даніла Налягач.
— Слова мае таварыш Амельнічэнкаў,— аб’яўляе Чукрай.
— Я, гражданы, без запісу скажу,— пачынае дзядзька Даніла.— У каго баліць, той пра свой боль і гаворыць. Я пра пчол скажу. За сёлетняе лета ў мяне пяць калод загінула. Зараз скажу, чаму загінулі. У самы медазбор Кузьма надумаў кукурузу падкармліваць. Я тады хадзіў да яго, прасіў, каб падкормку перад дажджом пасеялі. Яно так і па інструкцыі лепей, бо падкормка хутчэй да корняў дабярэцца. Кузьма мяне тады не паслухаў. У самую гарачыню ўгнаенне высявалі. Мала таго. Я неяк ужо гаварыў у праўленні. Макуха на п’яныя вочы змяшаў угнаенне з гексахларанам. Ну і сеялі мешаніну гэту. Як зацярушылі ёю кукурузу, дык два тыдні, пакуль дажджы не пайшлі, брыдка на поле было глядзець. Быццам мукой хто абсыпаў. Вось так і ўгнаенне зглумілі і пчол атруцілі. А за ўгнаенне грошы плацілі.
— Недагляд выйшаў,— кінуў Цопа.
— Недагляд, кажаш? Калісьці гэта шкодніцтвам называлася і за такі недагляд на Калыму ссылалі. Добра, час не той, але ж нехта адказваць і цяпер павінен. Ты кажаш, недагляд? А што ўгнаенне па поплаве сеялі, таксама недагляд? Засталося тры тыдні да касавіцы, а па поплаве ўгнаенне з дустам рассыпаюць. А чаму, бо ты, Цопа, хацеў першым у калгасе правесці падкормку. Табе няважна было, дзе і што падкормліваць. Абы рассеяць угнаенне. А аграном наш калгасны ў гэты час зводкі ў раён страчыў. Каго ж мы абманваем, гражданы? Сябе абманваем.
Было вельмі ціха. Людзі настройваліся на сур’ёзную гаворку, бо ў кожнага было што сказаць пра непарадкі ў брыгадзе.
— Цяпер яшчэ пра адну справу скажу. Пра коней, гражданы. Да вайны я разам з Мікітам Батоўкіным на нарадзе быў. Як цяпер помню, Будзённы пасля нарады з намі гаварыў. Наказваў каня берагчы. А як мы яго беражом? Мы дабіваем каня, гражданы. У Русаковічах і Зарэччы калісьці было за сто коней. А цяпер дваццаць восем ваўкарэзін. Я часта думаю, каб хто-небудзь пачаў знішчаць паравозы, паравыя рухавікі толькі таму, што электраматоры лепей, дык яго палічылі б за вар’ята. А вось каня мы выводзім. Не трэба нам конь. Машыны ёсць. Па-гаспадарску гэта? Вось хоць бы старшыня наш. На трохтонцы на сход прыехаў. А бензін — тыя ж грошы. Захварэе хто, зноў у горад гані машыну. За нявестай ехаць — падавай дзве машыны. I так скрозь. Гаспадары так не робяць.