Выбрать главу

Вараніцын шаптаўся з Чукраем. Я адчуваў, што Вараніцыну не спадабалася прамова Данілы. Даніла, між тым, узяўся за Цопу і Макуху. Быў ён бязлітасны ў словах, і ўсё тое, пра што ён гаварыў, было правільна. Хто скажа, што Цопа і Макуха не п’юць? Што яны не маюць любімчыкаў? Што не абдурваюць старшыню калгаса? I ўсё ж залішне рэзка гаворыць Даніла…

Пасля выступлення Данілы пачулася некалькі галасоў: цяпер многія хацелі выступіць. Налягач развярэдзіў балючыя раны. Але Чукрай даў слова Вараніцыну. Гэта здзівіла, бо ўпаўнаважаныя звычайна выступаюць пад канец.

— Мяне вымусілі выступіць антымехзнізатарскія настроі папярэдняга прамоўцы. На кані, таварышы, у камунізм не ўедзеш. I паравозы, лакаматывы мы замяняем электравозамі. Нам не трэба чапляцца за каня. Я разумею таварыша. Ён жыве мінулым, дарагімі яму ўспамінамі. Але мы, таварышы, выступалі і будзем выступаць супраць антымеханізатарскіх настрояў. Такая крытыка не памагае нам, а цягне назад, у мінулае.

Вараніцын сеў, горды ад усведамлення выкананага ім абазязку. Наступіла тая прыкрая паўза, калі людзі пачынаюць раздумваць над сваімі намерамі: варта выступаць ці не? Паўза зацягнулася.

Дарэмна Чукрай пытаўся, хто яшчэ будзе выступаць. Людзі маўчалі, як набраўшы ў рот вады.

— Дазвольце мне,— пачуўся гучны, крыху хрыплаваты голас Загурскага.

Як толькі Загурскі пачаў гаварыць, я зразумеў, што дыпламатнічаць ён не ўмее. Так можна выступаць хіба ў арміі. У Русаковічах такі тон не падыходзіць. Людзі, праўда, слухалі яго ўважліва, але з той увагай, якая азначае толькі адно: у начальства меціш, прыціснуць думаеш, а мы яшчэ паглядзім…

— Так далей працаваць нельга,— грымеў голас Загурскага.— На работу ходзяць каму калі ўздумаецца. Многія зусім не ходзяць. А калгасным дабром карыстаюцца нароўні з другімі, сумленнымі. Агарод — пяцьдзесят сотак. Карову і авечак на калгаснай пашы пасе. Сена калгаснае косіць. Свіней калгаснай бульбай корміць. А бульбу накопвае на калгасным полі, якое сам жа стараўся дрэнна ўбіраць. Не, таварышы, так мы не хутка ў камунізм прыйдзем. Пара з гэтым канчаць. Рашуча і без аглядкі. Цяпер, таварышы, наконт несумленнасці. Я веру ў тое, што большасць нашых людзей сумленныя. Але ж ёсць і такія, што гатовы расцягнуць калгас па вінціку, па зярнятку. У каго яны крадуць? У нас, у сумленных. Дык як жа можна цярпець, калі да цябе ў кішэню злодзей залазіць? Не можам мы цярпець! Ганьба таму, хто церпіць. Вось вы, цётка,— звярнуўся Загурскі да Хведарыхі,— бачылі, як Макуха, Восіпаў Хведар і Халімон Амельнічэнка скідвалі ў рове мяхі з пшаніцай. Чаму ж вы сказалі пра гэта праз пяць дзён, а не адразу?

Хведарыха ўнурыла галаву ў плечы, апусціла вочы. А я падумаў, што тады не ашукаўся: два мяхі былі лішнія на машыне. Загурскі чакаў адказу. Некалькі разоў ён паўтарыў: «Скажыце, цётка, не бойцеся».

— Нічога я не бачыла.

— Але ж вы казалі.

— Мала чаго. Ну вас! Няма чаго цёмную бабу ў вашу грызню ўмешваць.

— Афіцэр, а плёткі бабскія збірае,— жаночы з кута голас. Відаць, Цопавай жонкі.

I панеслася душа ў пекла. Крыкі, гоман.

— Каровак чым карміць?..

— Мы пенсіі не палучаем.

— Яму што…

— Такога пастаў, жызні не захочаш.

Чукрай крычаў да хрыпаты. Вараніцын усміхаўся, нешта гаварыў Цопу. Загурскі пабялеў, на лбе ў яго выступіў пот. Ён не выціраў яго. Нарэшце настала сякая-такая цішыня. Чукрай пастараўся перакрычаць няўмоўчны шум.

— Выступаць хто будзе?

— Хопіць.

— Нагаварыліся.

— Спаць пара.

— А цю, не выспаўся?..

— Канчай!

— Каго ж брыгадзірам выберам? — запытаўся Чукрай.

Зноў шум, гоман, з якога часам вырываліся асобныя прозвішчы, словы.

— Цопу!..

— Адпіў. Няхай другі параскашуе.

— Цопу.

— Налегача.

— Загурскага.

— Ці стане ён яшчэ?

— Не трэба.

— Міколу… Гарбуза.

— Ідзі ты…

— Міколу…

— Гарбуза…

Узапрэлы Чукрай не ведаў, што рабіць. Тады на выручку яму прыйшоў Вараніцын. Людзі як бы выбеглі на глухую сцежку, спыніліся, разгубленыя.

— Давайце па парадку. Без шуму. Што ў нас — наўгародскае веча ці калгасны сход? У нас была думка рэкамендаваць на пасаду таварыша Загурскага.