Выбрать главу

— Не хочам!..

— Свайго выберам.

— Хопіць.

— Няхай хату сам будуе.

— Таварышы, я знімаю сваю кандыдатуру,— сказаў Загурскі.

Людзі супакоіліся.

— Хто такі Налягач?

У зале смех. Вараніцын ніяк не зразумее, чаму смяюцца людзі. Цопа растлумачвае.

— Налягач — гэта мянушка. Устань, Даніла.

Даніла ўстае, знімае шапку, запіхвае ў кішэню.

— Я, таварышы, немалады ўжо,— гаворыць Даніла.— Быў я адзін час брыгадзірам. Не падабаўся тады некаторым. Бо я за справу нашую стаяў. I цяпер стаяць буду. От вы тут крычалі, што Загурскі прыцісне з работай. Дык і ад мяне палёгкі не чакайце. Трэба, людцы добрыя, за парадак брацца. I зноў — адзін я нічога не зраблю. А гультаі, п’яніцы няхай ад мяне дабра не чакаюць.— Даніла памаўчаў крыху, абдумваючы штосьці, потым павярнуўся тварам да прэзідыума.— Можа таварышу ўпаўнаважанаму не спадабаецца, але я скажу. Скажу!.. От вы тут мяне абвінавачвалі і так справу павярнулі, быццам хоць зноў Цопу на пасадзе брыгадзіра пакідай. А ці ж вам давядзецца з ім працаваць? Вось у чым справа… Я сам сумленна скажу, што працаваць нам давядзецца і вось яму, старшыні калгаса. Дык хіба Чукрай падыме калгас з такімі, як Цопа ці Макуха? Цопу не выгадна, каб Загурскі тут застаўся. Ого, ён такіх баіцца. А гэта нам, тым хто дабра хоча, на руку. На месцы Чукрая, я паставіў бы Загурскага сваім памочнікам. Тады ў нас справа пайшла б. Загурскі свой чалавек. Ён гэты калгас з аднаасобных гаспадарак збіраў. Ён і цяпер за яго перажывае. Крычалі тут тыя, каму дысцыпліна не па нутру, хто прывык вудзіць рыбку ў мутнай вадзіцы. Дык, можа, хопіць слухаць такіх?..

Данілу слухалі ўважліва. Было відаць, што згаджаюцца з ім. Аднекуль з куткоў нарастаў гул абурэння супраць былога кіраўніцтва брыгадай. Яго, відаць, зразумеў Вараніцын, бо, нахіліўшыся да Чукрая, нешта казаў, мабыць, прасіў хутчэй канчаць сход.

Галасавалі дружна. Данілу выбралі амаль аднагалосна. Устрымалася чалавек пяць, не больш.

Вараніцын адчуваў, што сход пайшоў не так, як яму хацелася. Таму ён, пакуль галасавалі, думаў, як далажыць райкому. Вырашыў, што варта ўсё ж далажыць так, каб у начальства склалася пра Загурскага дрэнная думка. «Няхай бы,— разважаў ён,— Загурскага выбралі брыгадзірам. А то зноў павядуць гаворку, каб забраць яго ў райком». Гэтага Вараніцыну не хацелася.

ЗДРАДА

1

Пасля абеду, калі я «паміраў» ад суму, а хутчэй ад нецярплівасці, што так марудна коціцца пад адхон зімовы дзень, а значыць адцягваецца наша сустрэча, дзверы адчыніліся і Хрысціна нясмела пераступіла парог. За апошні год яна ні разу не была ў нас. Я здзівіўся і невыказна ўзрадаваўся.

— Маці хіба няма? — запыталася Хрысціна.

— Няма…

Я спалохаўся, што Хрысціна адразу ж пойдзе з хаты, як толькі даведаецца, што маці няма дома. Але яна стаяла ля парога, пераступала з нагі на нагу.

— Вось жа не пашанцавала,— сказала яна.— Хацела абрус вышыць, а ў тваёй маці, кажуць, узоры ёсць…

Яна нібы шкадавала, што так няўдала выбрала час, каб прыйсці да маці. А я пакутаваў ад невыразнага пачуцця крыўды: навошта яна прызнаецца, што прыйшла не да мяне.

— Пачакай,— папрасіў я Хрысціну,— пашукаю ўзор. Можа знайду…

Хрысціна, не распранаючыся, прайшла на другую палавіну хаты, прысела на лаўку. Я пачаў шукаць узор, хоць добра ведаў, што яго няма. Мне хацелася, каб Хрысціна яшчэ крыху пасядзела.

— Сёння хіба вечарынкі не будзе? — запытаўся я.

— У Данькава збіраюцца ісці.

— Ты таксама, мабыць, пойдзеш? А я павінен дома сядзець, бо няма на каго пакінуць хату.

— Мне таксама не хочацца ісці. Але дзеўкі клічуць.

Замест узору я дастаў з шафы патэфон і горку пласцінак.

Старэнькі патэфон хрыпла крычыць на ўсю хату пра маё каханне да Хрысціны:

Любовь нечаянно нагрянет,

Когда её совсем не ждёшь.

М каждый вечер сразу станет

Так удивнтельно хорош…

У хаце мы ўдваіх. Маці няма. Яна паехала ў горад. Вернецца заўтра. а можа паслязаўтра. Зрэшты, сённяшні дзень увесь належыць нам.

Вось так блізка адно да аднаго мы не былі з таго самага вечара, калі я праводзіў Хрысціну з вечарынкі.

Я мяняю пласцінку. I зноў на ўсю хату крычыць патэфон аб каханні. Хрысціна задумліва глядзіць у акно, усміхаецца сваёй ленаватай, прывабнай усмешкай. Яна, відаць, забылася, чаго прыйшла. Мы слухалі песні моўчкі, быццам баяліся парушыць зачараванне, што навявалі словы любві. Шчырае каханне заўсёды нясмелае. Гэта я зразумеў крыху пазней, калі перажыў здраду. А ў той вечар я праклінаў сябе за баязлівасць. Мне здавалася, што ў вачах Хрысціны я выглядаю не толькі смешным, але няшчасным, вартым жалю чалавекам. Каб хоць крыху перамяніць Хрысцініну думку, я стараўся іграць ролю ганарыстага маўчуна. Мне здавалася, што трэба быць разумным, і я пачынаў прыпамінаць чужыя думкі, вычытаныя калісьці ў кнігах.