Хрысціне, мабыць, надакучылі песні, маё маўчанне і сам я, такі недарэчна цельпукаваты ў сваім старанні быць арыгінальным. Я адчуваў, што сустрэча наша канчаецца так, як не хацелася нам. Я баяўся Хрысцінінай усмешкі, якога-небудзь няўцям кінутага крыўднага слова.
У думках я заўсёды быў смелы. Доўгімі зімовымі вечарамі, калі не хацелася спаць, я прыдумляў цудоўныя словы, якія павінны былі скарыць Хрысцініна сэрца. Дасюль мне не было як выказацца перад Хрысцінай, бо мы сустракаліся толькі на людзях. I вось цяпер, калі ніхто не перашкаджаў нам, я спалохаўся.
Хрысціна паднялася, каб пайсці дамоў. Ну, вось і ўсё, пракляты бая-злівец!..
— Дык ты на вечарынку не пойдзеш?
— Не,— панура адказаў я.
Хрысціна паволі пайшла да дзвярэй. Здавалася, яна не хоча ісці, але разумее, што заседжвацца непрыстойна. У цішыні, што раптам настала ў хаце, было чуваць, як драпае аб пласцінку іголка. Хрысціна прыпынілася. Вінаватая ўсмешка кранула яе падфарбаваныя вусны, але вочы глядзелі сур’ёзна.
— Іголка сапсуецца,— сказала яна.
Я спыніў патэфон. Не ведаю чаму, пачаў разглядаць бліскучую фірменную пласцінку, што была прыбіта да вечка з унутранага боку.
— Хрысціна, можа не трэба ісці ў Данькава? — голас у мяне быў, як у жабрака, што выпрошвае міласціну.
— А ты хацеў бы, каб я не пайшла?
— Можа, мы сустрэліся б?
— На вуліцы мяцеліца, мароз…
Я падумаў, што было б добра, каб Хрысціна прыйшла да мяне. Але адважыцца на такую прапанову баяўся. Хто яе ведае, што падумае Хрысціна? Можа пакрыўдзіцца…
— Пасядзела б яшчэ крыху.
— Не, Яначка, мне дамоў трэба. Заседзелася я.
Цяпер я зразумеў, што Хрысціна пойдзе назаўсёды.
— Хрысціна,— сказаў я, як асуджаны на смерць,— мне трэба было сказаць табе… Ты, канечне, не злуйся… Я кахаю цябе… Даўно хацеў сказаць…
Я стараўся не глядзець на Хрысціну. Мне было сорамна адарваць ад падлогі вочы, бо, сказаўшы пра сваё пачуццё, я адчуў: словы тут былі не патрэбны. Хрысціна смяялася, прыкрываючы рукой твар. Мне відаць былі толькі яе вочы, што па-блазенску паблісквалі з-пад далоні.
— Не, Хрысціна,— крыкнуў я, сам здзіўляючыся сваёй смеласці,— як хочаш, а я цябе не пушчу!..
— А вось і пусціш…
Яна, аднак, не збіралася ўцякаць. Ей было смешна, што я раптам расхрабрыўся.
— А вось і пусціш… Слабо ўтрымаць…
Я ўхапіў Хрысціну за рукі, злёгку пацягнуў ад дзвярэй. Яна не вельмі супраціўлялася. Я адчуваў, што сілы ў яе не менш, як у мяне: калі б яна захацела, дык вельмі лёгка вырвалася б з маіх рук.
— Ой, Яначка, пусці,— папрасілася яна.
У яе сініх вачах я заўважыў дакор. Я пусціў яе рукі. Хрысціна засмяялася:
— Ты, нібы воск, мяккі дужа…
Гэта прагучала як абраза. Я зусім збянтэжыўся. Дзяўчат, мабыць. ніхто не разумее, нават Хведар, які выхваляецца, што наперад угадвае кожнае іх слова.
Хрысціна пачала завязваць хустку, што спаўзла з галавы.
— Не думала, што ты такі дужы… Аж боязна…
— Чаму? — здзівіўся я. Мне было прыемна чуць, што я дужы, значыць, заўсёды магу абараніць сваю каханую.
— Горача як,— сказала Хрысціна.— Выйдзеш на вуліцу, дык адразу прастудзішся…
Яна адшпіліла верхні гузік кажушка.
Я хацеў памагчы ёй. Хрысціна адвяла мае рукі, але цяпер мяне было не лёгка спыніць. Пачалася тая прыемная гульня, што хвалюе кроў. Хрьісціна адводзіла мае рукі, а яны зноўку цягнуліся да яе.
— Ой, не магу…— сказала яна.— Які ты!
Яна падняла ўгору рукі, каб паправіць хустку, кажушок расхінуўся. Пад ім была лёгкая сукенка ў буйны чырвоны гарошак. Маленькія пругкія грудзі туга нацягвалі яе.
Я прасунуў рукі пад кажушок, і яны лёгка сышліся за спіной. Хрысціна як бы пахіснулася, прытулілася да мяне, адкінула галаву назад.
Усё навокал завярцелася, замільгала перад вачыма; было непрывычна хораша.
— Ой, не трэба, Яначка,— прасілася Хрысціна, прытуляючыся, абпальваючы мяне гарачым целам, а я ашалела цалаваў яе шыю, вусны, шчокі…
Раптам я выразна пачуў, што ў маіх грудзях б’ецца два сэрцы: адно злева, другое — справа. Гэтае дзіўнае, не чутае раней біццё выклікала салодкае кружэнне галавы.
— Ой, які ты, замарыў усю,— пачуў я прыглушаны і як бы незадаволены Хрысцінін голас.
Следам за гэтым шэптам з яе плячэй упаў на падлогу кажушок, а голыя па локаць рукі моцна абвіліся вакол маёй шыі…
Далей усё напамінала цудоўны палёт. Мне здалося, што я стаў лёгкі і вельмі дужы. Я ўзляцеў над зямлёй, трымаючы ў руках Хрысціну, закружыўся ў віхуры стамляючага, салодкага палёту.