Снег ужо не падаў, як раней, а церушыўся дробным, калючым пылам. Узгараўся мароз, і на захадзе, дзе праяснілася неба, трапятала малінавая стужка зары. 3-за Расянкі пацягваў калючы вецер. Пад яго парывамі ўвачавідкі абтрасаліся ад снежнага пуху кусты. Усё навокал перамянілася.
Снег не здаваўся такім мяккім, як раней, а шорсткім і грубым.
Я прыслухаўся. У марознай цішыні чуліся чыесьці крокі. Потым я ўбачыў танклявую постаць. Хрысціна!
Яна падышла ўзбуджаная і нейкая неспакойная.
— Ніяк не магла з дому выбрацца,— сказала яна.— Бацька нейкіх п’яніц прывёў. Надумаў, каб я ім песні спявала. Ледзьве адчапілася.
Хрысціна ніяк не магла перамагчы хваляванне. Я ўзяў яе за руку. Так мы і зайшлі ў хату. 3 панадворку тут было цёмна, як у яме. Я дастаў быў запалкі, але Хрысціна адабрала іх.
— Не трэба, Яначка, яшчэ хто са двара ўбачыць. А нам і ў поцемках добра. Праўда? — і абняла мяне, тулячыся ўсім целам.
Потым было тое ж адчуванне нязведакага, чароўнага палёту, мільганне квяцістых вясёлак, задыханы шэпт гарачых вуснаў і прагная моц абдымкаў. Яе валасы казыталі мой твар, але я не мог прыгладзіць іх, бо адчуваў ленаватую стому, што адабрала сілы і ахвоту варушыцца. Гэтая знямога, прыцішаны шэпт, ласкавая цеплыня Хрысцініных рук, глухая, парная цемра стваралі ўяўленне незямнога, нават нерэальнага быцця. Не хацелася думаць, гаварыць.
— Калі ты першы раз адчуў, што любіш мяне? — запытаўся хтосьці з цемры.
Я страпянуўся, бо пытанне заспела мяне знянацку. Гледзячы ў чарнату ночы, я стараўся ўспомніць, калі першы раз адчуў, што кахаю Хрысціну. Успаміналася, аднак, іншае: мая пужлівасць, панічны страх ад некалькіх слоў наконт таго, што Хрысцініна маці ўпадабала мяне, і няёмкая радасць, калі я пачуў адказ, што яна, Хрысціна, замуж за мяне не пойдзе. Цяпер мне было сорамна за той дзіцячы страх.
Хрысціна чакала, што я ёй адкажу. Не надта ўпэўнены ў праўдзівасці сваіх слоў, я сказаў, што пакахаў яе з той вечарынкі, калі першы раз праводзіў дамоў.
— А я цябе раней прыкмеціла… Летась, калі кінафільм прывозілі. Помніш, той, дзе служанка за гаспадарскага сына замуж выходзіць. Я яшчэ з табой пачала гаварыць, а ты павярнуўся і пайшоў. Вельмі я тады ўзлавалася. Потым мне Галя Янчык сказала, што ты да дзяўчат халодны. Ну, я і адступілася. Думаю, не варта хлопцу галаву тлуміць. I раптам даведваюся, што ты з Данілавай Шуркай на востраве быў. Нібы пакрыўдзіў ты мяне гэтым. Чаму, думаю, хто не чакае шчасця, таму яно, як снег на галаву?
Хрысціна гаварыла разважліва, спакойна, быццам думала ўголас. Яе словы выклікалі ў мяне дваістае пачуццё: радасці — мяне любяць! — і прыкрасці — не я пакарыў дзяўчыну, а яна мяне.
У хаце святлела. Вецер, мабыць, разагнаў хмары і пухлячок-маладзік сеяў на зямлю кволы россып сіняватага агню.
— Позна ўжо,— сказала Хрысціна. Яна паднялася з лаўкі, на якой мы сядзелі, пачала завязваць хустку.— Дамоў я, мусіць, не пайду. Усё роўна ці сем грахоў, ці сем разоў па сем грахоў. Не баішся, калі заўтра тваё імя разам з маім ва ўсіх на языках будзе?
— Што ты!..
— Я так. Ведаю, што ты не з тых, якія ноччу дзяўчыну цалуюць-мілуюць, а назаўтра ў душу ёй плююць.
Яна прайшлася па хаце. Я то губляў яе ў цемры, то зноў бачыў, калі яна падыходзіла да мяне. Потым, спыніўшыся, сказала:
— Ты, Яначка, пра мяне дрэнна не думай. Табе добра са мной? Ну, вось бачыш! Я часта дзіўлюся: чаго любві саромяцца? Калі чалавека моцна кахаеш, дык нічога не баішся. Не будзеш мяне асуджаць? Ці можа Хведзьку заўтра пахвалішся, як я цябе сёння цалавала?
— Навошта ты так? Хіба я не кахаю цябе? — у мяне перасохла ў горле ад крыўды.
Хрысціна, відаць, адчула, што зрабіла мне балюча. Яна нахілілася нада мной, доўга цалавала, паўтараючы адно і тое ж: «Памаўчы, мілы, памаўчы…»
— Я вельмі люблю цябе, Хрысціна,— сказаў я крыху пазней.— Я абавязкова ажанюся з табой. Толькі ты пачакай крыху…
Яна не дала мне дагаварыць:
— Ах ты, харошы мой! Хіба ж я не бачу, які ты добры!
Мы сядзелі так блізка, што яе калені дакраналіся да маіх каленяў. Мне было хораша ад яе слоў, ад той інтымнай шчырасці, якая ўстанавілася між намі. Можа ўпершыню за сваё жыццё я сам падабаўся сабе. 3 Хрысцініных вуснаў мне чулася, які я ласкавы, сумленны, шчыры, праўдзівы. I я верыў у гэта. За адзін вечар я невымерна вырас ва ўласным уяўленні. Гэта кранала, узварушвала шквал пачуццяў, якія прымушалі мяне быць яшчэ лепшым.
Раптам Хрысціна прытулілася да маіх грудзей і доўга сядзела так, прыціхлая і нібы чужая. Я не ведаў, што з ёй і што мне рабіць. Асцярожна пакратаў яе за плячо. Хрысціна нават не паварушылася. Тады я паспрабаваў падняць яе галаву. Твар у Хрысціны быў мокры. Я не мог зразумець, чаго яна плача? Хіба я пакрыўдзіў яе? А можа Хрысціна няправільна зразумела мае словы? Няўжо яна не верыць, што я шчыра буду чакаць з жаніцьбай, пакуль стану на ногі.