Выбрать главу

— Няўжо ты не верыш мне? — запытаўся я, адчуваючы невыказны боль у сэрцы.

Яна пачала смяяцца праз слёзы.

— Не, што ты! Я табе больш, як сабе, веру. Проста дурная, не зважай на мае слёзы. Вось раптам шкада сябе стала. Хочаш, я табе пра сваё жыццё раскажу? А пасля ты мне пра сваё раскажаш. Без утойвання.

Мы прасядзелі да раніцы. Я і не падазраваў тады, што гэта была наша апошняя сустрэча. Бадай, апошняя…

2

Чалавек прывыкае да ўсяго, нават да кахання. Яшчэ ўчора ўвечары я трызніў каханнем, марыў пра адзіноту ўдвух, пра ўцёкі з шэрага, будзённага жыцця. Мне хацелася вечнага свята. Каб у мітусні яркага агню гарэла жыццё…

Сёння, калі я прачнуўся, быў сонечны, іскрысты дзень. 3-за бярозавага гаю, пакрытага лёгкай шэранню, узнімалася над зямлёй вялікае барвовае сонца. Над вёскай таялі ў сінім небе наміткі ружовага дыму. Гулкую цішыню раніцы пранізвалі рыпучыя чалавечыя крокі, кашаль, далёкая нетаропкая размова.

Я выйшаў на вуліцу і адчуў, як сцюдзёнае марознае паветра апаліла мне твар; пачуў, як звонка рыпіць снег; убачыў, як гарыць на сонцы аснежанае поле, як ззяе высокае і вельмі празрыстае неба,— і мне захацелася самай звычайнай, вельмі цяжкай і можа нават бруднай работы. Такой, каб ад яе нылі рукі і ногі, балела спіна, а вочы зліпаліся ад стомы. У мяне было шмат сілы, якая не давала спакою. Я схапіўся за калоду, прымёрзлую да зямлі, і закаціў яе пад паветку. Але гэта была не тая праца, якой прагнуў. Мне хацелася, як тады, улетку, на поплаве, працаваць у дружным гурце, на відавоку, каб адчуваць вясёлы рытм агульнай працы.

…На брыгадным двары пахаджваў перавязаны шарсцяной хусткай Даніла Налягач. Мне зрабілася сорамна: хворы чалавек падняўся з ложка, бо я, захоплены сваімі марамі, спазніўся на размеркаванне нарадаў. Людзі, мабыць, не дачакаўшыся мяне, пайшлі да брыгадзіра, і ён вымушаны быў ісці на вуліцу.

— Што ж гэта, Янка, я хворы, а ты ад ляноты нават нарады не раздаў.

— Да доктара вам трэба было б,— азваўся я, каб спачуваннем згладзіць дрэннае ўражанне, якое магло скласціся ў брыгадзіра пра мяне.

— Да дактароў, кажаш. А сена калі перавозіць будзем? Раптам адліга, дык чым тады жывёлу карміць? Не ўжо, браце ты мой, няхай другія ляжаць. А нам да самай смерці няма адпачынку. Нам брыгаду трэба з прарыву выводзіць, вось што я табе скажу. Раз ужо ты прыйшоў, дык бяжы ў Русакі, трэба змабілізаваць мужчын, ды пабольш саней запрэгчы. За сёння каб хоць палову стагоў перавезці.

— А на нараду вы самі паедзеце?

— Не, табе прыйдзецца. А цяпер я пайду. Глядзі ж тут добранька…

Дзень прайшоў у клопатах пра сена. Зарачанцы, ды і русакоўцы не надта шчыравалі, а што астровенцы возяць сабе сена з нашых паплавоў, ім зусім не падабалася. I ўсё ж мы паспелі перавезці два стагі. Астровенцы перавезлі тры.

Пад вечар калгасны вартаўнік дзед Мікіта запрог мышастага шустрага коніка ў сані-розвальні, ускінуў на іх ахапак сена. Я кратануў лейцы, і сані лёгка вынеслі мяне за аколіцу.

Я вельмі люблю ездзіць на кані, люблю бялюткія, заснежаныя палі, па-зімоваму асмужанае вячэрняе неба, маўклівыя ў шэрані прысады. Хораша ехаць на санях. Куды лепей, як у машыне. I дарэмна людзі пагардліва крывяцца на каня, дарэмна шафёры ўсміхаюцца здзеклівымі ўсмешкамі, палохаючы коней гудкамі сваіх машын. Той, хто едзе на кані, не пралятае міма прыгажосці. Яна спадарожнічае яму, любоўна раскрываецца перад яго здзіўленым позіркам.

Я ляжу на духмяным, шорсткім ад марозу сене тварам уверх. Калматы канёк, пушчаны на волю, лёгка трухае. На выбоінах падскокваюць, рыпяць сані, спяваюць адвечную песню палазы, а конскія капыты гопаюць аб дарогу, як аб мокры бубен. 3-пад ног лятуць, звонка бомкаюць па бляшаным перадку саней камячкі снегу. Марознае паветра пахне дарогай, сенам, потнай конскай поўсцю. Здаецца, ляціш пад белавата-сінім небам у невядомы, казачны свет.

У небе плыве малады яшчэ месяц. Ён вылез на неба да заходу сонца, ашчэрыўся, бы блазнюк, задаволены сваімі пракудамі, бяжыць навыперадкі з маім мышастым канём. Непадалёк ад яго, нібы навагодняя ёлачная свечка, мігае белаватая зорка і таксама стараецца не адстаць ад каня.

Пад вечар бярэцца мароз. Хвацка пашчыпвае нос і вушы. Усё мацней дзьме вецер, узнімаючы снежны пыл. На дарогу, падвільваючы доўгімі хвастамі, выпаўзаюць снежныя касякі. Санкі разразаюць іх палазамі, і рабацяга-вецер тут жа латае сумёты.