Выбрать главу

Добра было б пракаціцца з Хрысцінай у санях… Пад дугой званочкі. На аброці між конскіх вушэй белыя султаны. Шырокія лейцы з кутасамі…

Падляцелі б коні да сельсавецкага ганка. Бомкнулі і сціхлі званочкі. Прыехалі!..

— Каго там прывезлі?

— Сітова… Брыгадзіра зарачанскага…

— А то нявеста яго, Хрысціна…

— Прыгожая…

— Лепшай на сто вёрст не знойдзеш.

— Эй ты, дышла табе ў рот! На бок павярні, рыла!

Гэта ўжо не мары. Я ашалела ўскокваю, хапаю лейцы, каб павярнуць каня на абочыну. На сустрэчных санях два п’янаватыя тыпы. Адзін вусаты, з гарбатым, арліным носам, другі — з круглым, нібы аўсяны блін, тварам. Шчокі, нос, лоб — усё на твары плоскае і нейкае шурпатае.

— Зварочвай, дубіна! — крычаць з саней.

Мне няма куды звярнуць. Направа — канава. Налева я не магу павярнуць, бо іх конь замінае майму.

— Вам жа лепш крыху саступіць з дарогі,— кажу я.

Вусаты зварочвае свайго каня, а майго з усяе сілы б’е пугай. Я амаль што не вылятаю з саней. У гэты час шыракатвары пхае нагой мае сані, і іх заносіць на бок, у канаву. Як на злосць, аглобля выскоквае з уключыны, сані перакульваюцца, а я качуся на дно канавы ў снег. Падняўшыся на ногі, махаю кулаком услед нахабнікам, што ўцякаюць ад мяне.

У цэнтр калгаса я прыязджаю на прыцемку. Пад абураны брэх сабак мінаю доўгую вуліцу, што самотна прыціхла пад заінелымі прысадамі. А вось і наш адміністрацыйны цэнтр. Тут вёска падобна на мястэчка або маленькі гарадок. У хатах электрычныя агні. На вуліцах бялеюць у марозным тумане ліхтары. Над дахамі распасцёрліся тэлевізійныя антэны-крыжы. Усімі вокнамі свеціцца калгасны клуб. Ярка гараць агні ў вячэрняй школе.

Гледзячы на ўсю гэтую раскошу, я адчуваў, як падбіраецца пад сэрца крыўда. Чаму яшчэ ёсць такія вёскі, як наша Зарэчча? Можа недахопы, якія любяць цемру, уцяклі адсюль да нас?..

Прывязаўшы каня да баскетбольнай вышкі, я пайшоў у кантору.

— Хто там?

— 3 Зарэчча, учотчык Сітоў,— сказаў я, заходзячы ў маленькі кабінет галоўнага бухгалтара.

Сяргей Сяргеевіч сядзеў за сталом, верх якога быў размаляваны пад шашачную дошку чорнымі і белымі фарбамі. Бухгалтар гуляў у шашкі з начальнікам паштовага аддзялення. Гульня набліжалася да таго кульмінацыйнага пункту, калі кожны ход вырашае лёс партыі. Ігракам было не да мяне, і ўсё ж Сяргей Сяргеевіч запытаўся:

— А чаму не сам Амельнічэнка прыехаў?

— Ён хворы,— адказаў я.— А нарада хіба кончылася?

— Ідзі ў клуб, там пра ўсё даведаешся.

У глядзельнай зале прыезджы лектар расказваў пра далёкія сусветы. Быў ён невысокі, круглы, нібы калабок, а голас меў тонкі. За ім на сцэне віселі карта зорнага неба і дыяграмы палётаў першых спадарожнікаў Зямлі. Лектар, трымаючы ў руках доўгую ўказку, падбягаў на кароткіх нагах да карты, за нейкае імгненне пераносіўся ў далёкія прасторы сусвету. Людзі слухалі яго, затаіўшы дыханне, і я не захацеў перашкаджаць ім. Пастаяў пад дзвярыма, паглядзеў крыху ў шчыліну на лектара і на дыбачках адышоў.

Праз цемнаваты калідор была зала адпачынку. Я пайшоў туды і яшчэ за дзвярыма пачуў, як там гулка ляскаюць більярдныя шары. Тут сабралася кампанія, што гатова ўсю ноч прастаяць з більярдным кіем. I Чукрай быў тут.

— А-а-а, Сітоў!..— заўважыў ён мяне.— Пачакай крыху. Кончыцца лекцыя, і мы пачнем нараду. Доўга не затрымаемся. А пакуль можаш тут пасядзець. Хочаш — схадзі ў бібліятэку…

Я пайшоў у бібліятэку. Там прыглушана гарэла сіняе святло. Было ўтульна і ціха. Мяне пацягнула да паліц, да кніг, да тоненькіх яшчэ газетных падшывак гэтага года.

За парэнчай, што аддзяляла чытальную залу ад кнігасховішча, ля століка сядзела невысокая, драбнатварая дзяўчына, чытала кнігу. Заўважыўшы мяне, яна хуценька зняла акуляры, схавала іх у стол, і я аблаяў сябе ў душы, што так нечакана ўварваўся сюды, выведаў сакрэт, які ніхто, відаць, не ведае. Мне здалося, што з акулярамі дзяўчына выглядае, бадай, больш самавіта. Без іх яна была падобна на дзяўчыну-падростка, якая сёлета кончыла восем класаў.

— Вы па кнігу прыйшлі? —запыталася яна.

— Бадай што так. Нават не ведаў, што ў нас новая бібліятэкарка. Ранейшая трымала ўсё гэтае багацце на замку.

— Я яшчэ не паспела ўсім апавясціць,— як бы пачала апраўдвацць дзяўчына.— Я ўсяго паўтара тыдні тут. Можа пройдзеце за перагародку. пагледзіцё, што ў нас ёсць?

Яна падняла парэнчу, і я, бясконца ўзрадаваны, пераступіў той рубеж, які звычайна аддзяляе чытача ад кнігі.

— Давайце пазнаёмімся спярша,— сказаў я, адчуваючы, што далей будзе цяжка весці размову.— Мяне завуць Сітоў Іван. Я не тутэйшы, а з Зарэчча.

— Салей… Фруза,— працягнула руку дзяўчына.— Гэта добра, што мы пазнаёміліся. Мне пра вас таварыш Загурскі казаў.