Напамінак пра Загурскага крыху збянтэжыў мяне. Чалавек гэты ўладна ўрываецца ў нашу хату. Я добра разумею ўсё. Маці адной сумна і не лёгка жыць. I яшчэ: маці, мабыць, любіць Загурскага, хоць мне здаецца, што для любві яна старая. А можа я проста баюся перамен у хаце? Можа я проста баюся за сваё каханне?
Як не дзіўна, але пасля таго брыгаднага сходу маці стала хваліць Загурскага. I калі я часам гаварыў што-небудзь благое, яна сварылася на мяне. Цяпер Загурскі працуе сакратаром партыйнай арганізацыі калгаса і намеснікам Чукрая. А да гэтага ў яго было шмат непрыемнасцей. Вараніцын напісаў тады дакладную, і Загурскага выклікалі ў райком партыі. Што там адбылося, я не ведаю. Але неўзабаве ў калгас прыехала камісія, нешта правярала, склікала нарады. Потым Загурскага зноў выклікалі ў райком, прапаноўвалі пасаду дырэктара цагельнага завода Загурскі адмовіўся. Мне здаецца, што ён не захацеў ехаць з-за маёй маці. А зусім нядаўна яго ўвялі ў праўленне калгаса, выбралі партыйным сакратаром.
— Што ён казаў? — пытаюся я.
— Пасля пагаворым.
Кнігі займалі ўвесь пакой. Мы ішлі па вузкіх праходках між паліц, што туліліся да сцен, стаялі пасярэдзіне, утвараючы дзіўны лабірынт з кніг. Часам я браў кнігу, адгортваў вокладку і, гледзячы на тытульны ліст, стараўся прыгадаць, што я ведаю пра аўтара. Пісьменнікі, якіх я ніколі не чытаў, сустракаліся даволі часта. Спачатку гэта збянтэжыла, нават засмуціла мяне. Потым падумаў, што засмучацца няма чаго, калі я магу пазнаёміцца яшчэ з сотняй добрых, цікавых людзей. Мне хацелася пазнаёміцца з імі адразу, і я пазайздросціў гэтай ціхмянай з выгляду і нейкай узнёслай дзяўчыне, што можа ў любы час хадзіць сярод кніг.
Яна не адставала ад мяне. Калі я спыняўся ля паліцы і даставаў кнігу, дзяўчына прыўзнімалася на дыбачкі, чытала назву і нешта шаптала сабе. Мне здалося, што яна гэтак жа, як і я, экзаменуе сябе, ці ўсё ведае пра аўтара кнігі.
Было надта ціха. Часам я забываўся, што недзе за гэтымі кнігамі, апроч іх, існуе звычайнае жыццё, поўнае трывог, чалавечага неспакою, вялікіх спраў і дробязных непаразуменняў. Кнігі, як жывыя істоты, захаплялі маё ўяўленне і, здаецца, размаўлялі са мной, адкрываючы свае патаемныя думы.
Я трымаў у руцэ тоненькую кнігу невядомага мне пакуль пісьменніка з дзіўнай назвай «Месяц і грош». Першыя радкі здзівілі мяне ёмістасцю слоў і думак. Я ледзьве адарваў вочы ад кнігі. Фруза стаяла побач нейкая сур’ёзная і ўрачыстая. Так бывае з чалавекам, які спадзяваўся на тое, што другі, менш вопытны, вось-вось зробіць нейкае вялікае адкрыццё — і ўжо зрабіў яго.
Я ледзьве адарваўся ад кнігі. Фруза, мабыць, заўважыла, што мяне захапіла кніга.
— Гэта Маэм,— сказала яна.— Цудоўны пісьменнік, хоць я і не згодна з ім.
Я быў здзіўлены яе словамі. Часам я таксама адчуваў незадаволенасць кнігай, але выказваць сваю нязгоду з пісьменнікам пакуль нікому не адважваўся. У літаратуры мне ўсё здавалася бясспрэчным.
— А хто вам найбольш падабаецца? — запытаўся я.
— 3 рускай ці замежнай літаратуры?
I зноў я выдаваў сябе з галавой, што не ўмею весці размову аб літаратуры. Я проста яшчэ зусім мала ведаю…
— 3 рускай мне падабаюцца Дастаеўскі, Талстой, Чэхаў. Люблю Горкага, Шолахава. Разумееце, у іх ёсць нешта блізкае мне. От, здаецца, пра іншых людзей напісана, такіх далёкіх і незнаёмых, а нібы пра цябе ўсё гэта. А вам што падабаецца?
— Мне ўсё, што цікава напісана.
— Без разбору чытаць не трэба. Я вельмі рана пачала чытаць. Маці мая — настаўніца. Яна мяне з пяці год навучыла чытаць. Спачатку казкі чытала, вершы, а з чацвёртага класа я ўжо за Чэхава ўзялася — другіх кніг у нашай пачатковай школе не было. Бывала, забяруся куды ў куток, падкурчу ногі і чытаю, чытаю… Жылі мы тады няважна. Бацька памёр, а нас трое на мамчыну зарплату… Голадна часам было, а пачнеш кнігу чытаць — і на ўсё забываешся.
— Гэта я ведаю…
Мне было прыемна адчуваць, што напаткаўся вельмі блізкі чалавек, які за кнігай адчуваў тое ж, што і я. Гэта радніла нас.
— Я яшчэ прыгодніцкую літаратуру люблю,— пахваліўся я.
— Хлопцам яна падабаецца,— сказала Фруза і зноў пачала пра сваё, што было, відаць, дорага ёй:— Пасля мы ў школу-дзесяцігодку пераехалі. Там літаратуру Іван Барысавіч выкладаў. Сухенькі такі дзядок, а расказваў так, што можна ўсё жыццё слухаць і не адарвацца. Бывала, пасядзем ля яго, і пачне Іван Барысавіч пра пісьменнікаў апавядаць… От ужо ведаў!.. У яго бібліятэка была: уся хата кнігамі забіта. Толькі кнігі ён не кожнаму даваў. Але мяне ўпадабаў чамусьці. Сам мне кнігі выбіраў. Помню, дае мне аднойчы Пушкіна. Гляджу — вершы. Хацела была адмовіцца, потым узяла, думаю сабе: перагартаю і прынясу назад. А ўзялася чытаць — не магу адарвацца. Помніце вось гэта: «У лукоморья дуб зелёный, златая цепь на дубе том…»