— Авой, госць!..— праспявала яна і тут жа збянтэжылася, замітусілася па хаце, мабыць, зразумела, што размова між намі адбылася.— Ці даўно ж ты чакаеш? А я ў Мікалаіхі заседзелася. Пасцілкі з ёй навівалі…
Маці гаварыла паспешліва, як бы баялася, што нехта з нас перавядзе размову на іншае. Мы абодва маўчалі. Маці кінула на нас насцярожаны позірк і раптам змоўкла. Загурскі паволі паднімаўся з-за стала.
— Мы, Даша, пагаварылі тут…— пераселым голасам сказаў ён.— Дакуль жа цягнуць…
Маці закрыла твар далонямі, хістаючыся, нібы параненая, адышлася да полага, што аддзяляў залу ад спальні, уткнулася ў яго тварам. Плакала яна ціха. Нават не ўздрыгвалі плечы. Мне здалося, што маці проста саромеецца мяне, таму яна хавае твар. Я не ішоў яе суцяшаць. Навошта? Што я ёй мог сказаць? Я быў прыгнечаны, разгублены, збянтэжаны гэтым дзіўным сватаннем.
— Даша, чаго ты? Нам жа ўсім лепей будзе,— пачуў я голас 3агурскага.
Маці нясмела адарвалася ад полага. Твар у яе быў заплаканы, а вочы свяціліся, як у маладзенькай дзяўчынкі.
— Сыночак, табе будзе добра, паглядзіш…— сказала яна, мабыць, не вельмі верачы ў тое, што мне будзе лепш.
Я зацята маўчаў. Сам не ведаю, чаму я тады маўчаў. Маці зноў заплакала. Цяпер яна не хавала твару, не саромелася сваіх слёз. Яны цяклі па шчоках, на хвілінку затрымліваліся ў двух неглыбокіх зморшчынках ля рота, потым капалі адтуль на грудзі. Яна, відаць, хацела, каб я пашкадаваў яе. Але мне было не шкада яе. Затое Загурскі адчуваў сябе ніякавата. Ён падышоў да маці, нялоўка паклаў руку на плячо, грубаватым голасам сказаў:
— Перастань ты! От жа слязлівая стала.
Я адвярнуўся. Глядзеў праз акно, думаў: «Як мне цяпер называць Загурскага? Бацькам? Ніколі».
…Вяселля не спраўлялі. Назаўтра Загурскі перанёс да нас рэчы. Іх аказалася на дзіва мала: афіцэрскі шынель, коўдра з верблюдовай поўсці, цяжкая, нібы набітая каменнем, падушка ды два старыя аблупленыя чамаданы. У адным была бялізна, у другім — кубкі, граматы і спартыўная стралковая форма.
Прызы і кубкі Загурскі паставіў на падаконнікі, астатняе запіхнуў у шафу. Пакуль ён ладкаваў рэчы, маці стаяла, скрыжаваўшы на грудзях рукі.
— Не разумею,— сказала яйа,— як ты жыў… Гэта ж нібы ў таго цыгана: адно крысо пад бок, другім — накрыўся.
Загурскі ўсміхаўся. Ён, мабыць, не адгадваў матчыных думак. А ёй, я ведаў гэта добра, вельмі хацелася, каб муж прывёз у хату не адну машыну дабра.
— Яно і праўда, мы з Антанінай, як цыганы, жылі. Усё па свеце вандравалі. Рэчы нам як бы перашкаджалі…
— Як жа яны могуць перашкаджаць? — у матчыным голасе было здзіўленне і расчараванне.— У хаце кожны цвічок, кожная трэсачка да месца. Дзе ж вы ложкі, крэслы, усякую драбязу дзявалі?
— Суседзям пакідалі.
— Столькі дабра пагублялі…— пашкадавала маці.
— Не рэчы нас набываюць, а мы іх,— азваўся Загурскі.
Раніцай, яшчэ нацямку, Загурскі снедаў, браў з сабою абед, старанна падрыхтаваны маці, і на ўвесь дзень знікаў з хаты. Я ведаў, што работы ў яго хапае. Неяк выходзіла так, што на плечы Загурскага з першага дня работы намеснікам лёг асноўны цяжар клопатаў аб калгасе. Вяртаўся дамоў ён позна, калі Зарэчча ўжо спала. Маці адчыняла дзверы, нешта буркавала, тупаючы па кухні. Загурскі смяяўся звонка і весела.
Пасля вячэры яны яшчэ доўга сядзелі. Загурскі расказваў пра справы ў калгасе, і маці падтаквала яму або часам старалася нешта парадзіць. Звычайна Загурскі адказваў:
— Так, Даша, не пойдзе. 3 людзьмі трэба па людску жыць. Загадваць ды палохаць прасцей простага.
— Але ж з нашымі людзьмі інакш нельга,— не здавалася маці.
— То, Даша, толькі здаецца, што па-харошаму не можна кіраваць. Я нядаўна падлічыў, што ў леташнім годзе праўленне аштрафавала дзевяноста чалавек. Але дысцыпліна ад гэтага не палепшылася. Сёлета яшчэ нікога не штрафавалі, а людзі працуюць лепей. Нават тут, у Зарэччы, людзі мяняюцца.
— Хто там мяняецца,— не згаджалася маці.— Цопа вунь у краму прыстроіўся. А Макуха толькі і глядзіць, дзе можна ўкрасці.
— I яны ўжо не тыя.
— Гэта праўда,— згаджалася маці.— Цяпер і яны пабойваюцца.
Я слухаў іх гамонку і адчуваў, як ніколі, адзіноту. Яны як бы забываліся на мяне, бо ім было добра ўдвух. А можа мне здавалася? Можа я выдумляў тую адзіноту, бо зрэшты мне хапала клопату. Не ведаю чаму, але дзядзька Даніла стараўся ўскласці на мяне як мага больш работы.
— Хачу з цябе сапраўднага брыгадзіра зрабіць,— казаў ён, і я быў рады, што мне давяраюць, што ёсць дзе размахнуцца, паказаць сябе з лепшага боку.
Яшчэ мяне сагравала каханне. Я клаўся спаць з думкай аб Хрысціне і з гэтай думкай прачынаўся ўранку. Паснедаўшы, я бег да Макухі, кожны раз выдумляючы прычыну. Цётка Марына сустракала мяне прыветліва, нават залішне прыветліва. А Сцяпан заўсёды лаяў Загурскага, вучыў мяне не паддавацца айчыму, бо калі я папушчуся, дык толькі і чакай, што Загурскі выжыве з хаты. Я цярпеў і цётчыны пахвалы і Сцяпанавы павучанні. Мы перакідваліся з Хрысцінай некалькімі словамі, абменьваліся позіркамі, пасля якіх я мог варочаць горы. Так беглі дні…