Выбрать главу

4

Фруза Салей была таварыская дзяўчына. 3 выгляду яна, вядома, не дужа эфектная, але, як толькі пачынае гаварыць пра кнігі, адразу забываешся на яе востры носік, на шыракаваты рот, на кароценькія рэдкія бровы, на шэрыя бясколерныя вочы — адным словам, забываешся на ўсе Фрузіны недахопы.

Не ведаю чаму, але неяк так вядзецца на свеце, што прыгожыя дзяўчаты часцей за ўсё пуставатыя, а тыя, што разумныя, не маюць вялікай прыгажосці. Стась кажа, што гэта разумны баланс прыроды. А я лічу, што — найвялікшая несправядлівасць. Прыгажосць і розум павінны дзяліцца пароўну.

Я быў разгубіўся, калі Фруза паявілася ў нашым Зарэччы. Мы з Хведарам везлі са станцыі ўгнаенне і за Пагостам дагналі дзяўчыну ў вузенькіх штоніках і рабенькім паліто.

— Глядзі,— здзівіўся Хведар,— адкуль тут гэтая божая задрыпа ў штанах паявілася?

Ён пад’ехаў зусім блізка і з усёй сілы націснуў сігнал. Машына загула, як пажарная сірэна. Дзяўчына падскочыла, нібы той заяц з перапуду, потым сіганула ўбок. Я пазнаў яе. Мне стала сорамна.

— Гэта бібліятэкарка,— сказаў я Хведару.

Ён спыніў машыну, адчыніў дзверцы і, высунуўшы ў іх галаву, іранічна заўсміхаўся:

— Даруйце, што напалохаў. Мо падвезці?

Я стрымана прывітаўся, думаючы, што Фруза дарэмна зусім надзела штаны. У горадзе, можа, штаны і прыстойная для дзяўчыны вопратка, а на вёсцы гэта ўсё роўна, што голай хадзіць — кожны будзе лупіць вочы.

— А не цесна нам утрох будзе? — запыталася Фруза, спрытна ўзлазячы на падножку.

— Не, вы толькі да Янкі цясней туліцеся, ён любіць гэта. Я і сам бы не супраць, але баранка ў руках.

Мне давялося пасунуцца, каб Фруза магла ўціснуцца ў кабіну.

Хведар усю дарогу падколваў бібліятэкарку, яна даволі дасціпна зводзіла яго хамаватыя жарты на бяскрыўдныя жарцікі, а я думаў, што трэба будзе запрасіць Фрузу дамоў і тут ужо не абмінеш матчыных калючых вачэй і вострага языка.

Усё, аднак, абышлося добра. Фруза мела дзіўны талент падабацца людзям. Я знарок (хоць гэта было не дужа прыстойна) пакінуў Фрузу, як толькі прывёў яе ў хату. А калі вярнуўся з надворку, дык убачыў, што маці вельмі міла гутарыць з Фрузай.

Потым мы гутарылі пра літаратуру. Я прызнаўся, што пішу нататкі аб сваім жыцці, дзе нічога не выдумана: усё спісана з нашага Зарэчча і зарачанцаў.

— Хоць гэта і нязручна, але мне хацелася б пачытаць твае нататкі,— сказала Фруза.— Вядома, калі не сакрэт. Я сама пішу вершы. Хочаш, прачытаю адзін. Толькі ты не смейся.

Яна раптам захвалявалася, зняла чамусьці акуляры, працёрла шкелцы. Без акуляраў у яе быў зусім іншы, больш мяккі выраз твару. Мабыць, яна была зусім блізарукая, бо занадта жмурылася.

Яе ўсхваляванасць напамінала мне маю, калі я напрасіўся прачытаць Шуры свой верш. I вось гэтая зразумелая ўсхваляванасць дашчэнту разбурыла маю насцярожанасць.

Чытала Фруза нараспеў і ўвесь час сарамліва і з надзеяй пазірала на дзверы, быццам хацела ўпэўніцца, што ніхто не перашкодзіць ёй уцячы. Я пахваліў верш. Фруза сканфузілася, пачырванела.

Яна прызналася, што пасылала гэты верш у раённую газету, а ёй параілі напісаць пра вывазку гною, бо цяпер па раёну аб’яўлен месячнік нарыхтоўкі ўгнаенняў. Мне таксама прысылалі не вельмі бадзёрыя адказы на вершы, таму я зноў адчуў блізкасць да Фрузы.

Чытала Фруза мае нататкі ўважліва, нахмурыўшы лоб. Часам яе вочы ўсміхаліся або станавіліся журботныя ці калючыя. Тады я заглядаў у сшытак, цікавіўся, якія мясціны выклікалі ў Фрузы тыя або іншыя эмоцыі.

— Ты, відаць, моцна кахаў Шуру,— сказала яна.

Я ўспомніў пра Хрысціну. (Апошні сшытак я чамусьці не адважыўся паказаць Фрузе.) Было крыху няёмка. Што сказаць? Калісьці мне здавалася, што я вельмі люблю Шуру. Але тая любоў растаяла, як веснавы туман.

— Як табе сказаць, каханне — гэта…

— А вось я ніколі не кахала. I мяне не кахалі. Я, Янка, непрыгожая. А непрыгожых каму ахвота любіць. Толькі і мне часам хочацца вялікага і прыгожага кахання. Таму я вершы пішу. I ўсё пра каханне.

Мне было шкада Фрузу. Праўда, хто яе пакахае? Кахаюць такіх, як Хрысціна. Але мне вельмі хацелася суцешыць Фрузу.

— Галоўнае не прыгажосць, а розум,— разважліва сказаў я.— Прыгажосць з гадамі вяне, а розум вастрэйшы робіцца…