Выбрать главу

Фруза паківала галавой.

— I ўсё ж добра быць прыгожай. Я часам, Янка, думаю, што прыгожая дзяўчына ніколі не шкадуе, што ў яе мала розуму, а вось непрыгожая заўсёды зайздросціць прыгожай.

Потым мы хадзілі па хатах. Фруза вельмі хутка знаёмілася з дзяўчатамі, ды і старэйшыя ставіліся да яе з павагай. Нават не звярталі ўвагі на вузенькія штаны і рабенькі палітончык. Я не зусім разумеў, чаго яна дамагаецца ад людзей, бо Фрузу цікавіла ўсё чыста, што можа цікавіць дапытлівага чалавека.

На развітанне мы зноў доўга гутарылі. Вось тады я і даведаўся, што Фруза няштатны інструктар райкома камсамола. Яна надавала мне безліч даручэнняў. Скажу шчыра, што ўпершыню за сваё жыццё я ўзяўся за іх з ахвотай. Такая ўжо яна дзяўчына, гэтая Фруза Салей…

3 усяго калгаса неўзлюбілі Фрузу толькі Восіпаў Хведар і Кузьма Цопа. Таго ж дня пад вечар я заглянуў у краму. Цопа стаяў за прылаўкам, нібы той манумент. За гэтыя месяцы ён раздабрэў, старэнькі халат, апошні раз мыты, відаць, вясной леташняга года, аж трашчаў на ім. У парозе стаялі вагі і дзве бочкі: адна з-пад фруктовага віна — дзевяноста капеек літр, другая з-пад селядцоў. На вагах і на бочках сядзелі шафёры з далёкіх калгасаў і некалькі нашых зарачанскіх аматараў дармаўшчынкі. Сярод іх быў і Хведар. Ён зусім сп’янеў, але не здаваўся.

— Чаго гэта зануда ў акулярах прыязджала? — запытаўся ў мяне Хведар.

Я пажартаваў:

— Кажа, хопіць ужо зарачанцам праводзіць культурны адпачынак у краме. Хоча раскатурхаць нашу глухамань. А мы ёй памагчы павінны…

Хведар грукнуў кулаком па прылаўку:

— Нагнала іх з Загурскім на нашу галаву. Культуры ім захацелася. А на які хрэн мне іх культура? Мне і без яе добра. Праўду я кажу ці не?.. Можа яшчэ дружыннікаў, як у горадзе, завядзе?..

— А ты што думаў,— каб падахвоціць Хведара, падаў голас Цопа.— Наступаюць на нас, як вясна на зіму. Хутка так цябе прыціснуць, што і пікнуць не пасмееш.

— Баюся я іх!

— Забаішся, як пятнаццаць сутак палучыш…— сказаў Цопа.

Хведар адразу скіс. Мне чамусьці падабалася Хведарава пужлівасць.

Я разумеў, чаму ён напалохаўся, і абрадаваўся: прыходзіць канец яго-наму верхаводству ў вёсцы.

3 таго дня пачала расці між намі варожасць. Я ўсё больш бачыў Хведараву грубасць, а ён адплачваў мне нянавісцю, стараўся абразіць на людзях, а калі быў п’яны, пагражаў: «Пачакай, інцілігенцік, я з табой яшчэ на кароткім замыканні сустрэнуся».

Ішлі дні, але «кароткага замыкання» не было. Затое іншая падзея на нейкі час аглушыла мяне.

5

3 вялізнага аркуша паперы чорныя і чырвоныя літары запрашаюць людзей у маю хату, дзе кожны дзень з сямі да дзесяці вечара можна атрымаць або абмяняць кнігу. Я доўга прыглядаюся да размаляванага аркуша. Чагосьці ў ім як бы нестае. Я дастаю з шафы скрутак з матчынай тканінай на плацце. Якраз тое, што трэба. Тканіна загорнута ў фірменны аркуш, на якім намалявана дзяўчына з моднай прычоскай і энергічна працягнутай рукой. «Наведайце магазіны Белдзяржунівермага!» Цяпер патрэбна капірка. Яна ляжыць у табелі. Я пераводжу малюнак на аб’яву, размалёўваю дзяўчыну ў зялёны і чырвоны колер. Выходзіць не вельмі добра, затое такую аб’яву ніхто не абміне.

Мяне, праўда, крыху бянтэжыла адно. Маці паабяцала была спаліць кнігі, або ў лепшым выпадку выкінуць іх у сенцы.

— Колькі ж табе працадзён за гэты тлум будуць налічваць? — запыталася яна, калі я сказаў, што ў нашай хаце адкрываецца бібліятэка-перасоўка.

— Гэта без працадзён, на грамадскіх асновах.

— Зусім бясплатна? — здзівілася маці.— Дык на ліха такая работа?

— Разумееш, мама, пры камунізме ўсе так працаваць будуць, не за плату.

— А сена каровам на зіму пры камунізме як будуць — па кустах касіць? Таксама на тваіх гэтых асновах?

— Пойдзеш у сталовую, і табе дадуць малака.

— Хведарыха ўсё роўна ашукае, дзве кварты вып’е,— кажа маці і ўжо зусім сур’ёзна аб’яўляе: — Вось што, сыночак, пакуль той камунізм, дык я кнігі гэтыя або ў грубцы спалю або ў сенцы выкіну. Не хачу я, каб мне падлогу тапталі. Мыць яе на грамадскіх пачатках не будуць: трэба самой спіну гнуць.

А ўвечары, калі прыйшоў Загурскі і маці паскардзілася яму на мяне, усё перамянілася. Загурскі спакойна, але пераканаўча давёў маці, што трымаць бібліятэку ў хаце пачэсна. Маці згадзілася і нават памагла мне расставіць кнігі.

I вось я напісаў аб’яву. Трэба толькі яе добра прыклеіць, каб хто не сарваў са сцяны. Для гэтага неабходна зварыць клей. Крухмал, здаецца, ёсць.

Неўзабаве я выскокваю на вуліцу з аркушам паперы, які дыміць парай. Клей намёртва прысушвае аб’яву да сцяны. Я адыходжуся крыху далей. Са сцяны азвярэла глядзіць на мяне чырвона-зялёная дзяўчына. Здаецца, яшчэ хвіліна, і яна саскочыць на зямлю, агрэе адведзенай рукой па твары.