Выбрать главу

Ні ценю смутку! Калі ж яна прыкідвалася — тады ці цяпер? Ах ты, падлюга! Мне хацелася крычаць, плакаць, бегчы ў ноч ад сораму і гора. Але я стаяў. Жаніх, нахіліўшыся да Хрысціны, нешта гаварыў ёй на вуха. Яна павярнулася да яго тварам. У вачах зацікаўленасць. Ён паклаў руку на яе спіну, тоўстымі, каструбаватымі пальцамі ўчапіўся за плячо. Чаму яна не абураецца?..

Я неяк выбраўся з натоўпу і тут жа трапіў у кола дзяўчат.

— Дзеўкі, глядзіце, Янка!..— пачуў я голас Анюткі Шкілета.

— Гароху цяпер не сеем, а то вянок сплялі б,— азвалася Халімонава Алена.

— Ой, трэба ён ёй быў… Вучаныя дужа ненадзейныя жаніхі.

— Памаўчала б лепей.

— Яначка, я вольная і далібог не здраджу. А цалавацца не горш за Хрысціну магу.

Какосцікава Верка зарагатала са свайго жарту, а нехта сіпата вылаяўся:

— У каго што, а ў нашай Веркі адно пацалункі на ўме.

— Паскуда, цьфу табе, дурань.

Дзявочыя кулакі дружна замалацілі некага па спіне. Я скарыстаў замяшанне і, не доўга думаючы, плетануў дамоў.

Вяселле было прызначана на наступную нядзелю. Мне здавалася, што Хрысціна спяшаецца знарок, каб хутчэй уцячы ад маіх разгневаных вачэй. Я стараўся пабачыць яе, але яна была вельмі занятая.

Русаковіцкая краўчыха Улляна Жылка ўвесь дзень шыла вясельныя ўборы, і Хрысціна павінна была сядзець дома або ездзіць у горад за тканінай. «Зрэшты,— думаў я,— проста яна не хоча сустракацца. Сорамна. Клялася ў каханні, а замуж ідзе за другога». Часам у мяне ўзнікала неадольнае жаданне пайсці да яе самому. Але смеласці не хапала. Таму я пакутаваў удвая.

I ўсё ж мы сустрэліся. Я падпільнаваў Хрысціну, калі яна вярталася з кардонскай крамы. Пра тое, што яна паехала ў Кардон без праважатага, я дазнаўся ад Анюткі Шкілета.

У ляску ля рэчкі я прастаяў гадзіны дзве. Перадумана за гэты час было шмат. Я то ўзгараўся гневам, і тады мне здавалася, што ненавіджу Хрысціну і магу зрабіць нешта брыдкае, то астываў, набіраўся развагі, і тады Хрысціна паўставала перада мной ва ўсёй прыгажосці сваёй душы. У такія мінуты я любіў яе яшчэ больш і гатовы быў плакаць ад гора. Дзве гадзіны чакання ўтаймавалі мае страсці. Калі сані з Хрысцінай паявіліся на дарозе, я быў такі азяблы, што бадай ужо не мог вымавіць слова. Адзінае, на што я быў здольны — выйсці на дарогу.

— Ой, як ты мяне напалохаў! — усклікнула Хрысціна, калі я, нібы здань, перагарадзіў дарогу.

Я пазіраў на яе румяныя ад марозу шчокі, на цёмна-сінія вочы, якія яна ўсё хавала ад мяне, на яе маленькі зграбны носік, чамусьці заўсёды прыемна халаднаваты, на чорныя кудзеркі валос, што выбіліся з-пад хусткі і пакрыліся інеем,— і не мог вымавіць слова. Яшчэ ніколі Хрысціна не была такая прыгожая.

Я стаяў, апусціўшы рукі, быццам прамёрз наскрозь. Толькі ў грудзях цеплілася кволая надзея на нейкае шчасце, што абавязкова не абміне мяне. Хрысціна ўсё яшчэ сядзела на санях, абломвала галінкі даўгаватай бярозавай хварасціны, якой паганяла каня. Гэтае мітуслівае мільгаценне рук і нейкая пакорліва-прыгнечаная постаць дзяўчыны выклікалі ў маёй душы дзіўнае пачуццё жалю і злоснай радасці: ага, табе сорамна.

Абое адчувалі сябе няёмка, і гэтае пачуццё ніякаватасці стрымлівала мяне ад грубых слоў. Я адчуў толькі, як зноў пачало гулка біцца сэрца ды на вочы быццам напаўзаў туман. Хрысціна, сані, конь, лес — усё пачало аддаляцца, страчваючы рэальныя абрысы.

— Што ты тут рабіў? — пачуў я здалёк чужы голас.

Я маўчаў. Няхай гаворыць сама. Няхай ёй, а не мне, будзе сорамна. Адразу ж у галаве замітусіліся думкі-мары, і тады я на ўсё паглядзеў іншымі вачыма. Няпраўда ўсё гэта! Сон. Хрысціна не выходзіць замуж…

Я зрабіў некалькі крокаў. Убачыў, як спалохана паглядзела на мяне Хрысціна, хацела ўсміхнуцца і не змагла.

— Хрысціна…

Яна саскочыла з саней, падхапіла ў жменю пухкі снег.

— Ой, Яначка, ты ж шчаку адмарозіў… Белая зусім. Тры яе снегам.

Цяпер я бачыў яе вялікія сінія вочы, напалоханыя і лагодныя, з затоенай у іх любоўю. Дурны я. За шчасце ж ваяваць трэба, а я раскіс…

Яна пачала церці снегам шчаку і, мабыць, ад няёмкасці гаварыла пяшчотным голасам:

— Ну вось, вось…. Пачакай крыху. Ну, што ты, Яначка… Які ты смешны.

Я хацеў абняць яе, нязграбную ў кажушку, прытуліць да сябе. Хрысціна старалася адштурхнуць мяне, адвесці мае рукі. А ў маіх вушах чамусьці чуўся Хведараў голас: «Дзеўкі моцных любяць. Намерыўся да якой, дык ужо не адступай…»