— Дык, слухай сюды, Дар’я. Начальства трэба сустрэць, каб камар носу не падтачыў. Усе бабы на кукурузу пойдуць, дык і ты ўжо не адстань. Паедзе, тады і палёгку можна дапусціць.
— Як усе, так і я.
— Гэта я знаю. Ты не адстанеш. А Янку свайго пашлі ток чысціць. Гэта ж, слухай сюды, даўно ўказанне было такі і свірны да ладу прывесці, а вось рук дацягнуць не было як.
— Няхай бы дома пабыў. Экзаменты на носе.
— Адзін дзень, слухай сюды, не ратунак, а нам козыр.
— Добра, скажу. Ці паслухае толькі?
— Я ля Данілавай хаты буду. Няхай туды прыходзіць.
Сцяпанава шапка мільгае ў акне. У хату заходзіць маці. Я спадцішка ўглядаюся ў матчын твар, шукаючы на ім усхваляванасці. Але на ім, апрача прыкрасці, нічога не відаць.
— Няхай яго разарве,— бурчыць маці.— Не паспее вочы прадраць, як ляціць па хатах, каб пахмяліцца дзе. Во ўжо ненажэрная прорва!..
Мне балюча слухаць матчыны словы. Сама ж набівалася, а цяпер лае чалавека за вочы. Брыдка, хоць я і прывык да гэтага. Чаму маці ў вочы кажа адно, а за вочы другое? Можа і другія так робяць? Можа і пра мяне кажуць што-небудзь благое, хоць у вочы гавораць толькі добрае?
— Спіш во да паўдня,— кажа маці да мяне.
Я адчуваю сябе няёмка. Папрок горкі, які я не раз чуў, прымушае мяне падняцца. Навошта маці папракае?
Маці спяшаецца падаць снеданне. Яна хапаецца за ўсё адразу. Насыпае ў міску бульбы, на хаду пераапранаецца, прыбірае стол. Я вельмі люблю глядзець, як яна завіхаецца ля печы. Усё выходзіць у яе прыгожа, аж люба глядзець. I мне становіцца весялей.
— Сцяпан казаў, каб памог ток чысціць,— кажа яна, прысаджваючыся на табурэтку.
— Добра,— адказваю я.
Снедаем мы паспешліва. Я першы выходжу на вуліцу, бяру кірунак на Данілаву хату.
Макухі яшчэ няма. Ён, відаць, ніяк не дойдзе да канца вёскі. Ля хаты, на бярэзіне, вісіць вагонны буфер, але ў яго даўно ўжо не звоняць: усё роўна на працу не пойдуць, пакуль Сцяпан не абыдзе хаты. Пад бярозай — лавачка. Я саджуся на яе, дастаю сцізорык, пачынаю стругаць палку.
3 хаты выходзіць Шура. Яна спыняецца на ганку і жмурыцца ад сонца. Потым пачынае рагатаць.
— Дык ці не цябе прыслалі ток чысціць?
— А што, думаеш, не змагу?
— Не, гэта ж Сцяпан агітаваў нас, дык абяцаў самага лепшага хлопца з усяго калгаса за старшага прыслаць.
Я крыху бянтэжуся. Шура заўважае гэта і абрывае смех, потым гукае дзяўчат:
— Дзеўкі, старшы прыйшоў!..
Дзеўкі высоўваюцца ў расчыненыя вокны.
— Іван Дар’і,— а бо! — во дык старшы!
Гэта гаворыць Анютка Какосцікава, якую хлопцы празвалі «шкілетам». Мяне пачынае разбіраць злосць. Не мог гэты «слухай сюды» паслаць на лепшую работу?..
— А што, ён і праўда, нічога!.. Фацэтненькі… Толькі гонару шмат. Мы яго, дзеўкі, праз мялку прапусцім, дык памякчэе,— у вачах Веры Какосцікавай здзеклівы смех.
— Ты лепш свайго Стася праз мялку прапусці,— агрызаюся я.
— Гэта ўжо не твой клопат.
Спрэчку спыняе Сцяпан Макуха. Ён паяўляецца, як здань, нечакана.
— Дзеўкі, слухай сюды, ідры вашу тры, хутчэй збірайцеся, хопіць чапурыцца!.. А ты бяжы па хамут. У каго ён толькі? Здаецца, у Тараса.
— Вупраж, дзядзька, у нас,— адказвае Шура.— Вунь там пад паветкай, на калку.
Яна першая бяжыць пад паветку, а я іду за ёй следам памалу. Стаўшы на дыбачкі, Шура спрабуе зняць вупраж з калка, але да хамута яна дастае толькі кончыкамі пальцаў.
— Пачакай, я сам,— кажу і таксама цягнуся рукамі ўгору.
— Ты, Янка, прабач, што так няўдала пажартавала,— просіць Шура, і гэта вельмі здзіўляе мяне.
— Палезуць гэтыя Какосцікавы — дам па мордзе… Знайшліся прыгажуні…— бурчу я і цягну вупраж на вуліцу.
Сцяпан-«слухай сюды» цягне за аглоблі ад Какосцікавых калёсы з драбінамі, ці, як завуць у нас, мары. Анютка і Верка папіхаюць мары ззаду. Папіхнуць крыху і прысядуць на градку. Сцяпан азіраецца, пачуўшы цяжар, нязлосна крычыць: «Ну, я зас, сухарэбрыцы!» Шурчын брат Лёшка прыводзіць з пашы каня, рыжага і маленькага. Сцяпан памагае мне запрэгчы каня, дзяўчаты ўзлазяць на мары, і мы едзем на ток.
Летась у ім малацілі, а пасля мялі лён. На застаронках і ў ёўні поўна мякіны, гнілой трасты, кудзелі і кастрыцы. Усё гэта зляжалася, прагніло, а зверху пакрылася шараватай плесенню.
На таку халаднавата ад вільгаці, хоць на двары так і прыпякае сонца. Дзяўчаты бяруць вілкі, пачынаюць чысціць застаронак. У нос шыбае гніллю. Абедзве Какосцікавы працуюць ленавата: учора яны былі на вечарынцы і, мабыць, не выспаліся. Яны больш стаяць, паставіўшы нагу на край вілак. Затое Шура працуе шчыра. Падкалупвае смецце, лёгка ўскідае на воз.