Выбрать главу

— Хлопцы, пакажам, што такое шафёры? Га, хлопцы?

Сват ўзяў яго пад руку, нешта зашаптаў на вуха.

Хрысціна спынілася насупраць натоўпу, пакланілася, амаль кранаючыся рукой снегу. У гурце загаласілі жанчыны. Плач балюча драпаў па сэрцы. Я пачаў выбірацца з натоўпу, каб не бачыць і не чуць прыніжанага развітання «паланянкі».

Потым вуркаталі машыны, гаманілі людзі, і снежны пыл курыўся над дарогай. Настала цішыня. А ў ёй раздаўся спакойны, разважлівы голас:

— Дзівакі, з вяселля ціятры наладзілі…

Гаварыў Даніла Налягач. Мы пайшлі з ім па выслізганай палазамі вуліцы. Даніла трымаў рукі за спіной і можа таму выдаваў сутулым і старым. Гаварыў ён нібы сам з сабой:

— Чаго людзі даўніны трымаюцца? Я, Сітоў, законам забараніў бы даўняе ўзнаўляць. Яно, здаецца, глупства: ці вялікая шкода, што вяселле на стары капыл ладзілі, а толькі, я табе скажу, гэта — як тайны падкоп. Ты, Сітоў, мабыць, і не памятаеш, як гэта вяселлі па-старому ладзіць? А яны цябе навучылі. Дурное ж на ўсё жыццё помніцца. Пасаг, каравай, выкуп… Я табе так скажу, мы са сваёй трыццаць чацвёрты год жывём, дай бог кожнаму. А вяселле сваё я вось як спраўляў. У данькаўскага папа батрачка была. Я тады толькі з арміі вярнуўся, у Туркестане ваяваў басмачоў. Сустрэліся мы з ёй, пакахаліся. Бачым — адзін без аднаго жыць не можам і парашылі жаніцца. Запрог я каня, пад’ехаў увечары да папоўскага дома, пастукаў у акенца. Яна, значыць, выкінула хатулёк праз акно, а потым сама вылезла. Вось і пачалі жыць. Поп гады два ўсякіх ліхаў нам прарочыў, а мы па сённяшні дзень шчасліва жывём.

Дзядзька Даніла нейкі час крочыў моўчкі, але, відаць, гэтая думка трывожыла яго:

— Будзеш жаніцца, Янка, дык не рабі п’янага вяселля. Агідна…

Штосьці ў словах дзядзькі Данілы нагадвала мне ўласныя думкі. Не хацелася мірыцца з усім тым, што яшчэ адмяжоўвае вёску ад горада, ставіць яе на другі план.

— Дзядзька Даніла, а чаму вы не зойдзеце па кнігу? — запытаўся я.

— Мне ўжо без акуляраў чытаць цяжка. А купіць іх ніяк не адважуся. Вось так і гарую. Паслухаць бы і рад быў, ды каму захочацца час траціць… I сабрацца няма дзе.

Мы развіталіся, так і не дасказаўшы тое, што абавязкова трэба было сказаць.

НАСТУП

Незакончаны раздзел

1

Раніцай падзьмуў паўднёвы вецер. Ён прынёс па-веснавому мяккую цяплынь і безліч забытых за зіму пахаў. Апоўдні пад несціханы крык пеўняў з-за лесу выпаўзла густая блакітна-шэрая хмара. Яна заняла паўнеба і, нібы замарыўшыся, спынілася недзе над Данькавым.

Ноччу секануў буйны, цёплы дождж. У непрасветнай цемрачы — хоць выкалі вока — ён глуха лапатаў, сіпеў, растапляючы снег; гулі і звінелі імклівыя ручаіны. Усё навокал набрыняла вадой і цеплынёй. Было духатліва і парна, аж ламіла косці.

А назаўтра, абмытыя дажджом, непрывычна чарнелі палі. За ноч снег нібы злізала. Усё навокал памаладзела. Лысы пагорак зелянеў маладой рунню, і канава на імшары таксама зелянела ад асакі, а вярба за ноч пажаўцела, бо набрынялыя пупышкі патрэскаліся, і з іх здзіўлена пазіралі на свет жоўтыя коцікі.

Над Зарэччам таяў туман. Скрозь парадзелыя хмары прабівалася сонца. Дзень абяцаў быць цёплы. Таму з самай раніцы не сядзелася ў хаце. Хацелася на прастор палёў.

Я пайшоў на возера. Не ведаю чаму, але яно вабіла да сябе, і ўночы я часта сніў зялёны востраў ды срэбраную месячную сцежку на вадзе.

Дождж растапіў снег, і цяпер на лёдзе стаяла падсіненая спадыспаду вада. Лёгкі вецер гнаў па ёй дробныя хвалі. Яны падкатваліся да рудых чаратоў, спакойна лажыліся між высокіх сухіх сцяблін. Праз возера бегла чорная дарога, адзінае, што засталося ад зімы і што паволі размывала вада. Далей вырастаў проста з вады хмызняк — гэта быў наш востраў, які абмывала цяпер веснавое разводдзе. Над востравам у асмужаным туманам небе звінелі жаўранкі, а ў бярозавым гаі стаяў грачыны гармідар. Я ўспомніў, як ахрыпла кувала зязюля, калі мы з Шурай сядзелі на востраве. Успамін не абудзіў былых пачуццяў: яны заглушыліся іншымі, больш моцнымі і стойкімі.

Смешна пытаць у зязюлі, колькі табе наканавана пражыць вёснаў. Жыццё вымерваецца не гадамі, а тымі справамі, якія зрабіў чалавек. Чаму я раней пра гэта не думаў?

Я марыў пра жыццё лёгкае і простае, як найкарацейшую адлегласць між дзвюма кропкамі: школа — універсітэт. Выйшла не так, як марыў. Прамых дарог на свеце не бывае…

Уночы, калі над Зарэччам страляў пярун, а маланкі скрыжоўвалі свае вострыя пікі, да нас у хату прыбегла Шура.