Выбрать главу

— Дзядзька Платон, бацьку нешта нядобра… Доктара трэба…

— Што ў яго? — запыталася маці паспешліва надзяваючы плацце.

— Сэрца, мабыць…

Загурскі вывеў з хлява матацыкл. Яркае святло фары прарэзала цемру. Было добра відаць, як у белым промні скачуць частыя дажджавыя кроплі.

— Праз гадзіну чакайце,— крыкнуў Платон і знік у начы.

Мы стаялі на ганку, прыслухоўваючыся да сіпення дажджу. Час ад часу асляплялі маланкі, следам грукаталі раскаты грому. Шура сабралася дадому, і маці загадала мне праводзіць яе. Я накінуў на плечы Платонаву плашч-палатку. Мы выйшлі на вуліцу.

На Шуры была кароценькая жакетка, уся мокрая.

— Давай разам накрыемся,— сказаў я Шуры і накінуў палу плашч-палаткі на яе.

Па вуліцы, з горкі, беглі ручаі. Ногі адразу прамоклі. Але ісці побач з Шурай было прыемна. Яна выдавала маленькай, прыгорбленай горам дзяўчынкай. Мне хацелася, каб Шура адчула, які я ўважлівы і клапатлівы. Таму я раз-пораз захутваў яе ў плашч-палатку, баючыся, каб яна не прастудзілася. А на дварэ было парна. Навальніца і ноч не астудзілі дзённай гарачыні.

У Данілавай хаце свяціліся вокны. 3 нейкім затоеным страхам мы ўзышлі на ганак, адтуль у сенцы. Я не адставаў ад Шуры, трымаючыся ў цемры за яе плячо. Так мы і ўвайшлі ў хату.

Дзядзька Даніла ляжаў на падушках, закінуўшы галаву, цяжка дыхаў. Убачыўшы мяне, ён папрасіў падысці бліжэй.

— Бачыш, не ў пару скапыціўся,— сказаў ён, відаць, думаючы пра тое, што праз тыдзень-два трэба пачынаць сяўбу.

Я маўчаў. Чамусьці мне прыгадаліся тыя дні, калі, хворы на грып, дзядзька Даніла не ляжаў у пасцелі, а бегаў па брыгадзе. Можа ў ягонай гэтай хваробе вінаваты я. Заняты сваім каханнем, я тады не шмат думаў пра работу. Мне было няёмка. Чаму я быў такі няўважлівы і не падмяніў дзядзьку Данілу?

— Давядзецца, Яначка, табе аднаму цяпер ваяваць.

— Вы яшчэ, дзядзька, паправіцеся,— сказаў я.

— Дождж — гэта добра,— як бы думаючы ўголас, гаварыў дзядзька Даніла.— Па маіх прыкметах лета сёлета будзе сухое, так што старайся сяўбу хутчэй кончыць.

— Ды што ты адыходную завёў…— не вытрымала Даніліха.— Ляжы во, пакуль доктар прыедзе.

Але Даніла не ўмеў ляжаць ціха. Праз колькі хвілін ён зноў пачаў разважаць уголас:

— Людзі, брат ты мой, на нас спадзяюцца. Так што глядзі, каб не падвёў іх. А палкі ў колы ў нас яшчэ ёсць каму ставіць. У жызні яно так, Янка, бывае: удзесяцёх воз цягнуць, а адзін падлюга суне палку ў кола і — увесь воз спыніцца… Я гэта гавару, каб ты не міндальнічаў са зладзеямі ды гультаямі. Пасля людзі дзякуй скажуць.

Даніла заплюшчыў вочы. Мабыць, яму цяжкавата было гаварыць. У глухой цішыні, што настала, было добра чуваць, як у палісадніку лапоча дождж. Я падышоў да акна, пачаў углядацца ў шэры змрок. На поўдні ўжо святлела неба, і чорны край бухматай хмары выразна віднеўся на гэтай светла-шэрай палосцы. Дождж надціхаў, і толькі недзе на поўначы неба яшчэ палыхала маланкамі. Часам далёкае вуркатанне грому далятала сюды, у хату, як з падзямелля.

За акном у шэрані чарнелі прысады. За імі туліліся хаты, хлявы, такія ж невыразна чорныя, як і прысады. Я жыва ўяўляў парную цеплыню гэтых хат і людзей, што спяць моцным перадсвітальным сном. Хутка яны прачнуцца і будуць дзівіцца, што праспалі навальніцу. Потым вёска ажыве ў клопатах новага дня.

Я ўжо не мог уявіць сабе жыцця без гэтых знаёмых краявідаў, без людзей, якіх ведаю змалку, якія гэтак жа добра ведаюць мяне. Прыгадаліся іншыя дні, калі ў леташнім годзе мы рыхтаваліся да экзаменаў і кожны марыў як мага хутчэй уцячы са сваіх вёсак. Чаго мы хацелі тады? Што клікала нас? Мары? Так, яны. Але ж мары сталеюць, і тады, мабыць, кожны чалавек глядзіць на жыццё іншымі вачыма. Вось і мне не хочацца ўжо кідацца ў пошукі нечага невыразнага. Я нібы прырос да гэтых мясцін.

— Адчыні, Янка, акно. Нешта паветра не хапае,— папрасіў Даніла.

Я штурхануў раму, акно расчынілася насцеж. У пакоі запахла дажджом і вільготнай зямлёй. У лямпе пад столлю замітусіўся агонь, разгарэўся ярчэй, аж пачало рэзаць у ваччу ад нязвычнай віднаты.

— Нешта доўга іх няма…— сказаў дзядзька Даніла. Мабыць, яго мучыла хвароба.

— Дарога цяпер дрэнная,—азваўся я.

Мы памаўчалі. У цішыні раптам пачулася далёкае лапатанне мататыкла. Едуць!

Матацыкл спыніўся на дарозе. 3 каляскі выскачыла затуленая ў плашч постаць, прабегла па сцежцы да ганка. Потым на парозе паявіўся ўрач, з сакваяжам у руцэ.

— Ну, дык што ж мы? — весела пачаў ён.— Вясна на дварэ, а ты ў ложак…

Урач надзеў халат, прысеў на крэсла, доўга слухаў Данілу. Твар яго хмурнеў.

— Давядзецца паляжаць,— сказаў ён, а потым, калі мы выйшлі ў другі пакой, дадаў.— Сёння ж трэба завезці ў бальніцу. Інфаркт.