Выбрать главу

I вось я застаўся адзін на ўсю брыгаду. Было страшна. Як яно. ўсё будзе? I ганебна-радасна — нарэшце я магу выявіць сваю самастойнасць.

2

Парадак спачатку наводзяць у сваёй хаце…

Гэта была такая сварка, пасля якой або разыходзяцца на ўсё жыццё або мяняюць характар. Я добра ведаў маці, не раз наперакор сабе згаджаўся з ёю, і мне здавалася, што пераможа яна. Тады трэба было б махнуць рукой на аптымізм. Тады я паверыў бы, што песімізм бліжэй чалавеку. Але я думаў так таму, што не ведаў Загурскага.

Пасля дажджоў і парнай цеплыні зноў пачаліся ядраныя ранішнія марозы. Яны скоўвалі за ноч лужы, і ўранку пад нагамі звонка хрумсцеў лёд, Удзень было сонечна і цёпла — вясна брала сваё.

Аднаго разу Платон Загурскі пад’ехаў да хаты на калгаснай, дашчэнту разбітай машыне. Я бачыў, як ён лёгка выскачыў ка зямлю і пад яго ботам раскалоўся лёд на прамёрзлай да дна лужыне. Мне здалося, што я нават пачуў звон разбітага лёду.

Загурскі ўвайшоў у хату ў ззянні сваёй адмысловай, хоць і рэдкай, усмешкі. Яшчэ на парозе зняў шапку, паліто і, кінуўшы іх на лаўку, пацёр рукі.

— Даша, чаго-небудзь паснедаць хутчэй… Пазнюся.

— Куды цябе?..— запыталася маці, увішна збіраючы на стол.

— У райком еду. Ну і закруцілася машына!

Ён быў усхваляваны. Яму хацелася расказаць пра тое, што ўзрушыла яго, таму і паклікаў мяне:

— Хадзі сюды, Янка. Ты яшчэ нічога не чуў? Дзіва што — наша Зарэчча далей ад цэнтра калгаса, як Курылы ад Масквы.

Маці насцярожылася. Я даўно заўважыў, што ўсякія навіны, перамены насцярожваюць маці. Яна спынілася ля стала, разгублена пазірала на Загурскага:

— Не цягні ты. Смерць не люблю, калі ты пачнеш гаварыць, а пасля, нібы знарок, змаўкаеш…

— Начальства раённае пазнімалі з работы,— аб’явіў Загурскі.— Я ведаў, што такое доўга не будзе. Не, ты, Янка, падумай: людзі камунізм будуюць на матэрыяльнай базе і на свядомасці людзей, а наша начальства ўздумала камунізм будаваць на прыпісках.

— А табе якая радасць? — здзівілася маці.— Людзей з работы пазнімалі, а ён радуецца…

— Дык жа як не радавацца? От, скажам, наша Зарэчча па ўсім адсталая вёска, а начальства яе ў перадавікі пхне. Тут цёплая кампанія народнае дабро разбазарвае, а Вараніцын ім самыя лепшыя рысы прыпіша і — пускай людзей у камунізм. Нават сказаць нічога не смей: савецкіх людзей абражаеш. I атрымліваецца, што пад крылцам вось такіх Вараніцыных жулікам лёгка жывецца.

Маці нарэшце не вытрымала. Яе ўвесь час непакоіла гэтая думка. Я ведаў, пра што думае маці, бо і раней яна гаварыла мне тое самае, што цяпер сказала Платону:

— 3 людзьмі жыўшы, супраць людзей толькі дурны ідзе. У суседстве не выпадае лішняе бачыць, бо і сам не без грэху.

— Кінь ты, Даша, пра грахі. У нас з табой грахоў няма. Мы з табой дзяржаўнае не бяром. Гэта па такіх, як Цопа, Макуха, Хведар Камарык — во па кім удар… Нам чужое не трэба…

— Ага, па іх… Табе, канечне, не трэба. А што карову няма чым карміць, гэта цябе не турбуе… А мне што было рабіць? Той жа Восіпаў Хведар, Камарык, як ты кажаш, выручыў. Дзякуй, прывёз сена.

— Даша,— у Загурскага раз-другі тарганулася шчака.— Ты жартуеш, Даша?

— Мне не да жартаў. Сто разоў цябе прасіла падумаць, а ты што мне гаварыў: «Не магу!» А людзі прывезлі, і ты нават не заўважыў, што ў хляве сена ляжыць.

Мне здавалася, што маці знарок гаворыць Загурскаму аголеную, брыдкую праўду. Ёй хочацца пасварыцца і ў гэтай сварцы перамагчы Платона, на ўсё жыццё падпарадкаваць яго сабе. Успомніліся Макухавы размовы: «Дар’я Сітова чорту рогі абламае і па струнцы прымусіць яго хадзіць. Гэта не баба, а дрэсіроўшчык!»

— Як жа ты так? I людзі бачылі?..

У Загурскага ўвесь час нервова торгалася шчака, але гаварыў ён спакойна, нават з нейкай асуджанасцю ў голасе. Гэта падабалася маці. Яна ўвачавідкі мяняла тактыку: раптам зрабілася ласкавая, добрая.

— Сядай, Платоша, я ў адну мінуту снеданне згатую. А за сена не бойся. Хіба жонка мужу вораг? Усё як след зроблена. Ніводная душа не ведае пра сена. Хведар на машыне ўночы ездзіў.

Загурскі спакваля ўстаў.

— Я зараз,— сказаў ён і выйшаў з хаты.

Неўзабаве яго постаць прамільгнула ў акне, на вуліцы завуркатала машына, папаўзла задам на двор. Маці ўстрывожылася. Але ні я, ні яна не здагадаліся, чаго ўязджае на двор машына, тым больш што Загурскі хутка прыйшоў у хату. Быў ён, як і раней, спакойны, можа нават спакайнейшы, чым раней. Сеў за стол. Маці паставіла на стол мачанку, паклала горку бліноў.

— Чато гэта ты машыну на двор загцаў? — запыталася яна.

Загурскі, беручы на відэлец блін, сказаў мне:

— Схадзі, Янка, памажы сена класці. У мяне часу няма…