Выбрать главу

Маці збялела, потым пабарвавела, захвалявалася:

— Платон, што ты?..

— Крадзенае яно. Трэба на ферму завезці.

— Я ж за яго грошы плаціла…

— Плакалі твае грошы. Яшчэ скажы дзякуй, што так абышлося. А то заадно з Хведарам за краты трапіла б…

Маці заплакала. Мне ўжо вядома было яе галашэнне, і ў другі раз я ўцёк бы з хаты, але цяпер было вельмі цікава ведаць, чым усё кончыцца. Платон снедаў, быццам нічога не здарылася, толькі сказаў мне:

— Ідзі, Янка, памажы там. Мы тут самі разбяромся…

— Строгі ў цябе айчым,— сказаў шафёр.— Мы думалі, што ён толькі на рабоце такі, аж не — і дома строгі. Ну, дык гэта не блага. Галоўнае — справядліва.

Мы пачалі накладваць праклятае сена. Прызнацца, я ўвесь час чакаў, што вось зараз на двары паявіцца Загурскі, махне рукой: «Скідай сена з машыны», а за яго спіной будзе ўсміхацца маці. Але Загурскі не паяўляўся.

Нарэшце сена было на машыне. Мы не ведалі, што рабіць далей. Трэба было ісці ў хату. А там панавала жудасная маўклівасць. Я з асцярогай адчыняў дзверы, быццам чакаў убачыць штосьці страшнае. Загурскага не было. Маці прыбірала ў хаце, злосна махаючы венікам.

— А дзе Загурскі?

— Хіба я ведаю. У горад жа мусіць пайшоў.

— А сена куды везці?

— Куды хочаце, туды і вязіце. I адчапіцеся вы ад маёй галавы. Жывіце, як сабе хочаце.

Я зразумеў, што перамог Загурскі. Што маці больш не адважыцца на такое. I я радаваўся гэтаму. Чалавек выхоўваецца не толькі ўгаворамі. Часам трэба быць і бясконца непахісным, каб вярнуць дарагому табе чалавеку сумленне.

3

Палі чакаюць гаспадара. Уранку, калі прыгравае сонца, над імі стаіць лёгкі, ледзь прыкметны туман. Зямля грэецца. Трэба пачынаць сяўбу. Але я не ведаю, за што зачапіць рукі.

Кузьма Цопа пакінуў мне незайздросную спадчыну. Бароны, плугі, культыватары раскіданы па ўсім полі. Сеялку знайшлі ў імшары, і цяпер яе давядзецца рамантаваць. Факт — сяўбу наша брыгада зацягне. Варта было б пагаварыць з Загурскім або пайсці да Чукрая, папрасіць, каб памаглі мне. Толькі ісці па дапамогу я саромеюся. I Загурскаму нічога не кажу. Загурскі — радня. Яшчэ пачнуць гаварыць, што айчым памагае пасынку.

Упершыню за сваё жыццё я ненавіджу вясну. Няхай бы яшчэ пачакала. Тыдні за два адрамантаваў бы інвентар. А там няхай прыходзіць. Але вясна не чакае. Яна грукае ў вокны.

Быў бы здаровы Даніла Налягач, дык ён ведаў бы, што рабіць. А я не ведаю, і цяпер мне здаецца, што нехта вельмі злосна пажартаваў з мяне, прызначыўшы за брыгадзіра.

Былы брыгадзір Кузьма Цопа сядзіць у краме. Можа, варта схадзіць да яго?..

Цопа важна пахаджвае па той бок прылаўка. Кароценькі, цесны халат аж трашчыць на яго дужых плячах. Пад нагамі парыпваюць, стогнуць маснічыны. Заўважыўшы мяне, Цопа ківае галавой.

— Што, Канстанцінавіч,— усміхаючыся, пытае ён,— можа за гаручым прыйшоў? Наша брыгадзірская жызня такая — хай на яе,— і сам не пабачыш, калі да гарэлкі давядзе. На сваім прыкладзе табе дакажу. Хаджу, во, цяперака сярод пляшак і не цягне да іх. А бывалача як убачыш бутэльку, дык аж рука свярбіць — так і хочацца яе адкаркаваць. Народ усё вінаваты… Хочаш дагадзіць кожнаму, а яно не выпадае… Лаюць цябе. Ну а ты, каб смялейшаму быць, да шклянкі прыкладаешся. Вось як яно, дарагі таварьші, палучаецца…

Размова набывае адразу непажаданы кірунак. Я не магу змоўчаць. Хіба народ вінаваты, што плугі кінулі ў полі?

— Вы, дзядзька Кузьма, дагаспадарыліся да таго, што каня няма як запрэгчы. А таксама на людзей ківаеце.

Цопа збянтэжана лыпае маленькімі, заплыўшымі вочкамі.

— Паглядзім, як ты будзеш гаспадарыць,— бурчыць ён і пачынае перастаўляць на паліцы запыленыя бутэлькі.

Работа гэта, мабыць, яму да спадобы. Ён асцярожна бярэ бутэльку, выцірае яе палой халата і зноў ставіць на паліцу. Мне робіцца смешна: да каго я прыйшоў за парадай?..

— Ведаеце, дзядзька Кузьма,— кажу я,— гаспадарыць я, вядома, не ўмею. Але абавязкова навучуся. I працаваць буду сумленна. А вас, дзядзька, на першым часе папярэджваю, калі ў часе сяўбы паспрабуеде ўстроіць тут піўную, дык дабра ад мяне не чакайце. Помніце, як летась тры дні святога Ягор’я спраўлялі? Дык гэта ў апошні раз было.

— Ты мне не пагражай. Я план таваразвароту выконваю,— не вельмі ўпэўнена адказвае Цопа.

— Во-во,— падхопліваю я,— выконвайце. Каб у часе сяўбы ўсё, што людзям трэба, у краме было. У нас жа так: як толькі пачалася сяўба, дык у краме запалак не купіш.

Кузьма Цопа хоча нешта сказаць, мабыць, абразлівае, але чамусьці баіцца. Калі я ўжо быў за парогам, дык пачуў, як ён брыдка вылаяўся. Але я не звярнуў на гэта ўвагі. Чалавеку, які губляе свае пазіцыі, нічога іншага не застаецца, як лаянка.