Выбрать главу

Аднекуль здалёк да мяне далятае лапатанне трактараў. Ну вось, людзі пачалі ўжо ворыва, а я ўсё яшчэ не ведаю, што і як рабіць. Гул матораў нарастае, і я іду насустрач яму.

3-за лесу адзін за адным выпаўзаюць два трактары. Маленькі «Беларус» весела імчыць наперадзе, ззяючы на сонцы чырвонай фарбай. Другі, на гусеніцах, паўзе, як чорны няўклюдны жук, але не адстае ад «Беларуса».

Няўжо іх гоняць у маю брыгаду? Забыўшыся на сваю брыгадзірскую сталасць, я бягу насустрач трактарам, як малое дзіця. Нехта махае мне рукой. Фруза! Трохі няёмка, што паводжу сябе, нібы блазнюк.

На першым трактары Стасеў бацька. Ён спыняе трактар і ўсміхаецца мне. Фруза саскоквае на зямлю, доўга цісне руку, заглядваючы ў вочы.

— Разгубіўся быў, брыгадзір?..

Я нешта мармычу ў адказ. Прызнацца сорамна, але гэта праўда, што я разгубіўся. А больш сорамна таму, што не хацеў ісці па дапамогу. На сябе спадзяваўся. Дзівак!

Нехта кладзе руку на маё плячо. Азіраюся. Загурскі.

— Давай, брыгадзір, дакладвай, што зроблена, што думаеш рабіць? — пытаецца ён ці то жартам, ці то ўсур’ёз,— не ўгадаць.

— Нічога я не рабіў і не ведаю, што трэба рабіць,— шчыра прызнаюся я.

Стасеў бацька рагоча, і лес вяртае водгулле: гы-гы-гы.

— Ну і брыгадзіра прычакалі…

— А ты, Ягор, не смейся,— кажа Загурскі.— Кожны чалавек аднаго разу ў жыцці бывае вось у такім становішчы, калі за штосьці вялікае бярэцца. Было б горш, каб ён хлусіць пачаў… Ну як, Янка, прымаеш нас у сваю брыгаду? Будзем працаваць шчыра, можаш не сумнявацца..

3 вёскі, як і ў мінулыя гады, падыходзяць калгаснікі. Калі прыгналі трактары, значыць — вясна пачалася. Хопіць на печы адлежвацца.

Загурскі адводзіць мяне ў бок. Хітравата жмурыць вочы.

— Хацеў быў адзін да цябе ехаць, а Фруза ў амбіцыю. Кажа, што і яе месца тут…

Я чырванею, здагадваючыся, на што намякае Загурскі. Але мне прыемна. Добра, калі маеш шмат сяброў.

— Мяне, брат, праўленне накіравала сюды, памагчы табе на першым часе. Я з дарослымі пагутару, Фруза — з моладдзю, так што палітычную работу мы табе забяспечым. Ясна? Астатняе, брат, за табой.

— Як жа я буду…

— Па-першае, ты не адзін. У цябе дзве звеннявыя: Наталля Смулёва і цётка Даніліха. Яны памогуць. Потым аграном прыедзе — падкажа, што і як рабіць трэба. Ды і я непадалёк буду — пытайся. Толькі адно памятай, Янка,— на сябе больш спадзявайся. Вучыся весці так справы, каб ад іх карысць была. Гэта твой арыенцір. А пакуль я тут з людзьмі пагутару, арганізуй машыну. Трэба гаручае і масла прывезці.

Хвёдара, як заўсёды, няма дома. Восіпіха сказала, што ён пайшоў да Макухі. Туды мне ісці не хочацца. 3 таго часу, як былі заручыны, я не ступаў нагой за Макухаву браму. Але ісці трэба.

Сцяпан Макуха сядзіць на нізкім услончыку, абувае бот. Хведар ходзіць па хаце, пыхкаючы самакруткай. Пад столлю плывуць шызыя клубы дыму. Абодва чамусьці пахмурыя. Мабыць, няма за што пахмяліцца. На маё прывітанне ніхто не адказвае.

— Куды гэта вы збіраецеея, дзядзька Сцяпан? — пытаю я.

Макуха, прыўзняўшыся з услончыка і прытопваючы нагой аб падлогу, каб ямчэй абуць бот, адказвае:

— А гэта, слухай сюды, не твайго розуму справа.

У мяне закіпае ў грудзях злосць, але я стрымліваю сябе.

— Трэба па бензін ехаць,— кажу я Хведару.— Ці на хаду машына?

— У мяне выхадны,— Хведар спыняецца насупраць, рукі ў кішэнях.— Ну чаго ты са скуры лезеш? Думаеш, дзякуй палучыш? Заўтра прывязем бензін, а сёння мне трэба са Сцяпанам у адно месца падскочыць.

— Давядзецца адкласці вашу паездку,— спакойна адказваю я.

— Значыць, Макуха не мае права на машыне праехаць? Дажыўся… А хто гэты калгас пасля вайны з попелу ўзнімаў — пра гэта ты падумаў?

Сцяпан паспешліва круціць цыгарку. Кавалак газеты распаўзаецца, і на падлогу сыплецца махорка. Макуха ў злосці кідае рэшткі цыгаркі лад ногі.

— Слухай сюды, Канстанцінавіч,— стрымліваючы злосць і стараючыся гаварыць лагодна, звяртаецца ён да мяне,— справа ў нас тэрміновая. Трэба абавязкова з’ездзіць. Мы ў адзін мэнт вернемся. Табе, як свайму, скажу: нешта там у Хрысціны жызня не ладзіцца. Сваё ж дзіця, уступіцца трэба.

На нейкае імгненне я быў сумеўся. Можа праўда? Тады няхай бы з’ездзілі. Адтуль недалёка на склад заскочыць. Але тут жа падумаў, што Хведар, пабыўшы ў гасцях, ужо не зможа везці бензін.

— Вы, дзядзька, на веласіпедзе з’ездзіце. Гаручае таксама тэрмінова трэба.

Наступае доўгае маўчанне. Хведар ходзіць па хаце, грукаючы ботамі. Потым ён спыняецца ля мяне.

— Эх ты, думаў, свой хлопец… Аж памыліўся. У начальства лезеш. Толькі я табе раю такіх, як я і Сцяпан, трымацца. Начальства далёка, а мы — побач. Падумай.

— Вось што,— кажу я,— годзе ўжо дыспут весці. Не хочаш ехаць зараз, аддавай ключы: Ягор Пацябня паедзе.