Выбрать главу

— Ключы вось яны, але не так хутка я вам іх аддам.

Хведар некалькі разоў падкідвае ключы на далоні, потым хавае ў кішэню.

— А ты яшчэ зяцем хацеў яго ўзяць,— усміхаецца ён Сцяпану.— Ну і зяць, ні даць, ні ўзяць…

Няхай смяецца. Але выйшла па-мойму.

4

Шчыра кажучы, я толькі лічуся брыгадзірам. Усімі справамі кіруе мой айчым Платон Загурскі. Ён паспявае ўсюды. 3 раніцы Платон на матацыкле аб’язджае палі. Пасля абеду спяшаецца ў кантору або ў другія брыгады. Маці сварыцца: «Ніколі ты дома не начуеш. Калі ж для сябе жыць будзеш?» Платон усміхаецца: «Во, адсеемся, тады на цэлы тыдзень вазьму адгул». Але ні маці, ні я не верым гэтаму. У Загурскага заўсёды знойдуцца неадкладныя справы.

Я адчуваю сябе ніякавата. Стараюся прыглядацца, прыслухоўвацца да ўсяго, што робіць і кажа Платон Загурскі. Цікава наглядаць, як тыя самыя калгаснікі, што летась крычалі на сходзе супраць Загурскага, цяпер вінавата апускаюць вочы, гаворачы Платону: «Цопа ўсё натравіў... Памыліліся мы тады». Загурскі не любіць слухаць такія апраўданні. Хмурнее, калі хто напамінае пра старое. Можа гэта больш за ўсё і прыцягвае да яго людзей. Зарачанцы стараюцца працаваць, каб загладзіць сваю віну. Відаць, разумеюць, што абразілі чалавека. А ці прызнаюць яны мяне як брыгадзіра?

Я стараюся рабіць так, як Загурскі. I ўсё роўна адчуваю на сабе кплівыя позіркі старэйшых: бач ты, яйцо курыцу вучыць.

На золаку мяне будзіць маці. Сам я ніяк не прывыкну ўставаць ў такую рань. Апякаючы ногі аб расу, бягу на брыгадны двор. Там, да тоўстага сука векавечнай ліпы, прывязаны вагонны буфер. На ім ляжыць тоўсты кавалак жалеза. Хапаю яго ў рукі і з ўсяе сілы б’ю аб буфер. Над Зарэччам плывуць у ранішняй цішы звонкія гукі: «блям-блям-блям».

Званю я хутчэй таму, каб упэўніцца, што ўжо прачнуўся, што для мяне настае дзень, поўны беганіны, клопатаў, а яшчэ таму, каб адчуць: я — брыгадзір. Людзі і без маіх званкоў выходзяць на працу. Часам я дзіўлюся, што стала з калгаснікамі. Летась яны не хацелі хадзіць на работу, хоць Сцяпан Макуха бегаў па хатах. А сёлета ўсё перамянілася. Мабыць, людзі адчулі, што ёсць сэнс працаваць, што парадкі ў калгасе перамяніліся, што праца кожнага будзе заўважана і ацэнена па справядлівасці.

Першымі на брыгадны двор прыходзяць Халімон Лепятуха і Трахім Какосцікаў. Пакуль згортваюць цыгаркі, маўчаць, потым, зацягваючыся дымам, пакепліваюць адзін з аднаго:

— А што, Халімон, прывык ужо рана ўставаць? Ды ты паглядзі на сябе ў люстэрка, далібог, памаладзеў. Летась ты адрузлы быў, тлушчу багата нагадаваў, дык яно, браце ты мой, і здароўя не было. А цяпер, бач, як цябе Загурскі вылечыў. Люба паглядзець.

Лепятуха ніяк не можа ўстаяць на месцы. Ён падскоквае, махае рукамі, апраўдваецца сваім пісклявым голасам:

— Я — што? Я, як усе. А яно і ты летась не вельмі шчыраваў. Забыўся, можа, як ад жывата лячыўся? Сёлета, Трахімка, гэтую тваю хваробу назаўсёды выгналі з Зарэчча.

— Ты, Халімон, з хворай галавы на здаровую не перакладай. Раскажы лепей Янку, колькі ты Макуху гарэлкі пераставіў.

— Авой, дык ці ж я адзін…

— Гэта праўда, сярод гультаёў ты не адзіны. Праўду Даніла казаў, трэба было даўно за вас узяцца, каб успомнілі смак у рабоце, а нё за сталом.

— Ты гэта на каго намякаеш? Можа на мяне? Дык я і летась працаваў.

— Ага, напрацаваў ты… Там, дзе выгадна было. А ты там працуй, дзе карысць усім будзе.

— Знайшоўся праведнік!..

— А ты як думаў? Вунь што Загурскі кажа: кожны ў сваёй брыгадзе гаспадар. Ты гэта разумееш, што і я цяпер гаспадар. А раней у нас Цопа ім лічыўся. «Я — пасеяў», «я — накасіў». Усё я ды я. А мы так сабе, нібы паповы работнічкі. Во адкуль усе нашы непарадкі пачыналіся.

3 граблямі, рыдлёўкамі, матыгамі падыходзяць дзяўчаты — агародняя зарачанская брыгада. Кіруе імі Анютка Какосцікава. 3 імі Фруза Салей. Яна жыве ў Анюты і, здаецца, пасябравала з ёй.

— Янка,— кліча мяне Фруза,— дзяўчаты хочуць выклікаць на спаборніцтва пятую брыгаду. Як ты на гэта паглядзіш?

Я ўжо чуў, што гэтую думку ўвяла ў вушы дзяўчатам Фруза: вырасціць па дзвесце цэнтнераў буракоў на гектары. Раптам не здолеем? Быць брахуном не хочацца.

— Можа мнагавата на першым часе,— кажу я.

— Дзяўчаты,— гукае Фруза,— чуеце, Янка сумняваецца ў вашых здольнасцях!..

— Ён няхай не сумняваецца,— кажа Анюта,— а ўгнаенне дае…

— I каб трактар быў…

— I каб матыгі былі вострыя…

Дзяўчаты абступаюць мяне, тармосяць за полы. У кожнай ёсць свая думка, як лепей вырошчваць гэтыя цукровыя буракі, якія мы зроду не сеялі.

Здорава распрапагандавала іх Фруза! Усё яны ведаюць. I песні сёлета ў іх іншыя. Не спяваюць больш пра матрасёнка з аленькімі губкамі.