Выбрать главу

3 поля разам з аграномам прыязджае Загурскі. Вітаецца, доўга прыглядаецца да людзей, нібы кагосьці чакае.

— А чаму Сцяпана Макухі няма? — пытаецца ён.

3 натоўпу адзінокі голас:

— А навошта яму на работу хадзіць? Ім на дваіх хопіць таго, што з агароду збяруць…

Гэта праўда. Сцяпан Макуха пражыве з агароду, ды яшчэ як.

На калгаснай зямельцы пасвіць карову і цёлку, дванаццаць авечак. Ёсць у яго куры, гусі, свінні, пчолы. Чаго яму хадзіць на работу?

Людзі абурана загулі, нібы яны толькі цяпер уцямілі, што да чаго. Загурскі маўчыць, думаючы над чымсьці важным. Потым пачынае гаварыць. Яго словы цяжка падаюць у натоўп:

— Мы ўжо не раз папярэджвалі Макуху, а чалавек не зважае на гэта. Дык што будзем рабіць? Тут уся наша вёска. Давайце вырашайце самі.

Нейкі час пануе цішыня. Потым наперад выходзіць Трахім Какосцікаў:

— Я так думаю, Макуха і Цопа завялі брыгаду туды, адкуль яе за вушы трэба выцягваць. Даравалі мы сваім былым кіраўнікам, бо не хацелася суседскія адносіны псаваць. А калі і цяпер Макуха думае нашу лагоднасць да яго ў сваю карысць паварочваць, дык памыляецца ён. Я так скажу, абрэзаць у яго агарод па самыя вуглы і, пакуль не стане сумленна працаваць, не вяртаць яму зямлі.

— А божа, так ужо адразу…— чуецца жаночы голас.

— А чаго чакаць. I не ў аднаго Сцяпана абрэзаць, а і ў цябе,— кажа Трахім жаночаму голасу.

— У мяне за што? — прадзіраецца наперад Хведарыха.— Я во — прыйшла на работу…

— А дочкі дзе?

— Божа мой, дзеці ж яны зусім.

У натоўпе смяюцца. Хведарыха крута мяняе тактыку:

— Ды і яны прыйдуць. От палучу нарад, забягу па іх. Хіба ж злачынства якое, калі яны лішнюю хвілінку паспяць…

— Тады можна і не абразаць агарод, калі Хведарыха зразумела,— смяецца Трахім,— а вось у Макухі абрэзаць. Такая мая прапанова.

Я раздаю нарады. Паступова пусцее брыгадны двор. Застаемся мы ўдвух з Загурскім.

— Трэба, Янка, схадзіць да Макухі,— кажа Платон.

Мне здаецца, што толку ад нашага паходу не будзе. Макуха прывык жыць не працуючы. Дай яму які-небудзь партфель — будзе бегаць. Але працаваць на полі ён не стане. I ўсё ж я чамусьці згаджаюся з Загурскім. Напэўна таму, што Макуха — сусед, і неяк няёмка вось так адразу прымаць да суседа сур’ёзныя захады. Праклятая прывычка — гэтыя добрасуседскія адносіны.

Нас сустракае цётка Марына. Па яе твары бачу, што наша паяўленне цётку Марыну не вельмі ўзрадавала. Але яна стараецца ўсміхацца нам і гасцінна запрашае ў хату:

— Авой, дарагія госцейкі, заходзьце. Я дык і ў печы яшчэ не паліла, пачаставаць няма чым. Хіба можа кіслага малачка са смятанай. Дужа пальзіцельна яго піць, дактары кажуць. Не адмаўляйцеся, бо пакрыўджуся зусім.

— Нічога, Марына Аляксееўна, не турбуйцеся. Спачатку аб справе пагутарым, а тады ўжо можна будзе і малака выпіць. Сцяпан дома?

— Дзе ж яму быць? Учора, во, ад зяця позна прыехаў, дык спіць яшчэ.

Мы заходзім у хату. Цётка Марына спяшаецца за перагародку. Адтуль далятае да нас прыглушаны цётчын шэпт і гучнае Сцяпанава пазяханне. Неўзабаве з-за перагародкі паказваецца ўскалмачаная Сцяпанава галава,

— Каго бачу, Платоша, друг! Нарэшце адважыўся зайсці… Усё абходзіш, зазнаўся…

Ён ловіць Платонаву руку, доўга трасе яе, быццам сто гадоў не бачыўся з Загурскім.

— Давай, брат, памыйся, бо размова сур’ёзная, і на сонную галаву яе весці не выпадае.

У хаце пачынаецца тая мітусня, якая бывае, калі завітаюць нечаканыя госці. Сцяпан фыркае на кухні, плёскае вадой і нешта гаворыць жонцы. Цётка Марына паспешліва распальвае ў печы, нечага выбягае ў сенцы і зноў прыбягае на кухню.

Загурскі падміргваё мне і смяецца. 3 кухні прыходзіць Сцяпан. Круціць галавой і жмурыцца, успамінаючы ўчарашнюю выпіўку.

— Ну, брат, і далі ўчора пытлю,— хваліцца ён.

— Бачу,— шматзначна кажа Загурскі.— Сядай, браце ты мой, і слухай. Хачу ў цябе запытацца, ці доўга ты вось так будзеш жыць? На работу не ходзіш, п’еш, дысцыпліну падрываеш.

Макуха натапырваецца.

— Я мінімум выпрацую, можаш не сумнявацца.

— А максімум няхай дзядзька выпрацоўвае?

— Ты мяне, таварыш Загурскі, не агітуй. Я нашы законы ведаю.

Нейкі час яны глядзяць адзін аднаму ў твар, быццам гуляюць у дзіцячую гульню — хто каго пераглядзіць.

— Ну, а сумленне табе нічога не гаворыць? Людзі вунь на полі працуюць, а ты спіш…

— Летась яны спалі, а я адзін за ўсіх бегаў,— не задумваючыся, адказвае Макуха.

— Можа ты дарэмна бегаў… Яно лепей бы было, каб сядзеў.

Макуха разумее, што Загурскі кпіць з яго, і мяняе гаворку.

— Кінь ты, Платон, пра справы гаварыць. За колькі год сабраліся, дык быццам іншай тэмы няма. От вып’ем зараз ды ўспомнім, як некалі хлопцамі гулялі.