Выбрать главу

— Дзеўкі,— кажа яна,— калі так працаваць, дык мы і за тыдзень ток не ачысцім.

Какосцікавы пераміргваюцца, але пачынаюць завіхацца больш старанна. Нарэшце, воз поўны. Разам з Шурай я вязу яго на поле. Шура ідзе побач са мной, ускінуўшы вілкі на плячо.

— Куды ты, Янка, заяву падаў? — пытаецца яна.

— На літаратурны, у Мінск.

— Зайздрошчу я табе. Мне яшчэ год вучыцца.

Шура вучыцца не ў Кардонскай школе, а ў Задуброўскай. Да Задуброўя бліжэй. Калі я пачынаў хадзіць у пяты клас, Задуброўскай школы яшчэ не было. Таму мы неяк мала ведаем адно аднаго, хоць і жывём у адной вёсцы.

— Год непрыкметна праляціць,— падбадзёрваю я Шуру.

— Гэта праўда. А конкурс там вялікі?

— Канечне, з усёй Беларусі едуць…

— Страшна будзе трымаць экзамены. Гэта ж сваім настаўнікам здаеш і то перакалоцішся як.

— Нічога, калі ведаеш, дык не так ужо боязна. Вось з нямецкай мовай горш. Там, кажуць, па-нямецку пытанні задаюць.

— А я нямецкай не баюся. Нас настаўнік прывучае размаўляць па-нямецку. Хочаш, магу памагчы?

Я адмаўляюся. Не хапала, каб пасля смяяліся з нас. Ды і Шура не настойвае. Але ўсё ж прыемна, што Шура таварыская дзяўчына, не тое, што гэтыя Какосцікавы.

Мы вяртаемся на ток. Яшчэ здалёку чуем, як пяюць Какосцікавы, стараюцца перакрычаць адна другую:

Матросёнок молодой,

Аленькие губки.

Ты возьми меня с собой,

Еду в одной юбке.

Шура ўсміхаецца. I мяне разбірае смех. Я ўспамінаю традыцыйны недарэчны танец абедзвюх Какосцікавых, Марыны Макухі і тоўстай Алены, дачкі жулікаватага Халімона Лепятухі. Не было яшчэ ні адной вечарынкі, каб гэтая чацвёрка вараных не выходзіла на круг. Стануць адна супраць другой, накрыж, як малыя дзеці, пляскаюць у далоні і крычаць пранізлівымі галасамі пра матрасёнка. Мне чамусьці было сорамна за дзяўчат. Здавалася, што яны на ўсю вечарынку выстаўляюць сваю дурасць.

Дзяўчаты ляжаць на траве, абняўшыся ў самазабыцці, і нібы скардзяцца на свой лёс:

Прошёл год, прошёл другой,

Дочь идёт уныло:

На руках она несёт

Матросёнка-сына.

Шура саскоквае з мараў, ідзе да дзяўчат і нерашуча садзіцца побач. Тыя не звяртаюць на Шуру ўвагі. Яны прадаўжаюць цягнуць пастылую песню.

— Дзяўчаты,— просіць Шура,— кіньце вы гэтую песню. Давайце што-небудзь новае спяём.

Какосцікавы абрываюць песню на самай высокай ноце, ляжаць заплюшчыўшы вочы. Здаецца, тое, пра што яны спявалі, узрушыла іх да глыбіні душы.

— Янка. «I ў снег, і ў вецер» — знаеш? Садзіся, Янка.

Я неахвотна апускаюся побач з Шурай. Спяваць мне не вельмі хочацца. Я сяджу, абхапіўшы калені, чакаю, пакуль Шура, пачне запеў:

Забота у нас простая,

Забота наша такая:

Жила бы страна родная,—

И нету других забот.

У Шуры чысты, звонкі голас. I нейкая незвычайная страснасць. Проста немагчыма ўседзець з закрытым ротам. I я падхопліваю прыпеў:

И снег, и ветер,

И звёзд ночной полёт…

Меня моё сердце

В тревожную даль зовёт.

Какосцікавы слоў не ведаюць. Яны толькі варушаць вуснамі. А мы спяваем на ўсе грудзі:

Пока я ходить умею,

Пока глядеть я умею,

Пока я дышать умею,

Я буду идти вперёд.

Песня кліча, бударажыць. Здаецца, устаў бы і пайшоў як мага далей ад усяго недарэчнага і дурнога, што вакол нас.

Мы канчаем песню і доўга маўчым. Усе словы, што прыходзяць у галаву, здаюцца цяпер пустымі, непатрэбнымі. Дзіва, як бы нічога не адбылося, але я пачынаю адчуваць цёплую прыхільнасць да Шуры. Нібы за гэты час мы прайшлі з ёю доўгі, цяжкі шлях і цяпер назаўсёды будзем звязаны ўспамінам пра гэты паход. Какосцікавы таксама маўчаць. Мне думаецца, што і іх перайначыла песня.

— А я больш тужлівыя песні люблю,— летуценна кажа Анютка.— Такія, каб за сэрца брала. Спяваеш, і ўсё сэрца жалем абліваецца… Затое пасля весялей на свеце жыць.

— Сумна ў нас,— Вера закідвае рукі над галавой.— Вы дык хутка ў горад паедзеце… Пайшлі ток чысціць. А то «слухай сюды» прыйдзе, лаяцца будзе.

«Слухай сюды» паяўляецца пасля абеду, і не адзін. Ён прыязджае на брычцы разам са старшынёй калгаса Чукраем і нашым брыгадзірам Кузьмом Цопай. Старшыню я бачу ўпершыню. Яго прыслалі ў наш калгас сёлетняй вясной з вобласці, дзе ён працаваў намеснікам начальніка статыстычнага ўпраўлення. Чукрай — невысокі, лысаваты чалавек у сінім гарнітуры і пад гальштукам. Побач з Макухай і Цопай ён выдае залішне святочным. Быццам і сапраўды не старшыня, а рэвізор, ці, як кажа Макуха, «сам».

Чукрай пакуль ездзіць на брычцы, бо «масквіч», які быў у яго папярэдніка, знік бясследна разам з былым старшынёй. Апошнія тры старшыні вось так прыязджалі на гэтай брычцы, а пасля, калі іх знімалі з пасады, ад’язджалі кудысьці на «масквічах».