Разбудзіў мяне нецярплівы грукат у дзверы.
— Хто там? — пачуўся гаспадынін прыглушаны голас.— Спіць яна… Заходзьце… Фруза, да цябе тут, з міліцыі.
Я ўскочыла, як апантаная. Накінуўшы халат, выбегла ў залу. Там у заляпаных гразёй ботах стаяў участковы.
— Што з ім? — крыкнула я.
— А я думаў, вы не ведаеце. Мне на пару слоў…
— Што з ім?..
— Яшчэ не ведаю. Вярхом на кані прыскакаў хлопец. Вось чакаю з горада следчых. Мне з вамі пагаварыць трэба…
У мяне ўсё круцілася перад вачыма: участковы ў мокрым плашчы, гаспадыня, якая калацілася ці то ад холаду, ці ад непрыемнага паведамлення, вялікі фікус, печка, і толькі я нейкім чынам трымалася на нагах. Потым усё стала на сваё месца.
— Зайдзіце,— запрасіла я ўчастковага ў свой пакой. Мне хацелася распытаць пра ўсё больш падрабязна.
Участковы неахвотна сеў на крэсла. Толькі цяпер я заўважыла ў яго вачах неспакой. I раптам падумала, што яшчэ не было названа імя таго, каго забілі. Можа гэта не Сітоў? Напэўна не Сітоў! Чаму я падумала, што Сітоў?
Участковы выцер насоўкай твар, дастаў пачак «Прыбоя», пачаў закурваць. 3 мокрага плашча на падлогу сцякала вада. Пад ботамі таксама чарнела лужына.
— Вы тады прыбягалі да мяне і пра Сітова трывожыліся. Я вас, таварыш Салей, дужа буду прасіць, каб не гаварылі, што тады прыходзілі да мяне… Мне праз два гады на пенсію… Цяпер разумнейшы буду.
Я не магла зразумець, пра што ён кажа. Якая розніца: прыходзіла я да ўчастковага ці не, калі не магла зберагчы добрага хлопца.
— У нас, ведаеце, таварыш Салей, строга. Калі цябе папярэджвалі, а ты вушамі хлопаў, гэта, ведаеце, як інкрымінуецца? Тут паблажкі не чакай. А ў мяне ніводнага спагнання. Дык я ўжо буду вас прасіць…
— Добра,— закрычала я.— Толькі вазьміце мяне ў Зарэчча.
Здаецца, ён дзякаваў. Мне было брыдка. Вось і сама я пашкадавала чалавека. А няхай бы на прыкладзе гэтага ўчастковага цавучыліся іншыя. Потым падумала, што вінавата і я сама. Навошта было бегаць, даказваць, што злачынства наспявае. А хіба я не магла папярэдзіць яго? Магла. Вось яна, наша дабрата, наша нядбайнасць!
Івана Сітова моцна паранілі. Праз ноч яго адправілі ў бальніцу. Я паехала на санітарнай машыне. Янка ўсю дарогу быў непрытомны. Потым я сядзела ў прыёмным пакоі, а недзе наверсе ўрачы рабілі аперацыю. Час цягнуўся марудна. Здавалася, што стрэлкі назаўсёды спыніліся на жаўтаватым цыферблаце. I ўсё ж, хоць дужа спакваля, наступіла світанне. Абуджалася бальніца. У прыёмны пакой прывезлі яшчэ хворага. Я бачыла ўсё, як праз густы туман.
Здаецца, апоўдні, калі сонца ўжо свяціла ў адзінае акно пакоя, мяне паклікалі.
— Зайдзіце да ўрача,— сказалі мне, і я спалохалася.
Ішла, адчуваючы ў нагах нязвыклы цяжар.
— Вы хто яму будзеце? —- запытаўся ўрач.
— Таварыш,— адказала я.
— А-а-а… Ды вы не хвалюйцеся. Я думаў, жонка, дык дазволіў бы зайсці.
— Як ён?.. Таварыш доктар, дазвольце мне зайсці. Я толькі на хвілінку.
— Будзе жыць,— сказаў урач.— На жаль, дазволіць не магу. Каб вы былі радня.
— Таварыш доктар… — я не магла гаварыць, але вочы, мусіць, сказалі за мяне ўсё.
— Добра, зайдзіце, толькі ненадоўга.
…Я не адразу ўбачыла Сітова, можа таму, што ляжаў ён ля самых дзвярэй. «Фруза»,— пачула я чыйсьці ціхі голас і ўздрыгнула ад нечаканасці.
Янка быў бледны, бо шмат страціў крыві. Мне здалося, што за гэтыя гадзіны ён пасталеў, узмужнеў, а яго вочы страцілі юначую іскрыстасць — у іх адчувалася воля.
«Як ты сябе адчуваеш?» — хацела запытацца ў Янкі і не магла.
— Чаго ты, Фруза? — пачула я Янкаў голас, але самога не бачыла, бо ў вачах стаяў якійсьці туман.
— Ці баліць табе, Янка?..
— А вы, грамадзяначка, садзіцеся,— сказаў хтосьці і, узяўшы мяне за плечы, падвёў да крэсла.— I не хвалюйцеся, бачыце, жывы ён і хутка бегаць будзе.
Гэта быў высокі, хударлявы чалавек з падвязанай рукой. Ён сеў на ложак насупраць мяне і запытаўся.
— Як жа гэта яго?
«А сапраўды, як? — падумала я.— Як мы маглі дапусціць такое?..»