Выбрать главу

У той дзень, 26 лістапада, Кастусь, як заўсёды, устаў рана, глянуў у акно і ахнуў ад здзіўлення: усё белае — ноччу выпаў снег. Ішоў ён і раніцай, калі настаўнік пачаў заняткі ў школе. У час урокаў Кастусь не раз лавіў сябе на тым, што ў нейкім роздуме ўглядаецца ў акно і забывае, што з ім і дзе ён. За акном кружыліся і, падхопленыя подыхам ветру, здавалася, не падалі на зямлю, а, наадварот, уздымаліся ўгору лёгкія сняжынкі. Настаўнік любаваўся павольным лётам сняжынак і не чуў, як вучні пачыналі шумець. Калі гоман у класе перавышаў дазволеную мяжу, Кастусь вяртаўся да рэальнасці і зноў вёў урок.

Адпусціўшы вучняў дахаты, настаўнік на хаду перакусіў і сабраўся ісці ў Пінск. Ён апрануўся, выйшаў на ганак і тут убачыў, што да школы пад’ехаў і спыніўся гарадскі рамізнік. 3 рысорнай брычкі вылез высокі стройны мужчына ў рыжай футравай шапцы і ў чорным зімовым паліто з такім жа рыжым каўняром. Хто б гэта мог быць? Аднак Кастусь сумеўся толькі спачатку, а потым не так пазнаў, як проста здагадаўся, што ў школу прыехаў сам павятовы інспектар народных вучылішчаў Антон Рыгоравіч Русецкі.

Інспектар падаў настаўніку руку (яго папярэднік Кедраў да такога дэмакратызму не даходзіў!) і папрасіў паказаць школу.

— Калі ласка, Рыгор Антонавіч, заходзьце, распранайцеся,— запрасіў нечаканага госця Кастусь.

— Вы, Канстанцін Міхайлавіч, некуды сабраліся? Не ў Пінск?

— У Пінск.

— Ну, дык я гляну на вашу школу, а потым разам паедзем у горад, а па дарозе і пагаворым.

Госць паводзіў сябе афіцыйна, але без пыхі: зайшоў у класны пакой, паглядзеў запісы ў журнале, запытаў, колькі вучняў па спісу і колькі з іх ходзіць у школу. Потым яны селі ў брычку і паехалі. Русецкі некалькі хвілін маўчаў, а потым загаварыў:

— Што вас прымусіла, Канстанцін Міхайлавіч, напісаць гэтую няшчаскую петыцыю? Ці думалі вы, што вам пагражае? Дый наогул, якая вам справа да таго, што мужыкам нечага не хапае... Ваша задача — вучыць грамаце дзяцей і ўсё. Астатняе вас не датычыць!

— Паважаны Рыгор Антонавіч, але ж я народны настаўнік,— спакойна адказаў інспектару Кастусь, робячы націск на слове «народны».— Народ папрасіў мяне напісаць петыцыю і прынёс межавы план, згодна якога сервітутная зямля належыць сялянам, а не пану Скірмунту. Ці мог я адмовіць? Хто ж ім напіша? Валасны пісар, дзяк ці ляснічы?

— А што было б, калі б вы не напісалі петыцыю?

— Хто яго ведае. Магчыма, сяляне ў гневе спалілі б панскі маёнтак у Альбрэхтове.

— Спыніцеся! — загадаў Русецкі рамізніку і вылез з брычкі.— Мы пройдзем крыху пехатою.

Злез і Кастусь. Ён не разумеў пакуль што, куды хіліць пан інспектар. Калі рамізнік ад’ехаўся, Русецкі загаварыў зноў:

— Паўтарыце, што было б, калі б вы не напісалі петыцыю.

— Сяляне маглі б пусціць пану Скірмунту пеўня. Гневу і крыўды ў іх было цераз край.

— Значыцца, петыцыя ваша выратавала маёнтак Альбрэхтова! — узрушана прамовіў Русецкі.— Гэта ваш выратавальны круг! Вы разумееце гэта ці не?! Хапайцеся за гэтую ідэю, і яна, толькі яна адна можа дапамагчы вам у гэтай сітуацыі. Чуеце, Канстанцін Міхайлавіч.

Настаўнік не чакаў такога павароту справу. Хто мог падумаць, што школьны інспектар падкажа яму такую дасціпную і сапраўды выратавальную ідэю? Цяпер і ён прыкінуў так і гэтак, і выходзіла, што можна было ўчапіцца за гэтую саломінку.

— А зараз раскажыце, Канстанцін Міхайлавіч, як гэта ўсё было,— звярнуўся Русецкі да настаўніка.— Я не раблю допыту і не праводжу дазнання, але хачу ведаць усе абставіны, каб памагчы вам.

Калі інспектар з настаўнікам міналі Вішавічы, ім трапіліся насустрач тры пінкавіцкія фурманкі. Сяляне ветліва прывіталіся. Русецкі ўсміхнуўся:

— Відаць, мясцовыя жыхары вас любяць, а вось з начальствам не вельмі ладзіце. А ці вядома вам, Канстанцін Міхайлавіч, што ў павет паступілі ўжо дзве заявы, каб вас перавялі ў другое месца?

— А каму гэта я замінаю?