Усю зімачку Кастусь ні разу не браўся за пяро. То трывожнае чаканне нейкіх перамен, то клопат з той петыцыяй, а пасля пераезд на новае месца выбівалі з творчага настрою. Цяпер зноў Кастусь сядзеў позна начамі: ціхенька тупаў у сваім пакойчыку, каб не пабудзіць братоў, якія спалі за дашчанай перагародкай, і пісаў, пісаў.
Нібы прарвалася нейкая застаўка, што стрымлівала яго душэўныя парыванні. Словы клаліся ў радкі лёгка і проста, іх не трэба было шукаць, яны даўно былі вынашаны ў сэрцы і прасіліся на паперу:
Край наш бедны, край наш родны!
Лес, балоты і пясок...
Чуць дзе крыху луг прыгодны...
Хвойнік, мох ды верасок...
Вясна, што ўладна стукалася ў школьнае акенца, надавала яшчэ больш энергіі і творчага запалу. Радасць, бадзёрасць і ўздым поўнілі ўсю істоту маладога паэта. Усё ўспрымалася больш абвострана, глыбока і ярка. Тыя няясныя і няпэўныя пачуцці і ўражанні, якімі ён жыў штодня, тыя грамадскія трывогі, што не давалі спакою кожнаму сумленнаму чалавеку, цяпер выліваліся на паперу, набывалі акрэслены змест і напрамак. Гэта быў самааналіз, пагляд на сябе і свае думкі як бы збоку:
Чым успомніць цябе, моладасць,
Жыцця светлага ты раніца?
Прылятае вясна мілая,
Ды вясна мая туманіцца.
Не было таго дня, каб у маладога паэта не нарадзілася новай задумы, не з’явілася новага верша. Шырокай нястрымнай плынню ішла па зямлі вясна, звінелі срэбнымі званочкамі жаваранкі, абуджалі палеткі і ўсё наваколле ад зімовага сну, прыносілі ў сэрца надзею на вялікія перамены.
Кастусь адчуваў, што вясна павінна абудзіць не толькі прыроду, але і людзей. Леташняя вясна была яскравым доказам гэтага. Думалася, што цяпер на шырокі прастор выльецца хваля народнага гневу, пачнецца барацьба за зямлю і волю з новай сілай. Пра гэта настаўнік думаў не раз, да гэтага рыхтаваўся і пра гэта пісаў у сваіх вершах. Хацелася сказаць пра многае. I ў першую чаргу пра сялянскую нядолю, перажытую ім, добра вядомую яму, мужыцкаму сыну. Ведаў ён і тых, хто трымаў у ярме селяніна, не даваў яму разгарнення:
Багачы і панства,
Нашы «дабрадзеі»!
Мы на суд вас клічам,
Каты вы, зладзеі!
*
Перад самым вялікаднем прыйшоў у Верхмень ліст ад Сянкевіча. Алесь запрашаў семінарскага сябра прыехаць на свята ў Мікалаеўшчыну. Унізе была прыпіска з клічнікам: «Стары, трэба абавязкова сустрэцца!» Калі Бас, які не любіў пісаць пісьмаў, напісаў з такой прыпіскай, то сапраўды нейкая важная і пільная справа патрабавала, каб Кастусь наведаў родныя мясціны. Праўда, вельмі запрашаць яго не трэба было. Ён жа ад самай восені не быў дома. Юзік з Міхасём таксама рваліся дахаты. Там недзе і маці сумавала па хлопцах.
Сам Сянкевіч вось ужо другі год, як асталяваўся ў роднай вёсцы. Ці закінуў дзе слова бацька — царкоўны стараста, ці проста яму пашэнціла, але Алесь атрымаў прызначэнне ў Мікалаеўскую школу. Цяпер ён раскашаваў дома: жыў на бацькавым стале, а свае грошы пускаў на кнігі, бо збіраўся падацца далей у навуку — здаць экзамен за гімназію і паступіць на медыцынскі факультэт.
У першы дзень вялікадня Кастусь пайшоў у Мікалаеўшчыну і адразу заглянуў да Сянкевіча. Маці сказала, што Алесь з Нічыпарам Янкоўскім некуды пайшлі, можа, у школу. Кастусь падаўся туды — на дзвярах замок, завярнуў да Яські Базылёвага — і там няма. Хацеў ужо ісці да Петруся, які не раз дакараў пляменніка, што мінае дзядзькаву хату, ажно бачыць — валіць з-пад карчмы цэлая кампанія настаўнікаў і тутэйшых хлопцаў, а сярод іх і Алесь і Нічыпар. Віталіся шумна і радасна.
— Як ты там, Стары, пінскае балота адваёўваў у Скірмунта? — з іроніяй запытаўся Цімафей Камароўскі.
— Адваёўваў патрошку і пакуль што выйшаў з вады сухім,— адказаў Кастусь. I, прыпамінаючы даўнюю гаворку, весела дадаў: — А ў карты не гуляў і ў царкоўным хоры не спяваў. Далей таксама не думаю сядзець цішком, як некаторыя...
— Паглядзімо, ці надоўга ў цябе хопіць пораху.
— Хлопцы, прашу ка мне ў школу! — падаў кліч Алесь.
Школа, як і некалі, калі ўпершыню ступіў на гэты ганак Кастусь, выглядала сумна і бедна. Сцяна справа ад ганка асунулася, хоць даўно была ўзята ў лісіцы, ганак спарахнеў, і замест яго ляжала сукаватая калода. Не лепшы выгляд мела будыніна ўнутры: дзіравая падлога, сцены абшарпаны, столь у чорных плямах падцёкаў.