Выбрать главу

Пайшоў Кастусь у Стоўбцы на пошту. Можа, хто прыслаў пісьмо? Няма! Выйшаў на ганак і задумаўся: ісці ў Мікалаеўшчыну ці адкласці на другі дзень? Ажно бачыць: ссутуліўшы плечы, ідзе Самахвал.

— Гэй, Імбрычак, пачакай! — гукнуў Кастусь.

Сымон спыніўся, азірнуўся і радасна прывітаў сябра. Хлопцы завярнулі да Шварца ў шынок.

— Прыехаў і не паказваешся,— ушчуваў Кастуся па дарозе Сымон.— Расказвай, як жывеш, што думаеш рабіць і дзе зімаваць? Я свой імбрычак апусціў долу. Сумна аднаму.

Самахвал паведаміў навіны. Сянкевіч уцёк не адзін, а з Нічыпарам Янкоўскім. 3 Германіі было ад іх пісьмо, абяцалі напісаць на імя следчага, што ўсю віну бяруць на сябе.

Яшчэ Сымон сказаў, што стражнік са Свержані Восіп Клімовіч, які прыязджаў разганяць з’езд, 10 ліпеня ўтапіўся ў Нёмане, а станавога прыстава Гаўрылава звольнілі са службы за тое, што спужаўся мікалаеўцаў і не арыштаваў настаўнікаў.

— Ты ж, відаць, не ведаеш яшчэ, які трафей трапіў Сянкевічу ў тую памятную ноч? Знайшоў Алесь каля школы нагайку. Згубіў яе нейкі стражнік, гарцуючы пад вокнамі школы. Казаў Сянкевіч, шта возьме з сабою тую нагайку, каб паказаць усяму свету, чым адукоўваюць настаўніка ў Расіі,— закончыў навіны Сымон.

ШКОЛА

Сябры сустракаліся часта: калі не кожны дзень бачыліся, то праз дзень — два. Не прыйдзе Сымон у Смалярню, дык Кастусь шпарыць у Негертава. Часам сустрэнуцца ў Шварцавым шынку, закажуць піва з тараном і праседзяць паўдня. Самахвал нават некалькі разоў заставаўся начаваць у леснічоўцы: асенні дзень кароткі, а хлюпаць па гразі ў дзіравых ботах няма ахвоты. Зрэдку і Кастусь заставаўся нанач у Негертаве. Часцей ён гэта рабіў тады, калі былі нейкія навіны, якія трэба было абмеркаваць разам.

Палягуць хлопцы ўдвух і ўспамінаюць семінарскае жыццё і настаўніцкую службу. Нагаворацца і нарагочуцца ўволю.

— Помніш, як я Міхайлоўскага ўгнявіў? — пачынаў Кастусь.— Хоць раз ды засердаваў Павел.

— Са сталёвай вытрымкай быў хлапчына,— згаджаўся Сымон.— Дзе ён працуе, у школе?

— Не ведаю. Можа, у чыноўнікі якія падаўся. За адзін почырк яго ў любую канцылярыю возьмуць. А дзе Зяневіч? Неяк я яму свой верш прачытаў і сказаў, што напісаў яго Лермантаў. Як Зяневіч хваліў той верш! I глыбіня думкі, і музыка радка... А другі раз верш Лермантава выдаў за свой. Спраўна ён паклаў Лермантава на абедзве лапаткі: і тое кепска, і думка не зусім ясная...

Сябры жылі ўспамінамі і гаварылі пра былое, бо сённяшняе не радавала і не магло радавць іх. Праўда, Якаў Бязмен прысылаў з Карэліч бадзёрыя пісьмы і абнадзейваў іх, што дырэкцыя народных вучылішчаў нібыта хутка пакліча і іх на службу, як нядаўна запрасіла звольненых настаўнікаў Івана Лапцэвіча і Аляксандра Райскага. Чакалі хлопцы, калі не свята на сваёй вуліцы, дык хоць нейкай прасветлінкі, якая ажывіла б іх збалелыя душы, але не маглі дачакацца.

Ніякіх навін не прыносіла і газета «Голос провинции»: не чуваць было, каб хто з настаўнікаў адмовіўся ад прызначэння на месца, аб’яўленае пад байкотам. Заставалася адно: чакаць, калі паклічуць на следства, чакаць, як вол доўбні... Гэтае абрыдлівае і няпэўнае чаканне было горш і цяжэй, можа, за тую кару, якая была ім наканавана.

Аднойчы Кастусь прыбег у Негертава вельмі ўсхваляваны і ўзрадаваны. Сымон з бацькам якраз малацілі ў гумне. Такім вясёлым і ўзбуджаным Самахвал не бачыў свайго сябра даўно.

— Ты, Стары, можа, прызначэнне атрымаў? — выйшаў Сымон з цэпам у руках.— Дый, відаць, не абы-куды, бо ўвесь ззяеш...

— Прызначэнне не прызначэнне, але глядзі,— паказаў Кастусь сябру вялікі канверт і дастаў з яго лісткі з друкаваным тэкстам і малюнкамі.

— Беларуская газета? — здзіўлена прамовіў Сымон, прабегшы вачыма першую старонку.

Гэта былі два нумары беларускай газеты «Наша доля». Кастусь атрымаў іх учора з Вільні. Рэдакцыя прыслала яму свае першыя два нумары: адзін выйшаў 1 верасня, другі 15 верасня 1906 года.

Нарэшце, значыцца, пачала выдавацца доўгачаканая беларуская газета. На яе Кастусь ускладаў многа надзей. Радаснае хваляванне ахапіла настаўніка. Чытаў, не спяшаючыся, уважліва ўдумваўся і ўзважваў кожнае слова, некаторыя месцы чытаў уголас: «Што будзе далей?.. Так пытаюцца мужыкі ў сваіх курных хатах, так пытаецца працавітая бедната, і з трывогай і надзеяй паглядаючы ў заўтрашні дзень, чакае таго вялікага моманту, калі сонца свабоды засвеціць і над нашым абяздоленым краем... Цяпер бунтаўшчык — увесь стомільённы цёмны галодны народ». Усё ў газеце было цікавае і новае.