Выбрать главу

Беларускае слова ў газеце, беларускае перыядычнае выданне было само па сабе радаснай неспадзяванкай. А для Міцкевіча гэта было двайное свята: на сёмай старонцы першага нумара «Нашай долі» ён раптам убачыў свой верш «Наш родны край». А пад ім, як і было дамоўлена, стаяў подпіс «Якуб Колас». Гэты і некаторыя іншыя творы ён пакінуў у Мінску, калі ездзіў туды ў жніўні на настаўніцкую сходку. Значыцца, дайшлі яго вершы да віленскай рэдакцыі!

Кастусь углядаўся ў газету, ніяк не мог даць веры, што гэта яго верш. Надрукаваны, ён, здаецца, цяпер гучыць неяк інакш, больш складна і прыгожа. Нібыта і не сам пісаў! Стаў чытаць далей і ў другім нумары натрапіў на свой верш — «Асенні вечар» і апавяданне «Слабода».

Прызнацца, даўно ўжо Кастусь не перажываў такога радаснага адчування. Праца яго не прапала марна, а пайшла ў шырокі свет.

— 3 цябе, браток, магарыч! — радаваўся і Самахвал.

— Чакай, чакай, калі пашанцуе, дык і Карусь у лапцях затанцуе,— загадкава прамовіў Кастусь.— Адгадай, якія ў мяне яшчэ навіны? Ніколі не ўгадаеш. У Смалярні школа будзе! Не верыш? Праўда, вучняў збярэцца не так многа. Але на хлеб зараблю, зіма хутчэй пройдзе, а там бог-бацька...

*

Пачалося ўсё з таго, што неяк сустрэў дзядзьку Антося старшы чыгуначны рабочы Рэвут і пытаецца:

— Ці не ўзяўся б ваш Кастусь вучыць маіх Яся і Зосю? Вядома, не толькі маіх дзяцей. Абходчык Качановіч таксама сваіх дзяўчатак пашле і яшчэ хто-небудзь...

У той жа дзень дзядзька сказаў пляменніку пра сваю гаворку з Рэвутам. Тады і Уладзік успомніў:

— А ў мяне Пракаповіч пытаўся.

Праз які тыдзень пасля гэтай гаворкі прыйшлі ў леснічоўку Рэвут з Качановічам, закурылі дзядзькавага мультану, пагаварылі пра надвор’е: хапіліся раннія замаразкі, учора ўжо вучыліся лятаць белыя мухі. Пасля Качановіч і кажа:

— Мы хацелі з панам настаўнікам пагаварыць. У нас такі інтэрас... Пасылаць дзяцей у Стоўбцы, наймаць там ім кватэру не выпадае. Хадзіць жа зімою за блізкі свет...

Пагадзіліся на тым, што Кастусь бярэцца займацца з вучнямі ўсю зіму, гэта значыць пяць месяцаў. У школу будуць хадзіць шэсць хлопцаў і тры дзяўчынкі, усе яны з бліжэйшых вёсак. За фатыгу настаўніку з кожнага вучня бацькі будуць плаціць па тры рублі ў месяц. Ну, а каб кожны са шкаляроў не дарэмна еў хлеб і марна не пераводзіў бацькавы грошы, няхай пане настаўнік мае добрую лінейку, а калі што — накажа дадому...

— Нічога, я думаю, і без гэтага абыдземся,— усміхнуўся Кастусь.

Прайшло яшчэ колькі дзён. Дзядзька Антось з Пракаповічам агледзелі печ і дубэльты на другой палавіне леснічоўкі, павыносілі бочкі з гуркамі і капустай. Потым пабялілі святліцу. Маці з дзяўчатамі добра вышаравалі падлогу. Засталося паставіць доўгі стол і дзве лавы. Тут пастараўся дзядзька Антось, памагаў яму сталярыць сам настаўнік. Выштукавалі сталярку дай божа! Можа, іх мэбля выйшла крыху грувасткая, але затое была трывалая і моцная.

У той дзень, калі меліся першы раз прыйсці ў новую школу вучні, Кастусь апрануўся па-святочнаму. 3 самага ранку ён думаў пра тое, як прывітае сваіх вучняў, што скажа ім на пачатку вучобы. Цяпер жа не ў казённай школе, бацюшка не будзе перад заняткамі служыць малебен, інспектар не прыедзе правяраць, як ён вучыць. Тут ён сам — поўны і поўнаўладны гаспадар. Сёння ўрачысты дзень і для вучняў і, можа, яшчэ больш для настаўніка. Кастусь палюбіў настаўніцкую службу, не мог уявіць свайго жыцця без школы, вучняў і кніг.

Вось і надышла тая радасная і ўрачыстая хвіля, калі настаўнік увайшоў у святліцу, дзе яго чакалі дзеці. Яшчэ на хаду Кастусь вачыма падлічыў, колькі іх сабралася. Чатыры на адной лаве, пяць на другой.

Кастусь прайшоў на сваё месца, прывітаўся з дзецьмі і ўважліва акінуў іх позіркам. Трое дзябёлых хлапцоў, ім ужо гадоў па пятнаццаць-шаснаццаць, а двое зусім малеча, не больш васьмі-дзевяці год. Усе пазіраюць насцярожана.

Кастусь загаварыў спакойна і ласкава:

— Дарагія дзеці, вы прыйшлі вучыцца. Школа наша, як вы бачыце самі, невялікая, і вучняў у ёй будзе не так многа. Вы павінны навучыцца чытаць і пісаць, а таксама навучыцца думаць. Не бойцеся задаваць мне пытанні. Агульнымі сіламі мы будзем старацца адказаць на іх. Пытайцеся ў старэйшых, пабольш чытайце. Гэта пашырыць вашыя веды, вы будзеце ведаць, што робіцца на свеце.

Усе слухалі ўважліва. Рыжаваты дзяцюк нешта хацеў сказаць суседу, але той штурхнуў яго локцем пад бок: «Ціха!»