— Падбіты лось твая работа?
— Дальбог, паночку, не!
— Чакайце, чакайце! — прыгразіў Абрыцкі.— Ты і твой вельмі разумны браценік мяне папомніце...
Расказаў Уладзік дома пра гэту размову.
— Не зважай от,— махнуў рукой дзядзька Антось.— Дрэнчыць яго нейкая трасца...
Восенню ў лясніцтве не прыйшлі да пэўнага скутку адносна лася. Цяпер Абрыцкі зноў падварушыў гэтую справу, заявіў Рачкоўскаму, што ў яго ёсць дакладныя звесткі, чыіх рук гэта работа. Праўда, прозвішча вінаватага ён не назваў, але леснікі ўжо здагадваліся, каго ён мае на ўвазе.
Стары панскі служака Уладзіслаў Абрыцкі цвёрда вырашыў прагнаць Уладзю. Да гэтага ён рыхтаваўся старанна і ўмела. Многае залежала ад обер-аб’ездчыка Юзіка Арцюшэўскага. Трэба было яму ўбіць у галаву, што Міцкевіч кепска выконвае свае абавязкі, не даражыць службаю. Нібыта ён не аднаго лася ўлажыў, а што да сарнаў, то тым і ліку няма...
Хітраму старому воўку Абрыцкаму лёгка ўдалося настроіць Арцюшэўскага супраць Уладзіка. Праўда, той і сам быў крыху вінаваты. Неяк пайшоў Уладзя ў абход і, як на тое вяло, не ўзяў з сабою трубы. А тут адкуль ні вазьміся тройчы затрубіў у рог старшы, выклікае да сябе. У такім выпадку лесніку трэба падаць голас сваёй трубой і спяшацца на панскі кліч. Уладзіку нічога не заставалася рабіць, як загалёкаць на ўвесь лес:
— Чую! Чую! Іду, паночку!
Кінуўся ён напярэсцігі, а снег глыбокі ў кустах, правальваешся па пояс. Пакуль выйшаў на дарогу, рог чуваць ужо з другога боку, недзе каля Задвор’я. Кінуўся туды, упрэла спіна, твар заліло потам. За хвойнікам, каля вёскі, чакаюць яго конна Арцюшэўскі з Абрыцкім.
— Ты чаму, галгане, не адказваеш на мой сігнал? — накінуўся обер.
— Труба сапсавалася, паночку! — не знайшоў што іншае сказаць Уладзік.— Бляхару аддаў паправіць.
Нічога яны не адказалі, адразу пагарцавалі ў леснічоўку. Уладзік, змораны і збянтэжаны, паплёўся за імі ззаду.
Абрыцкі ўскочыў у хату і закрычаў:
— Дзе труба?!
У хаце ляжаў на палку хворы дзядзька Антось. Ён спрасонку адказаў:
— Вунь, на сцяне, паночку...
Абрыцкі схапіў трубу, кінуўся да Уладзіка і пачаў тыцкаць той трубою яму ў грудзі:
— Хлусіш, хаме. Ты ніколі, галгане, праўды не кажаш!..
Цяпер Абрыцкаму заставалася ўламаць бліжэйшага Уладзікавага суседа — лесніка Ігната Лёсіка, які меў пасаду ў Арцюхах. Разлік аб’ездчыка быў і просты, і хітры.
Ігнат Лёсік даводзіцца Уладзіку Міцкевічу дзядзькам, ён малодшы брат яго маці. Трэба прымусіць Ігната пасведчыць, што Уладзік падстрэліў лася. Толькі тады ляснічы паверыць. Ігнат спачатку нават і не даваўся гаварыць. Тады аб’ездчык змяніў тактыку і пайшоў на такі крок:
— А ці ведаеш ты, чалавеча, што твой пляменнічак сказаў мне, што гэта дзядзька Ігнась параніў лася?
— Што? Што Уладзік сказаў? — затрапятаўся збянтэжаны ляснік.— Не, няпраўда! Я не страляў!
Але па тым, як Ігнат Лёсік аднекваўся, хваляваўся і паводзіў сябе ў тую хвіліну, Абрыцкаму стала ясна, што гэта ён спрабаваў забіць лася. Цяпер аб’ездчык насядаў на арцюхоўскага лесніка смела і настойліва. Той быў у яго руках.
— Выбірай адно з двух: або ты пасведчыш, што гэта Міцкевіч вінаваты, або я сам скажу ляснічаму, хто гаспадарыць у княжацкім лесе... Выбірай!
Праз дні тры ў Акінчыцы паклікалі Уладзіка. У сенцах лясніцтва стаялі ўжо леснікі Лёсік і Ліхтаровіч. Уладзік здагадаўся, што рыхтуецца расправа над ім, але якая кара чакае яго, ён яшчэ не ведаў.
Паклікалі Ігната, а праз хвілін дзесяць — Уладзю. За сталом блішчала лысіна ляснічага, тут жа тупаў яго намеснік пан Гедрыновіч. Справа ад стала ляснічага пераступалі з нагі на нагу Арцюшэўскі з Абрыцкім, каля іх, панурыўшы галаву, стаяў Ігнат.
— Хто падстрэліў лася? — падняў лысіну Рачкоўскі.
— Не ведаю! — зрабіў крок да стала Уладзік.— Я не страляў...
— А што ты скажаш? — звярнуўся Гедрыновіч да Ігната.
Лёсік маўчаў, апусціўшы галаву.
— Гавары, не бойся! — насядаў на Ігната Абрыцкі.— Гавары тое, што ты нам нядаўна казаў...
— Ну! — падняўся за-за стала Рачкоўскі.
— Ён! — ціха прамовіў Ігнат і паказаў пальцам на Уладзіка.
— Дзядзька Ігнась, што вы гаворыце? — закрычаў Уладзік.— Як вы можаце браць такі грэх на сваю душу? Перад богам клянуся!..
Але ніхто яго не слухаў. Стаяў Уладзік, як аглушаны, і ніяк не мог прыйсці да памяці. Гэта ж падумаць толькі! Свой чалавек, а якую напасць узводзіць. Божа літасцівы!
Так дзядзька Ігнась дапамог Абрыцкаму выжыць Уладзіка са службы. Прызначэнне ў Смалярню атрымаў Ліхтаровіч, а Міцкевічам хоць з моста ў рэчку. Асабліва перажываў Кастусь. Яму думалася, што гэта бяда прыйшла ў хату толькі праз яго.