Выбрать главу

Усе старэйшыя ў леснічоўцы хадзілі, як прыбітыя. Адзін толькі дзядзька Антось не разгубіўся, запрог каня і паехаў у Нясвіж. Вярнуўся ён толькі назаўтра пад вечар. Цераз знаёмых падпанкаў, што служылі пры замку, яму ўдалося выстарацца ўзяць у арэнду княжацкую карчму ў Мікалаеўшчыне, а таксама зямлю і сенажаці пры ёй.

— Ну, то і добра! — сказала маці.— Няхай бог крые і бароніць выслухоўваць больш крыкі Абрыцкага ці якога іншага чорта.

Неўзабаве Ліхтаровіч заняў тую палавіну, дзе была Кастусёва школа. Самі ж Міцкевічы не маглі яшчэ перабрацца на новае месца: Моўша сядзеў у карчме. Праўда, ён абяцаў праз які тыдзень рушыць у дарогу.

Неспадзяваныя падзеі прыскорылі заканчэнне навучальнага года ў Смалярні. Але праца Кастуся не прапала марна: тры вучні тым летам здалі ў Стоўбцах настаўніку Бормату экзамен за народнае вучылішча...

КАРЧМА

— У каторы раз пярэбары,— наракала маці.— Вось каб быў кавалачак свае зямліцы, то не ганялі б, як Марку па пекле... Можа, і кепска зрабілі, што тады не аселі ў Смальгаўку. Ужо даўно і хату агоралі б там, абжыліся, прывыклі неяк і жылі... А цяпер?

— От, Ганна, на плач вельмі,— суцяшаў кабету дзядзька Антось.— Нам яшчэ пашэнціла. Што мы рабілі б, ты мне скажы, калі б не выязджаў Моўша? А так мы жывем! Абрыцкаму кланяцца не трэба. Зямля добрая. Праўда, раскідана там і сям. Не забывайся і на тое, што можна кусок зямлі выкупіць. Толькі перш нагледзім, дзе лепш, і пачнем з восені ўносіць задатак, а там лесу купім, хату паставім...

— Ты як выведзеш, Антоська, дык выходзіць — добра, што нас выгналі са Смалярні і мы пераязджаем у Мікалаеўшчыну?

— Вядома, добра! — не здаваўся дзядзька.— Рана ці позна, а прыйшлося б кідаць Уладзіку сабачую службу... Крыўдна, што свой чалавек не памагае табе, а топіць цябе. Не чакаў я такога ад Ігнася, але няхай бог будзе яму суддзя... Можа, гэта якраз на шчасце выкіроўваецца... Пажывем гадоў колькі ў карчме, а там за сваю хату возьмемся.

Пераязджалі ў самае разводдзе. Шчасце, што лясная дарога праз Арцюхі не была раз’езджана. Прыехала мікалаеўская радня, падахвоціўся і будучы сусед Юзік Белы, але ўсё роўна за адзін раз на пяці падводах усё не забралі. Здаецца, не так і многа таго скарбу ў хаце, але як пачынаеш укладваць на воз, дык збіраецца ўсякага ламачча. Салома і сена ў гумне, бульба ў варывеньцы, сані пад паветкаю, пустыя кадушкі, бочкі і дзежачкі, варштат у сенцах — усё гэтае і многае іншае начынне засталося ў Смалярні.

У самым пачатку Казённай вуліцы, пры Нёмане, на высокім каменным падмурку здавён-даўна стаяла карчма. Была гэта вялікая будыніна: тры акны пазіралі на вуліцу, тры ўглядаліся ў Нёман, тры выходзілі на шырокі падворак, адкуль быў заезд у стадолу, дзе падарожныя людзі ставілі коней.

Пры карчме здаваліся ў арэнду княжацкія пусткі — зямля і сенажаці ў Русаковічах, Смольні, Пажарніцы, Будах. Моўша наймаў парабка, які абрабляў зямлю, а сенажаці прадаваў мікалаеўцам. За зямлю і сенажаці ён і наскрабаў сотню рублёў, якія плаціў за арэнду. Ён лічыў гэта нявыгадным заработкам і вясною 1907 года кінуў наседжаны кут і падаўся да сыноў, за акіян.

Карчма даўно была без догляду і рамонту. Сцены пакрывіліся, падаконнікі павыгнівалі, столь закурана. У пярэдняй земляная падлога з ямінамі; у пакоях, дзе жыў Моўша з сям’ёю, нібыта паслана падлога. Дошкі пассыхаліся, дзе пагнілі — усюды дзіркі і гразь...

Цэлы тыдзень дзень у дзень кіпела ў карчме работа. Усё мылі, шаравалі, бялілі — добра, што вада блізка: Нёман падыходзіў ледзь не да самага парога. Вокны насцеж — няхай выветрываецца хата, выходзіць кіслы дух. Дома завіхаліся маці і дзяўчаты. Дзядзька Антось, Уладзік і Кастусь таксама не сядзелі склаўшы рукі. Мужчыны перавезлі са Смалярні рэшту свайго дабра, а потым узяліся за плуг і сявеньку.

Пераезд са Смалярні ў карчму, хатнія клопаты выбілі Кастуся на нейкі час з творчай каляіны. Можа, з месяц ці нават больш не браўся ён за пяро: то настрою няма, то часу, то прыйдзе Уладзік Сальвэсяў — таксама звольнены настаўнік — і цягне да знаёмых хлопцаў.

У вёсцы па-ранейшаму была свая «панская» зборня. Пакуль не прыехалі на летнія канікулы мясцовыя настаўнікі, верхаводзіў там дзяк Жыжэйка. Высокага росту, хударлявы з твару, зімою і ўлетку ён хадзіў у нейкай чорнай апранасе з доўгімі фалдамі. Добры піяка і забіяка, востры на слова, дзяк вычвараў такое, што ніяк не стасавалася з яго духоўным званнем.

У Жыжэйкі нічога не было святога. Мікалаеўцы доўга расказвалі, як ён аднойчы ноччу пайшоў трэсці чужыя кашы-бучы, расстаўленыя ў Пастаўніковай луцэ. Дзяк натрос рыбы, але ўрэшце праваліўся ў палонку і ледзь-ледзь выбраўся з яе. Пакуль ускочыў у хату, увесь абледзянеў. Назаўтра — было гэта ў нядзелю зранку — прыходзіць да яго царкоўны стараста і пытаецца, ці не пара званіць.