— Ані дзвэнк! — падняў галаву з падушкі Жыжэйка.— Як бог да мяне — так і я да бога!
Дзяк меў свой гармонік і хвацка іграў на ім. У нядзелю ці якое свята ён гармонік у рукі — і пайшоў па вуліцы. Схіліць галаву набок, рэжа наўдалую, аж мяхі трашчаць, сам падпявае, а часам яшчэ і прытанцоўвае. За ім з крыкам і смехам валіць цэлая чарада дзяцей, але дзяк-гарманіст не зважае на іх.
Быў у яго грамавы бас. Як пачне чытаць «Апостала», дык, здаецца, царква разваліцца. Бывала, збяруцца дамоў настаўнікі перад вялікаднем, сядзяць дзе-небудзь на ганку на дзесятым двары, а дзяку наказваюць:
— Ты ж, братко, чытай на ўсяночнай так, каб і мы чулі...
За яго паводзіны, выгляд, голас і дзікі рогат поп Красоўскі празваў Жыжэйку Мефістофелем.
Як толькі Міцкевічы пераехалі ў карчму, на трэці дзень прыцягнуўся да іх «пад мухай» дзяк. Ён прыйшоў знаёміцца з Кастусём і прасіцца на кватэру. Пад сакрэтам сказаў настаўніку, што таксама піша вершы, але не мае часу пасылаць іх у газеты. Каб пераканаць Кастуся, дастаў з кішэні лісток і прачытаў:
Самовар на столе кипит,
Пришел Скоробогатый чай пить...
Ні ладу, ні складу не было ў дзяковым «вершы». Прыйшлося далікатна выправадзіць яго з хаты. На развітанне Жыжэйка з крыўдай сказаў:
— Я да вас з добрым сэрцам. Думаў, на кватэру возьмеце, а потым, можа, і сваяком стану. Вунь да той,— паказаў дзяк на Міхаліну,— мог бы хоць заўтра сватоў паслаць...
Пачуўшы гэта, дзяўчына пырснула са смеху і выбегла ў бакоўку. Ну і было ў той вечар жартаў і смеху! Дасталося беднай Міхаліне, дый Жыжэйку, відаць, не адзін раз ікнулася...
ГІБКАЯ КЛАДКА
Даўно ў карчме не шынкарылі, сам Моўша з жонкай недзе ў Лібаве чакаў свае чаргі, каб сесці на параход, а мікалаеўцы па даўняй звычцы ў суботу ці нядзелю збіраліся на лаўцы каля хаты, дзе пасяліліся Міцкевічы-Альбуцкія.
Так называлі ў вёсцы Кастусёвых бацькоў у адрозненне ад іншых Міцкевічаў — Геравых, Чыжыкавых, Сотнікавых. Трэба сказаць, што ў Мікалаеўшчыне многа было Міцкевічаў, траха не чвэрць сяла...
Так ужо здаўна павялося, што карчма ў вёсцы — гэта месца ўсіх зборышчаў, ігрышчаў і сходак. Тут заўсёды ў святы дзень, а часам і ў будні збіраліся мужчыны пакурыць, пагаманіць, абмеркаваць навіны. Тут канторшчыкі наймалі мікалаеўскіх плытнікаў гнаць плыты, тут пілі барыш, сюды ішлі жанкі шукаць сваіх гаспадароў-пустадомкаў. Хочаш ведаць вясковыя навіны ці знаць, што дзеецца на свеце,— ідзі ў карчму. Там усё пачуеш, усё пабачыш...
Спачатку, як толькі перабраліся ў карчму, дзядзька Антось хацеў раскідаць лаўку. Рагочуць, галёкаюць пад вокнамі, не даюць спаць, а потым махнуў рукою.
Збяруцца мужчыны, кураць, гамоняць пра тое ды сёе, успамінаюць, як ашуквалі Моўшу і выцыганьвалі ў яго кватэрку гарэлкі.
Як хто, а Кастусь быў рады, што каля карчмы па-ранейшаму збіраюцца мікалаеўцы. Па-першае, разам з дзядзькамі ідуць у карчму і мясцовыя настаўнікі, якія з’ехаліся ў родную вёску на лета. I нікому гэта вельмі не кідаецца ў вока. Па-другое, настаўнікам не трэба збіраць людзей, каб пагаварыць з імі. Хіба Сымон Самахвал, які ідзе праведаць сябра, можа прайсці міма мікалаеўцаў? Ён раскажа, чаму цар другую Думу разагнаў, што было ў вёсцы Сетча Ігуменскага павета, куды вядзе Расію Сталыпін, хто такія чарнасоценцы...
Сымон умее гаварыць: дзе жартам, дзе ўсур’ёз. I анекдот раскажа. Гаворыць так, што да яго не вельмі прычэпішся, калі б тут апынуўся і той, каго настаўнікам трэба асцерагацца. Кастусь падыдзе, і гаворка ідзе весялей і жвавей. Карусю Семяняку ці Андроцкаму Казіміру або каму іншаму цікава паслухаць настаўнікаў. У іх можна смела пытацца, хто такія сацыялісты і чаго яны дабіваюцца, што такое канстытуцыя. Калі людзі тут свае, то Кастусь і верш свой прачытае:
Канстытуцыю далі,
Адчынілі дзверы,
I... ў астрог нас павялі,
I таўкуць без меры...
Настаўнікам тады, летам 1907 года, здавалася, што вось-вось зноў падымецца на ногі ўся Расія, толькі трэба адкрыць народу вочы, расказаць праўду... Энергіі і смеласці ў іх хапала. Днём пісалі пад капірку лістоўкі і звароты, а ноччу разносілі па бліжэйшых вёсках. Кастусь з Сымонам складалі лістоўкі самі, заклікалі сялян не плаціць падаткі, а плытнікаў і рабочых-лесарубаў не выходзіць на працу, пакуль ім не павялічаць плату. Пракламацыі, якія траплялі ў Мікалаеўшчыну з Мінска і іншых гарадоў, настаўнікі старанна перапісвалі і пускалі ў людзі бунтаваць Наднямонне.