Ураднік і два стражнікі цікавалі за настаўнікамі, сачылі за іх кожным крокам, вынюхвалі, што тыя гавораць і робяць. Яны здагадваліся, што настаўнікі не толькі падбухторваюць сялян сваімі гаворкамі, але і лістоўкі супраць цара і начальства — справа іхніх рук. Але паспрабуй дакажы, калі ні аднаго не ўдалося злавіць, як ён іх расклейваў, пісаў або нёс пры сабе. У той жа час віна іх была відавочная: зімою лістовак не было і повідам, з’яўляліся яны ў чэрвені, калі з’ехаліся ў вёску настаўнікі. Супадзенне невыпадковае! Але даносы мясцовай варажбіткі Магдалены Варэйчыхі, якая тайком перапрадае гарэлку, да справы не падшыеш.
Стражнікі пачалі асабліва ўважліва сачыць за былой карчмою. Хлопцы тады перабраліся ў гумно да Уладзіка Сальвэсевага, ажно на Стаўлецкую вуліцу.
Гумно стаяла далёка ад хаты і ўпіралася ў палеткі, а за палеткамі крыху збоку — Канцывалокі, а далей Залесее. Хлопцы зрабілі патайны выхад-падкоп пад сцяной гумна і засыпалі яго сечкаю. Калі што якое, дзверы не трэба адчыняць, а проста шусь у яму, разгроб сечку і пасмаліў на Залессе. Сальвэсь паставіў у гумне бочку бураковага квасу. Хлопцам добра смагу прагнаць, і ёсць прычына хадзіць у гумно.
Стражнікі заўважылі, што настаўнікі перасталі збірацца ў карчме. Адзін з іх неяк перапыніў малую Маню і пытаецца:
— Дзе ваш Косцік падзеўся?
— Паехаў з дзядзькам Антосем сена касіць,— адказала дзяўчына так, як яе навучылі старэйшыя.
Вечарам Маня расказала брату пра стражніка.
— Эх, каб падпільнаваў каторага ў лесе і дзеўбануў дручком між вушэй,— сказаў ні то жартам, ні то ўсур’ёз Кастусь.
Праз тыдзень той самы стражнік зноў тыц нос у карчму.
— Ты чаго да нас ходзіш? — строга падступіла да яго Маня.— Брат казаў, што падпільнуе цябе ў лесе і калом рэбры палічыць...
— Хе-хе-хе! — засмяяўся стражнік.— Я табе цукерак прынёс... Скажы ты мне, якія песні ведаеш?
— «Марсільянку» ведаю...
— А як яна пачынаецца?
— Як? Я зараз успомню,— адказала малая і зацягнула:
Раве ды стогне Днепр шырокі...
— А яшчэ?
— Яшчэ ведаю такую песню:
Развялося стражнікаў,
Як якой жывёлы,
Ад іх плёшак і шнуроў
Чырванеюць сёлы...
Ну і было крыку і смеху ў хаце, калі Маня пахвалілася, як яна другі раз гаварыла са стражнікам! Малая ў плач, а Кастусь прытуліў яе і пацалаваў у лоб:
— Мая тыя сястрычка! Малайчына! Так ім, сабакам, і трэба. Добра секанула!.. А больш хаця нічога не казала? Не? Ну, то і добра!..
Аднак стражнікі высачылі месца, дзе збіраюцца настаўнікі. Неяк хлопцы прыйшлі ў хату паснедаць, толькі селі за стол, як убягае Сальвэсь:
— Стражнікі каля Замка ўжо! Ідуць сюды.
Настаўнікі шуснулі хуценька на агарод, а адтуль заламалі ў каноплі, і толькі іх бачылі... Стражнікі доўга трэслі ў гумне салому, перакідвалі з месца на месца дзяружкі, забралі з сабою некалькі кніг. Але Уладзіка Сальвэсевага неўзабаве ўсё ж такі арыштавалі і павезлі ў Мінск.
Кастусь з Сымонам яшчэ доўга хаваліся то ў склепе Скарабагатых на Дворнай вуліцы, то ў Паласенскім лесе, то на сенажаці. Потым Сымон атрымаў прызначэнне і паехаў на службу. Сталі раз’язджацца і астатнія настаўнікі. Неўзабаве давялося і Кастусю збірацца ў дарогу: прыйшло прадпісанне 12 жніўня 1907 года з’явіцца ў Мінск на следства па справе настаўніцкага з’езда. Хацеў спачатку не ехаць, хоць у позве і была прыпіска: «У выпадку няяўкі вы будзеце арыштаваны і дастаўлены па этапу». Маці разважыла па-свойму:
— Сыночак, гордага і непакорнага нават бог з неба спіхае... А хавацца — кладка гібкая... Калі б хацелі арыштаваць, то падпільнавалі б і забралі б, як Уладзіка. А калі самі клічуць, то трэба ехаць...
«АСАДЗІ НАЗАД!»
— Каб адкрыць рэдакцыю, многа не трэба. Калі маеш дванаццаць унцый маладога энтузіязму, а яшчэ кватэру ў горадзе, свой прымус, чайнік, дзве шклянкі і адміністратара, дык гэта лёгка зрабіць. Праўда, забыўся яшчэ сказаць, што адміністратар павінен быць сакратаром, сторажам і кухарам. А ў дадатак трэба, каб яго кармілі і адзявалі бацькі ці жонка, бо ў нас няма грошай яму плаціць,— весела рагатаў, тлумачачы некаму ўмовы працы ў беларускай газеце, яе рэдактар Аляксандр Мікітавіч Уласаў.
Перагародка дашчаная, толькі заклеена аблезлымі шпалерамі, і Кастусю ўсё добра чуваць.
Пайшоў вось ужо трэці месяц, як ён цягне цяжкае рэдакцыйнае ярмо. На яго плячах многа клопату, уся асноўная чарнавая работа. Ён габлюе шурпатыя і сукаватыя вершы, ператрасае і правіць артыкулы і апавяданні, скарачае іх, калі трэба, перакладае. У яго абавязкі ўваходзяць яшчэ і пісьмы: найбольш цікавыя выбраць для газеты, а на астатнія даць адказ. Усяе платы за гэта — абед у таннай сталоўцы, гарбата, што ўвесь дзень грэецца на прымусе, і надзея трапіць на вучобу ў Кракаўскі ўніверсітэт. У рэдакцыі Кастусь не толькі днюе, але і начуе. У прамым і пераносным сэнсе. Праўда, увечары ён яшчэ ходзіць даваць прыватныя ўрокі, каб зарабіць якую капейку. Але на сваю долю не наракае: цераз нумар-другі ў газеце друкуюцца яго вершы і апавяданні. Цяпер ён сам прыдумляе новыя псеўданімы — Лесавік, Ганна Груд, Агарак, Пятрусь Дзягіль, каб не так кідалася ў вочы, што часта друкуецца Якуб Колас...